парк, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Участак з прыроднымі ці штучнымі насаджэннямі, дарожкамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку. Парк маўчаў у перадвосеньскім зняменні, нават птушкі не гаманілі ў пабурэлым, але яшчэ густым лісці дрэў. Дуброўскі.
2. ‑а. Месца стаянкі і рамонту транспартных сродкаў. Трамвайны парк. Аўтобусны парк. □ Звініць на прыпынку апошні трамвай ля вакзала. — У парк адыходзіць, — кандуктарка ветла сказала. Вялюгін.
3. ‑у. Сукупнасць рухомага саставу чыгуначнага, аўтамабільнага і іншых відаў транспарту. А цяпер увесь .. парк — дваццаць трактараў, два камбайны, дзесяць жняярак... Сіўцоў. У танкавым парку, угледзеўшы новыя машыны, якіх да гэтага яшчэ ні разу не бачыў, Максім аж уздыхнуў ад хвалявання і нясцерпнай прагі падысці, пакратаць іх. Грамовіч.
•••
Заалагічны парк (сад) — навукова-асветная ўстанова, у якой трымаюць у клетках, вальерах ці на вялікіх пляцоўках дзікіх жывёл для дэманстрацыі іх і вывучэння.
[Англ. park.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)