цані́ць, цаню, цэніш, цаніць; незак., каго-што.

1. Вызначаць грашовы кошт тавару, назначаць цану. Колькі вы цэніце гэты дыван?

2. Даваць ацэнку; ацэньваць. — Цаніць ты маеш права І недруга і друга Па іх сапраўдных справах, Па іх жывых заслугах. Глебка. — Камуніста мы цэнім па рабоце. Алешка. // Лічыць значным, важным, каштоўным; прызнаваць высокія якасці каго‑, чаго‑н. Практыка даўно навучыла .. [Апейку] цаніць канкрэтнасць, дзелавую дакладнасць у кожнай гаворцы. Мележ. Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. // Даражыць чым‑н., шанаваць што‑н. Цаніць час. □ Марынка, як многія прыгожыя дзяўчаты, не пазбаўленыя хлапечай увагі, не надта цаніла чужое пачуццё. Шыцік. Праўду кажуць людзі, што волю цэніш тады, калі страціш яе. Машара. Тамара Аляксандраўна Кажура .. усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Манту́ліць ’прыкінуцца бедным, каб пажывіцца’ (Нас.), манту́лы ’ласункі, прысмакі’ (слаўг., Нар. словатв.), ’хаўтурны абед’, ’гасціна з прычыны якога-небудзь свята’, ’дармавая выпіўка’, ’палескія дранікі’, ’бліны і памінальныя стравы’, ’выгоды жыцця, лёгкія даходы’ (Нас. Сб.; паўд.-усх., КЭС), ’хлеб і іншыя харчы, сабраныя для духавенства’ (там жа), манту́лік ’сырнік’ (лоеў., Мат. Гом.), манту́льнік, манту́лка ’мужчына і жанчына, якія любяць жыць за чужы кошт’ (Нас.). Укр. мантули ’ахвяраванні, сабраныя для каляднікаў ці жабракоў’, гуц. ’пірагі з кукурузнай мукі з сырам’, манту́лки ’салодкія падарункі, баранкі, прывозімыя з кірмашу’, манту́лити ’выпрошваць падачкі’; рус. варон. манту́лить ’карміцца рэшткамі з панскага стала’, мантульник, мантульница ’той, хто корміцца рэшткамі з панскага стала’, ’хто напрошваецца да іншых на абеды, у госці’. Усходнеславянскае. Утварэнне з суфіксам ‑ул‑, якое не мае нейкага аднаго адпаведніка ў іншай мове. Утварылася ў выніку кантамінацыі; у ім перакрыжавалася некалькі першасных балтыйскіх і усх.-слав. (бел.) лексем. Так значэнне ’ласункі, слодыч’ звязваецца праз лексему ламту́ты (гл.) з літ. lemtùtas ’дабрачыннасць і інш.’, значэнне ’дармовыя частаванні, лёгкія даходы’ можна экстрагаваць з літ. mantà ’багацце’, mantas ’выгода, карысць’, mantáuti ’старацца нажыцца’ і бел. мантачыць ’выпрошваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.

1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.

2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.

3. Разм. Ужываецца як лаянка.

[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Про́ці ’супраць’ (ТСБМ, Ян., ТС), ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.), ’у прысутнасці’, ’насуперак’, ’напярэдадні’ (Сл. ПЗБ), ’наперад’ (Ян.), проціў ’тс’ (Нас., Шат., ТС), ’напярэдадні’ (ТС), праці́ ’супраць’ (Стан.). Рус. про́тив, дыял. про́ти, проть ’насупраць, насустрач’, укр. про́ти, про́тив ’супраць, перад; насустрач’, ст.-рус. противъ, противу, ст.-слав. противъ ’супраць’, польск. przeciw, дыял. proci, чэш. proti, protiv, славац. proti, в.-луж. přećiwo, н.-луж. pśeśiwo ’супраць’, серб.-харв. про̏тӣв ’супраць, насупраць’, славен. prọ̑ti ’насустрач’, próti ’ў напрамку да’; protivo (прысл.), балг. проти́в ’супраць, насупраць’. Прасл. *proti, таксама *protivъ, што было ўтворана як прыметнік ад *proti, *protivǫ; апошняе з’яўлялася В. скл. адз. л. назоўніка ж. р. protiva, якое захавалася толькі ў чэш. protiva ’праціўны чалавек’. Бліжэйшыя адпаведнікі прасл. *proti (*preti) у лат. pretī, pretiem ’насустрач, супраць’, pret ’проці, перад; да, у параўнанні з’, ст.-інд. práti ’супраць’, лац. pretiumкошт, цана’, гл. Фасмер, 3, 382–383, з літ-рай. Інакш Копечны (ESSJ, 1, 226), які ўслед за Зубатым (Studie, 2, 50) зыходнай формай лічыць *protiva наз. ж. р., з якога потым развіліся прыметнікавыя формы *protivǫ, што ў выніку скарачэння далі *proti, таму што і.-е. *proti павінна было б даць у славянскіх мовах *protь. Махэк₂ (48, 3) канцавое i ў *proti тлумачыць падаўжэннем ‑ь, “каб слова мела належны аб’ём”.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. асядаць — асесці (у 1 знач.).

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. асадзіць ​1 (у 1 знач.).

3. Спец. Глыбіня апускання судна ў ваду. Карабель з глыбокай асадкай. Няпоўны асадка.

4. Спец. У кавальскай справе — ковачная аперацыя, пры якой павялічваецца таўшчыня загатоўкі за кошт яе вышыні.

5. Тое, што і асада ​2 (у 2 і 3 знач.). На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Колас. // Драўляная частка якога‑н. інструмента, прылады, якая з’яўляецца дзяржаннем металічнай або якой‑н. іншай часткі. Асадка долата. □ Дзед Трыфан любіў буслоў, як любіў ён і галубоў, для якіх спецыяльна на гарышчы хаты ставіў асадкі старых рашотаў, і птушкі ў іх вілі гнёзды. Сабаленка. // Пісьмовая прылада — палачка, у якую ўстаўляецца пяро; тое, што і ручка (у 3 знач.). А тым часам галоўнае было ўсё ўперадзе: дастаць аркуш паперы для кантракта, асадку, чарніла, пяро. Колас. Прывычным вокам Варанецкі агледзеў іх, прывычным жэстам узяў асадку і падпісаў некалькі паперак. Скрыган. А ў рабочым пакоі ляжала асадка і пачаты ліст да маскоўскага сябра. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харч, ‑у, м.

1. Тое, што спажываюць, чым жывяцца. — Мама! Ну што ты кажаш? — дакорліва сказала Даша і хуценька пачала збіраць харч у дарогу. Асіпенка. З харчам было неяк прасцей. Бульба ў хаце ўсё-такі не зводзілася. Навуменка. // Прыгатаваная страва. — Гэй, хлопцы! Пад’ём! — гукнуў Мікола. — Харч прыехаў! Даніленка. // звычайна мн. (харчы́, о́ў). Прыпасы ежы. [Цыпручыха:] — У яго ж ні капейкі няма з сабою, а харчоў узяў усяго на два дні. Бядуля. — Нешта змізарнеў ты тут, сынку, на гарадскіх харчах. Шчарбатаў.

2. Корм для жывёлы. [Дзед:] — Малако ж вы любіце, дык павінны клапаціцца і пра харч каровам на зіму. Рылько.

3. Тое, што і харчаванне (у 3 знач.). Посны харч. □ [Астап:] — Я спытаць цябе хачу: чаму гэта ты схуднеў так? Ці гэта ад харчу? Лынькоў.

4. перан. Тое, што з’яўляецца крыніцай роздуму, разважанняў. [Шыковіч:] — Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Шамякін.

•••

На сваіх харчах — харчавацца за свой кошт.

На харчах святога Антонія — недаядаючы. галадаючы.

Харчы пераводзіць — а) спажываць ежу, якая не ідзе на карысць; б) марна траціць сродкі на што‑н.

[Араб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрэ́цца, ‑стрэнуся, ‑стрэнешся, ‑стрэнецца; зак.

1. Рухаючыся з розных бакоў, сысціся з кім‑н.; трапіцца каму‑н. насустрач. [Аўгіні] прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Вус. Колас. Па дарозе .. [Сяргею] сустрэліся толькі дзве жанчыны з поўнымі вёдрамі вады. Шахавец. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Той пялёстак мы шукалі — Кажуць, шчасце ён прыносіць. Ды сустрэцца нам рукамі Ненарокам давялося. Жычка. // Трапіцца, аказацца на шляху. Па дарозе сустрэўся ручаёк. // Паглядзець адзін аднаму ў вочы, абмяняцца позіркамі. Андрэй сустрэўся з Паддубным вачыма, і яны адзін аднаму злёгку кіўнулі. Пестрак. Міхаліна цярпліва чакала. Нарэшце Эдвард падняў галаву, позіркі іх сустрэліся. Пальчэўскі. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці; напаткаць у рабоце, жыцці, назіраннях і пад. Марына сустрэлася з жыццём твар у твар. Васілевіч. Прыём выстаўляць сябе дабрадзеем не новы для тых, хто жыве за кошт мускулаў і поту працоўных. З гэтым у ЗША можна сустрэцца на кожным кроку. Філімонаў.

2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; спаткацца з кім‑н. [Аня:] — Давай, як скончыцца вайна, сустрэнемся ў нашай школе. Ляўданскі. Госці хочуць сустрэцца з .. [рабочымі] ўвечары. Карпаў. Ля крыніцы З маладзіцай Я сустрэўся на зары. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Правёўшы падлік, вылічэнне, вызначыць размер, колькасць чаго‑н. Разлічыць кошт будаўніцтва. Разлічыць выдаткі. □ [Сініцкі:] — Як мага больш сеяць раілі партызаны, бо ў той час вельмі цяжка было разлічыць, колькі і як удасца пасеяць наступнай вясной. Залескі. // Зрабіць тэхнічны або матэматычны разлік чаго‑н. Разлічыць канструкцыю. □ «Набат» нечакана зноў пачаў адхіляцца ўбок ад той крывой, якую разлічылі электронныя машыны. Шыцік. // на каго-што (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Прызначыць, зрабіць прыгодным, годным для каго‑, чаго‑н. Кніга разлічана на спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Стадыён разлічаны на тры тысячы месц. □ Усё тыя ж густыя акацыі [у Пінску], нібы ў Адэсе.. Той жа трывалы і гладкі тарцовы брук, разлічаны на доўгія гады. В. Вольскі.

2. і без дап. Прадугледзець усё неабходнае для дасягнення жаданага выніку. Аднак жа .. [Мішурын] не разлічыў сваіх сіл і к канцу другога дня пачаў адчуваць вялікую стомленасць. Чорны. // Прыйсці да вываду, вызначыць, рашыць. Петрык разлічыў правільна. Як толькі ён скончыў чытаць, усе загаманілі: — Вось які бацька ў Петрыка. Жычка.

3. Выдаць зарплату. Калгаснікаў разлічылі за летнія месяцы. // Выдаўшы запрацаваныя грошы, звольніць. [Артур:] — Мяне разлічылі з завода ў Рызе хутка пасля твайго арышту. Гартны.

4. Правесці разлік у страі.

5. на што, для чаго (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Зрабіць што‑н. для таго, каб выклікаць пэўную рэакцыю, вынікі. Кожны .. рух [Стэфкі], кожны смяшок, кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цена́

1. цана́, -ны́ ж.; (стоимость) кошт, -ту м.;

цена́ произво́дства цана́ вытво́рчасці;

опто́вая цена́ апто́вая цана́;

твёрдая цена́ цвёрдая цана́;

заготови́тельная цена́ нарыхто́ўчая цана́;

прода́жная цена́ прада́жная цана́;

быть в цене́ быць у цане́;

повыша́ться в цене́ павыша́цца у цане́;

повыше́ние (рост) цен павышэ́нне (рост) цэн;

сниже́ние цен зніжэ́нне цэн;

назна́чить це́ну вы́значыць цану́;

колеба́ние цен хіста́нне цэн;

2. перен. цана́, -ны́ ж., кашто́ўнасць, -ці ж., ва́ртасць, -ці ж.;

цена́ дру́жбы цана́ (кашто́ўнасць) дру́жбы;

в цене́ у цане́;

кра́сная цена́ найбо́льшая цана́, уся́ цана́;

грош цена́ грош цана́;

дорого́й цено́й дараго́й цано́й;

знать це́ну (кому-, чему-л.) ве́даць цану́ (каму-, чаму-небудзь);

любо́й цено́й любо́й цано́й;

цено́й жи́зни цано́й жыцця́;

цены́ нет цаны́ няма́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

е́сці, ем, ясі, есць; ядзім, ясце, ядуць; пр. еў, ела; заг. еш; незак., каго-што.

1. і без дап. Прымаць ежу, перажоўваючы яе і глытаючы. Есці булку з маслам. Хацець есці. □ Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў. // Ужываць у якасці ежы, для ежы. Не есці мяснога. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. Прыказка. // Харчавацца. Прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі, — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса з гаспадаром елі. Якімовіч.

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясл.). Ежа, харч. Варыць есці. □ Нясе жонка [аратаму] есці Цэлы спарышок. Купала.

3. Кусаць, грызці (пра насякомых, грызуноў). Моль есць футра. □ Ядуць вас мухі з камарамі. З нар.

4. Раз’ядаць, разбураць хімічна. Іржа на вышках есць парог. Купала. // Раздражняць, раз’ядаць (пра дым). Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва. Пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

5. перан. Разм. Не даваць спакою, мучыць; грызці (пра сумленне, боль і пад.). Магло здавацца, што .. [Стафанковіча] есць з сярэдзіны нейкі боль. Чорны. Згрызае, есць яго нуда. Адзін ён тут у волкім змроку. Колас.

6. перан. Разм. Даймаць каго‑н. сваркамі, папрокамі, назаляць, не даваць спакою. Адразу пачаў гаварыць Апанас Сегень пра адвечную вясковую песню: за кавалак гнілой вяроўкі ўвесь век ядуць адно аднаго. Чорны.

•••

Дарэмна хлеб есці — гультаяваць, не прыносіць ніякай карысці.

Есці вачамі — пільна ўглядацца, не адводзячы позірку; упівацца вачамі.

Есці не просіць гл. прасіць.

Есці просяць гл. прасіць.

Есці чужы хлеб — жыць за чый‑н. кошт, знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

Есць чарвяк каго гл. чарвяк.

Еш не хачу — усякай яды ўволю, з лішкам.

Мала кашы еў (з’еў) — яшчэ малады, нявопытны, каб брацца за сур’ёзную справу.

Пасаліўшы, есці можна — пра што‑н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці — бесперастанку мучыць папрокамі.

Хлеб есці з чаго — мець карысць, даход з якога‑н. занятку.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)