Масол, масёл, масолак ’косць’, ’голая косць’ (Бяльк., Растарг., Ян.; хоц., Мат. Маг.; ветк., добр., б.-каш., Мат. Гом.), (перан.) ’рука’ (жытк., Мат. Гом.), масалы́га ’костка, масол’ (Грыг., Бяльк.), масалы́кнуць ’ударыць’ (лід., Сцяшк. Сл.). Рус. мосол, мосла́, мосла́к ’костка сцягна’, ’круглая абгрызеная галоўка косці’, ’сустаў крыла’, ст.-рус. мосолъ ’тоўстая каравячая косць’, мослокъ ’вяртлюг’, мостолыга ’вялікая косць’ (XVII ст.). Паходзяць з тур. musluq ’кран’, ’трубачка ў cacyдах’ (Баскакаў, Тюрк. элем., 258). Яшчэ раней Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 191), Мацэнаўэр (LF, 10, 333) прапанавалі ў якасці крыніцы запазычання тур. maslak, muslak ’кран бочкі’, пасля, аднак, Міклашыч адхіліў гэту гіпотэзу. Прычынай з’явіліся дадатковыя значэнні ў вытворнага дзеяслова мосо́лить, у прыватнасці ’дакучаць’. Баскакаў (там жа) размяжоўвае рус. лексемы мосол, мосолыга на дзве: ’проська’ і ’косць’. Першая звязана з мянушкай рускіх прасолаў, перакупнікаў палоцен, асновай для якой з’яўляецца цюрк. mäsül ’прошанае’, ’просьба’, ’прадмет просьбы’. З гэтага ўтварылася і бел. масталыга ’прыдзірала, буркун’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кле́ваць ’ледзь дыхаць, трапятацца, быць слабым’ (Жыв. сл., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.). Параўн. кляваць (гл.). Літ. klevoti ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 486). Лаўчутэ (Балтизмы, 67) таксама дапускае балтыйскі ўплыў, але не прыводзіць вышэй адзначанай літоўскай формы. Прыклады з дысертацыі Вяржбоўскага, на якія робіць спасылку аўтар, семантычна і фармальна далёкія. Трубачоў (Эт. сл., ІО, 28) адносіць беларускія формы да праславянскай лексікі *klevati/*klevili (). Аднак балгарскія і македонскія паралелі, якія ён прыводзіць, семантычна вельмі далёкія, за выключэннем макед. sä kli > vamмучыцца’. Больш блізкімі семантычна, але з рэканструкцыяй *kleviti sę (там жа, 18) здаюцца паралелі чэш. klevili se ’гнуцца, курчыцца’, славац. kťavieť ’калець, дубець’, якія, магчыма, да літ. kliauti̯ ’гнуць’, лат. klaut пахіляць’. Сумненні выклікае геаграфія беларускіх слоў, якія не маюць украінскіх і рускіх паралелей, а калі прыняць паралелі чэшскія і славацкія, дзіўным здаецца, што апошнія таксама не маюць паралелей сярод іншых заходнеславянскіх моў. Такая рэдкая эксклюзіўная беларуска-чэшска-славацкая ізалекса, калі яе дапусціць, павінна атрымаць спецыфічнае тлумачэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́нне (труньне) ‘скрутак чаго-небудзь бруднага (з адзення)’ (Касп.), рус. дыял. тру́нье, труньё зборн. ‘рыззё, лахманы’, трун, трунь ‘ануча, старое парванае адзенне’, кашуб. trȯn: v trȯn, v trȯnë ‘ў шматкі, на кавалкі (падраны)’, славен. дыял. trun ‘кавалак, крышка’, серб. тру̂н ‘крыха, крышка, саломінка’, збори. тру̂ње ‘крышкі, парушынкі’, харв. trûn, trȕn ‘кавалачак, трошкі, каліва’, што выводзяць з прасл. *trunъ ‘штосьці парванае, пакрышанае, расцёртае’, якое тлумачаць як дэрыват з суф. *‑nъ ад прасл. *truti, *trovǫ ‘церці, здрабняць’ (Варбат, Морфон., 142; Варбат, SLW, 157; Куркіна, Диал. структура, 151) або ўзводзяць непасрэдна да *terti ‘церці’ (Фасмер, 4, 109; Скок, 3, 512; Глухак, 641). Крытычна адносна прапанаванага Ваянам (Зб. Аванесаву, 56) вывядзення серб.-харв. trûn ‘саломінка’ з *truxnъ > *trunъ (гл. труха) Варбат (SLW, 156). Роднасць рускіх слоў з літ. tráunyti ‘церці’, trūnys ‘гніллё’, trūnė̑siai ‘рыззё, лахманы, анучы’, trunė́ti ‘гніць’, лат. trunêt ‘тс’, truni ‘гніллё’ (Буга, РФВ, 75, 150) падвяргае сумненню Фасмер (4, 109), іначай — Борысь (SEK, 5, 174).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахо́та ’ахвота, жаданне’ (Цыхун, Бел. фраз., 101), ’ахвота’, ’паляванне’ (Бяльк., Юрч., Ян, КСТ), ахочы ’ахвочы’ (КТС), ст.-бел. охотный, ѡхочи, укр. охота ’ахвота, весялосць’, охочий ’ахвотны, згодны’, рус. охота ’ахвота; паляванне’, охотный, охочий ’ахвочы’, польск. ochota ’ахвота; радасць, весялосць’, ochoczy ’ахвотны, вясёлы’ (з усходнеславянскіх моў, Грабец, Elementy, 102), славац. ochota, чэш. ochota. Звычайна звязваюць з *xotěti ’хацець’, параўн. Бернекер, 399; Фасмер, 3, 176 (з літар.); нельга адрываць ад ахвота ’жаданне’, фармальныя разыходжанні з якім тлумачацца фанетычна (гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст., параўн. таксама паралельныя палескія формы хвотно//хотно ’весела’, хвойка//хойка ’хвошч’, хвіст//хіст ’тычка’ (КСТ); Якабсон, Word, 2, 615 (рус. охвота < охота), або ўплывам іншых слоў, параўн. Карскі, 1, 339 (хватаць). Значэнне ’паляванне’, відаць, пад уплывам рус. охота, табуістычнага ўтварэння ад хотеть, гл. Зяленін, Табу, 1, 125 і наст.; Трубачоў, Дополн., 3, 176; іншы прынцып намінацыі ў беларускіх (часткова рускіх) назвах: паляванне ад поле, палешня (Касп.) ад лес, арэал распаўсюджання якіх Непакупны (Baltistica, III (1), 1967, 79) акрэслівае як прымыкаючы да балтыйскай і фінскай тэрыторый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аце́ц ’бацька, татка’ (Бяльк., Шн., Хрэст. дыял., Яшкін, Бел. мова, 145), ’бацька; зварот дзяцей да бацькі’ (Ян.), оцец (ocieć) (Маш.), ацецкі: «людзі чэсныя, сыны ацецкія» (з песні, Рам. 8, 163), ст.-бел. отецъ (часам «отец рожоный» ’родны бацька’ ў адрозненне ад «отца духовного», параўн. Булахаў, З жыцця, 6), укр. отець, рус. отец, польск. ojciec, славац., чэш. otec, в.-луж. wótc, wóćec, н.-луж. wóść, славен. oče, серб.-харв. о̀тац, р. скл. о̀ца, макед. отец (уст.), балг. оте́ц (уст.), ст.-слав. отьць. Прасл. otьcь з otьkъ, вытворнага ад otъ ’бацька’, якое ўзнаўляецца на падставе ст.-рус., ц.-слав. отьнь ’бацькаў, бацькоўскі’ і рускіх дыялектных форм, параўн. отька, атёк, а́тка ’бацька’ (гл. Шарапава, УЗ МОГТИ, 193, 323 і наст.); грэч. ἄττα ’бацька’, лац. atta, гоц. atta, алб. at, ірл. aite ’апякун, выхавацель’, хец. attaš ’бацька’ і інш. Паходзіць з дзіцячай мовы, як і іншыя тэрміны роднасці, параўн. маці. Гл. Фасмер, 3, 170; Трубачоў, История терм., 25 і наст. Сучаснай беларускай літаратурнай мове слова невядома, аднак сустракаецца ў народных песнях; у дыялектнай мове — русізм або царкоўнаславянізм, параўн. Яшкін, Бел. мова, 145. Гл. айцец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расе́я ’Расія, Вялікаросія’ (Байк. і Некр.); сюды ж Расейшчына ’тс’, расе́йскі ’расійскі, рускі’ (Байк. і Некр.), росе́йка ’прыежджая з Расіі’ (ТС). Параўн. рус. дыял. Росе́я, сіб. росе́ец, росе́йцы ’людзі, прышлыя з цэнтральнай Расіі’. Магчыма, запазычана з рускіх дыялектаў, а не праз пісьмовыя крыніцы, бо ў апошніх амаль не сустракаецца, не выключае і самастойнае ўтварэнне. Не нясе абражальнай семантыкі. Лічылася на Русі першасным, “народным” словам у адрозненні ад штучнай назвы Расія (Россия), што распаўсюджваецца ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю непасрэдна пад уплывам грэч. Ρως, Ρωσσία ў асяроддзі, дзе валодалі грэчаскай мовай, з патрыяршай канцылярыі ў Канстанцінопалі (Фасмер, 3, 505). Чаргаванне е/і, імаверна, залежыла ад націску і адпавядала фанетычнаму чаргаванню, пазней знікламу, параўн. Еўла́мпіяЛампе́я, рус. ли́лиябел. ліле́я, падобна, як Індыяіндзеец, маглі ўтварыцца асабовыя формы Расіярасе́ец, расе́йка; параўн. таксама варажы́цьварожэ́я, варажэ́йка, падары́цьпадарэ́йка ’жабрак’ і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 36, 37). Пэўнай мадэллю маглі паслужыць жаночыя імёны тыпу Саламея, Пелагея, Надзея, суадносныя з мужчынскімі імёнамі на ‑ей, накшталт Цімафей, Аляксей. Гл. падрабязней Кур’ян, Роднае слова, 2005, 4, 24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рамо́нак ’расліна з кветкамі з белымі пялёсткамі і жоўтай сярэдзінай’, ’кветка гэтай расліны’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Гл. рамо́н ’расліна Matricaria chamomilla L.’ і шматлікія трансфармацыі: рамо́нька, раму́ль, рымо́нак (Сл. ПЗБ), руме́нка (Стан.), ромо́н, ро́ма́н, ромо́нок, рамёнок (ТС), румя́нок, румне́нок (Сл. Брэс.). Параўн. укр. рома́н, роме́н, румʼя́нок ’рамонак’, рус. дыял. раме́н, роме́н, рома́нник ’тс’, польск. rumianek ’тс’ (але romanek ’малачай’), чэш. rmen ’рамонак’, славац. ruman, rumanček ’тс’, славен. rmȃn, roman ’тысячалістнік, Achillea millefolium L.’, серб. ра̏менак, ра̀ман ’рамонак’, харв. román, ráman, балг. рамо́н, макед. рамон. Прынятая этымалогія ад лац. Anthemis rōmāna, Chamaemēlum rōmānum з непасрэднай перадачай у кожнай з моў другой часткі лацінскай назвы без адэкватнай перадачы значэння ’рымская трава’, параўн. да гэтага ням. römische Kamille, што даслоўна ’рымскі рамонак’. Зыходнай назвай для семантычнай кандэнсацыі магла быць назва тыпу рус. романова трава ці няправільнае рамонова трава ’рамонак’, што фіксуецца ў рускіх аптэкарскіх даведніках (з 1782 г.). Іншыя змяненні ў карнявой марфеме могуць быць выкліканы падабенствам з румяны, што ў шэрагу славянскіх моў азначае ’жоўты’, напрыклад, славен. rumen ’жоўты’, альбо звужэннем о, як польск. rumianek. Гл. Фасмер, 3, 500 (мяркуе пра польскае пасярэдніцтва для ўсходнеславянскіх назваў), БЕР, 6, 178; Бязлай, 3, 187.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́скі ’які мае адносіны да Русі, Расіі’, ’які мае адносіны да рускіх’ (ТСБМ), старое ’у Беларусі хрысціянін усходняга абраду’, ’украінец’ (Стан.), рускій, руській ’рускі’ (Бяльк.), ст.-бел. руський (1440 г.), рускии ’тс’ (Карскі, 1, 199), сюды ж ру́скі ме́сяц ’пра нешта вельмі доўгае ў часе’ (ТС), ру́ськый мі́сяць, ру́ськый рык ’цэлы, біты, добры месяц, год’ (Клім.), ру́скі по́яс (rúski pojis) ’вузкая і доўгая тканіна’ (Варл.). Прыметнік вядомы ўсім славянскім мовам у сучасным значэнні, параўн. аднак польск. ruski ’усходнеславянскі’, ст.-слав. русьскъ (у адносінах да князя Святаполка, гл. ESJSt, 13, 784). Часцей за ўсё звязваюць са ст.-фін. азначэннем германскага племені *Rōtsi ’варагі, шведы, што нападалі на фінскія землі’, сучаснае фін. Ruotsi ’Швецыя’, што ідэнтыфікуецца з першай часткай ст.-ісл. róþsmenn або róþskarlar ’грабцы, мараходы’. Ст.-ісл. Rróþsmenn або Róþskarlar у сваю чаргу паходзяць са швед. Roslagen — назвы ўзбярэжжа Упланда. У якасці аналагічных выпадкаў перанясення назвы заваёўнікаў на заваяванае насельніцтва прыводзяцца франкі (Францыя), нарманы (Нармандыя), навагрэкі (Φωμιοί) лангабарды (Ламбардыя), балгары (Фасмер, 3, 522; з разглядам версій — ESJSt, 13, 783–785; Трубачоў, Слав. языкозн., XII, 23). Значэнне ’надта доўгі’, параўн. і польск. ruski miesiąc, мажліва адлюстроўвае разыходжанні і ў сістэме мер Вялікага княства Літоўскага, параўн. Скурат., Меры, 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

магчы́, магу, можаш, можа; пр. мог, магла, магло; незак., пераважна з інф.

1. Быць у стане, мець дастаткова сілы выканаць што‑н. Маці, маці!.. Вобраз твой пранясу я ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць, бачыць сонца, чуць людскія галасы. Ермаловіч. [Сяргей] .. прахапіўся і больш ужо заснуць не мог. Шахавец. // Мець магчымасць што‑н. зрабіць, рабіць. За яго [роднае слова] паміралі і гіблі, Каб на здзекі і глум не аддаць, Каб маглі сёння песні і гімны Пра шчаслівую долю складаць! Гілевіч. // Быць здольным здзейсніць што‑н. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу натрапіць. Крапіва.

2. Мець права, абавязак. [Сухадольскі:] Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Гусаковіча мы не можам прыняць. Крапіва.

3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога‑н. дзеяння. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. [Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»] не маглі б з’явіцца ў маладой беларускай літаратуры, каб не было творчасці вялікіх рускіх паэтаў Жукоўскага, Пушкіна і Лермантава. Лойка.

•••

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Не можа быць! — вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.

Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Накол ’рог хусткі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), наклы́ ’па вуглах’ (там жа), рус. пск. накло́ ’мыс берага, каса’, ’неглыбокае месца, парослае трыснягом’ (СРНГ), польск. Nakło (тапонім), чэш. náklí ’зараслі маладой вярбы’, nákel ’вільготнае месца з вярбовымі ’зараслямі’, náklo ’месца каля ракі’, славен. Naklo (тапонім, гл. Бязлай, Eseji, 163), серб.-харв. на̑кла ’глыбокае месца ў рацэ’, nákla прысл. ’дадолу, на зямлю’ (Šimunović, Olesch. Čak.-deut. Lexikon, 3, 538). На падставе наяўных матэрыялаў можна рэканструяваць у якасці зыходнай формы прасл. *nakъlъ, *nakъlo ’выступ’, прыставачнае ўтварэнне з прэфіксам na‑, параўн. сінанімічнае да яго *zakъlo (гл. за́кла), ад асновы kъlъ ’зуб, клык, малады парастак’, якая ўзыходзіць да *kolti ’калоць’, гл. Брукнер, 354; Махэк₁, 317; Скок, 2, 500; спецыяльна гл. Варбат, Этимология–1972, 49–53. Для шэрагу вучоных аснова і першаснае значэнне слова застаюцца няяснымі (Махэк₂, 388; Бязлай, 2, 213). Ондруш звязвае з балг.-макед. натлак ’нанос’ і праз стадыю пераходу ‑tьl > ‑tl‑ > ‑kl‑ спрабуе звесці да ‑tьlo (Slavica Slovaca, 16, 1981, 3, 230–235). Гл. таксама: Борысь, Onomastica Jugoslavica, 11, 1984, 1–9. Наяўнасць беларускіх і рускіх форм пярэчыць сцвярджэнню Налепы пра выключна заходнеславянска-паўднёваславянскі характар слова, на якім грунтуюцца далёка ідучыя этнагенетычныя вывады, параўн. Nalepa J. Słowiańszczyzna północno-zachodnia. Podstawy jedności і jej rozpad. Poznań, 1968, 70–72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)