го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калы́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць. Маці дзяўчынкі .. падышла да калыскі, падвешанай да столі. Шахавец. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль.

2. перан. Месца, дзе што‑н. узнікла і атрымала развіццё. Навагрудак і Навагрудчына сталі калыскай генія вялікага польскага паэта [А. Міцкевіча]. Лойка. Вось ён, Пецярбург! .. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Гартны.

3. Вісячы памост для падымання на вышыню рабочых, будаўнічых матэрыялаў і інш., а таксама для работы на вышыні. Вунь высока пад дахам ў хісткіх калысках Аздабляюць фасады майстры-маляры... Звонак.

•••

Ад (з) калыскі — змалку, з дзіцячых гадоў. Ад калыскі да магілы Выціскалі сокі, Кроў пілі, цягнулі жылы Каты-крывасмокі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крышы́ць, крышу́, кры́шыш, кры́шыць; незак.

1. што. Наразаць дробнымі кавалкамі. Крышыць сала. Крышыць цыбулю. □ Анежка, якая стаяла каля стала і крышыла капусту, разгубілася так, што выпусціла нож з рук. Броўка. // Расціраць, раздрабняць на невялікія часткі, ператвараць у крошкі. Крышыць хлеб курам.

2. каго-што. Разм. Ламаць, руйнаваць, разбіваць на часткі. Крышыць, ломіць вецер І платы і стрэхі. Купала. Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак. // Забіваць, нішчыць. Як пайшлі глушыць І мячом крышыць, — Парадзелі раці. Пушча. // перан. Ліквідаваць, разбураць. Рабочы клас пачаў ламаць і крышыць устоі старога свету. «ЛіМ».

3. Разм. Накідваць крошак дзе‑н. Не крышы на падлогу.

4. што. Разм. Выклікаць боль у касцях; ламаць. Прастуда ломіць, крышыць косці.

•••

Крышыць на капусту — сячы на дробныя часткі (мячом, шабляй і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакале́нне, ‑я, н.

1. Сваякі адной ступені роднасці ў адносінах да агульнага продка. У Аляксееўцы так ужо вялося спакон веку: дадуць каму мянушку — лічы на ўсё жыццё, а то і на другое ці трэцяе пакаленне пяройдзе. Пальчэўскі. [Дзед:] — У нашым родзе сем пакаленняў займалася дрэсіроўкай птушак, паляваннем. Беразняк. // Патомства. — А ведаеш, дзядзька, у тваіх сыноў народзіцца слаўнае пакаленне. Не падобнае на нас. Чорны.

2. Людзі блізкага ўзросту, якія жывуць у адзін час. Маладое пакаленне. □ Калі ж стане маё пакаленне сівым, — мы тады маладым гэты сцяг аддадзім. А. Вольскі. К мэце, што вызначыў Ленін, Вашыя сцежкі ляглі, Веку майго пакаленне, Камуністычнае племя, — Моцная соль зямлі! Звонак. // Сукупнасць людзей з аднолькавымі інтарэсамі, поглядамі. Пакаленне рэвалюцыянераў. □ Ён, Камлюк, не належаў да пакалення старых бальшавікоў. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сыпаць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.

1. што. Сыплючы, вытрасці што‑н. адкуль‑н. Высыпаць збожжа з мяшкоў. □ Пасвечваючы ліхтарыкам, дзядзька высыпаў грошы на сена і пачаў лічыць. Скрыпка. [Вулька] абярнула чыгунок і, абпальваючы далонькі,.. высыпала з яго вугаль і попел. Лынькоў.

2. што. Услаць што‑н. чым‑н. сыпкім; насыпаць. Высыпаць сцежку пяском. □ [Дзядзька:] — Такую, брат, дарогу паднялі, жарсцвяком высыпалі, шаша другая таго не дакажа. Ермаловіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.) без дап. Разм. Выйсці, выбегчы ў мностве. Спыніўся тралейбус, і ўсе пасажыры высыпалі на вуліцу. Грамовіч. За ракой на роўнядзь поплаву густа высыпалі з лесу лыжнікі. Асіпенка. // што і без дап. З’явіцца, выступіць на паверхні ў вялікай колькасці. На цёмным небасхіле Высыпала ноч мільёны зор. Звонак. За гады вайны на лугах высыпаў густы хмызняк. Дуброўскі.

высыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да вы́сыпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыдба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і чаго. Набыць, займець што‑н.; нажыць. [Алесь] трымаў каня і цешыўся з таго, што прыдбаў уласную гаспадарку, прыдбаў яе, столькі выцерпеўшы і вызнаўшы. Адамчык. У хаце іх было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі. Шамякін. У часе вайны загінула ўся дзядзькава сям’я. Новай ён не прыдбаў... Сачанка.

2. што і чаго. Атрымаць што‑н., авалодаць чым‑н. Прыдбаць вопыт. Прыдбаць пашану. □ Цягаў ён [бацька] гліну, цэглу і каменне, Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць. Звонак. Цяпер прыдбалі лепшай славы жыццём адноўленым Паставы: народ сваёй паставіў працай патомкам і сабе палацы! Дубоўка. Рыбак з гэтага самага Івана не вельмі што, за ўсё сваё жыццё ён, можа, і злавіў паўдзесятка шчупакоў, але ўсё ж славу сабе прыдбаў шырокую і ведаюць аб ім многія. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запаве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які па-асабліваму цэніцца, старанна аберагаецца. На зямлі куточак запаветны, Родны ўтульны матчын агародчык... Кляўко. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. // Патаемны, вядомы не ўсім. Каля непрыкметных Сцежак запаветных Раніцай вясковай Я знайшоў падкову. Танк. // Дарагі для каго‑н., задушэўны. У .. [Ермакова] тады жыла запаветная мара — стаць лётчыкам. Мележ. // Жаданы, доўгачаканы. Якуб.. прыйшоў у атрад з вінтоўкай, якую ён сам раздабыў і збярог да гэтага запаветнага часу. Брыль.

2. Атрыманы ў спадчыну ад мінулых пакаленняў; старадаўні. Запаветныя песні. □ Серадзібор можа нават пахваліцца, што там ніхто не замыкае дзвярэй нанач.. Так гэты запаветны звычай пачаў вяртацца і пасля вайны. Пестрак. // Казачны, легендарны. Усё жыццё шукаў мой дзед прыгонны Ад шчасця запаветныя ключы. Звонак.

3. Звязаны з запаветам, наказам, тайнай умовай. [Ганна Сяргееўна] аб многім хацела сказаць людзям, каб не забыцца, і дзецям запаветнае слова сказаць, калі з ёю што здарыцца. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паплаво́к 1, ‑паўка, м.

1. Частка вуды, якая ўтрымлівае лёску з кручком у час лову на патрэбнай глыбіні. Складаецца.. [вуда] з вудзільна, лескі, паводка, паплаўка, груза і кручка. Матрунёнак. Рыба не клявала, і круглы чырвоны паплавок нерухома ляжаў на вадзе. Чыгрынаў. // Прыстасаванне да рыбалоўнай сеткі, якое трымае яе на пэўнай глыбіні. Грымяць лябёдкі — і за бортам сетка, І рабізной на хвалях — паплаўкі. Звонак.

2. Надзьмуты паветрам прагумаваны мех, які выкарыстоўваюць як апору пры тэрміновым навядзенні мастоў, паромаў. Сапёры павялі.. пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. Шыпяць паплаўкі, выходзіць з іх паветра, і ўсё ніжэй і ніжэй нахіляецца плыт. Лынькоў.

3. Прыстасаванне для ўзлёту і пасадкі гідрасамалётаў.

4. Спец. Асноўная частка некаторых прылад. Паплавок карбюратара.

паплаво́к 2, ‑лаўка, м.

Тое, што і паплавец. Перад самаю вёскаю вол забаставаў: звярнуў з дарогі на паплавок. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сінь, ‑і, ж.

1. Сіні колер. Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі. Звонак. Не абняць, не змераць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Вочы ў мяне Не згубілі яшчэ сваю сінь. Танк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра неба, мора, паветра). З аднаго боку — шырачэзная марская сінь, з другога — неаглядныя прасторы Калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Каб толькі там, дзе ясені Вартуюць сінь высокую, Не чуць, як хтосьці ў засені Заве любоў далёкую. Гілевіч. // Сіні туман, смуга. Вочы яе блукалі па абшары і нічога, апрача мутнаватай сіні, не бачылі. Бядуля. Па мокрай сенажаці.. [Гэлька] ішла ціхімі крокамі, шукаючы вачыма ў туманнай сіні якую-небудзь будыніну. Чарот. // Пра вечар, ранак. Сінь за акном пагусцела, дрэвы згорбіліся. Шашкоў. Развіталіся яны на золку, калі сінь за акном парадзела. Карпаў.

2. У горнай справе — назва некаторых руд, якія маюць сіні колер. Медная сінь. Жалезная сінь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў славу або варты славы; славуты. Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. Айчына наша, Родны край Саветаў, Нашчадкаў гордых Слаўная зямля. Хведаровіч. У калгасе нашым Янка — Слаўны баяніст, Камсамолец працавіты, — Добры трактарыст. Журба. Дзень добры, Беларусь, Народная дзяржава, Зямля руплівых рук, Радзіма слаўных спраў! Звонак. Вітаю, як прыход вясны, Дзень слаўнай гадавіны! Смагаровіч. // Які праславіўся чым‑н. Яны [людзі] на арбітах сусветных Слаўны жыццём без багатых і бедных. Куляшоў.

2. Які выклікае прыхільнасць; сімпатычны, харошы. І доўга потым мы ўспаміналі зычлівую ўсмешку гэтага слаўнага хлопца. Лынькоў. [Міхайлаў:] — І гэтая душа, багатая і слаўная, іншы раз хаваецца пад самым сціплым абліччам. Карпаў.

3. Разм. Які дае задавальненне; прыемны, добры. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Бялевіч. Князь калісьці ўпадабаў Слаўную мясціну, Замак тут пабудаваў У падарунак сыну. Гілевіч.

•••

Славен бубен за гарамі — невядомае заўсёды здаецца добрым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)