Норт ’цячэнне; паглыбленне, вір на павароце ракі’ (Сл. ПЗБ), ’паўвостраў, які ўтварае рака, мяняючы напрамак свайго цячэння’ (карэл., З нар. сл.), ’неглыбокае месца ў рэчцы, дно якога ў карчах’ (навагр., Нар. лекс.), ’спакойная частка ракі ў вілейскіх плытагонаў’ (JP, 64, 31), ’калена ў рацэ’ (астрав., ул. інф.), ’фарватар ракі; месца, якое агібае рака’ (гродз., Яшк.), ну́орт ’глыбокае месца на павароце ракі’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нуртъ ’цячэнне’ (1603). Запазычанне з польск. nort, nurt ’цячэнне, стрыжань, быстрак у рацэ’, дыял. nort, nord, nórt ’куток, канец, край, узлесак’, ст.-польск. nurt, nurta ’яма, пячора і пад.’ (Булыка, Лекс. запазыч., 138; Бяднарчук, JP, 64, 31–32), пра што сведчыць у першую чаргу лінгвагеаграфія. Аднак славен. Nart, Narte ’назвы правалаў’, якія Бязлай звязвае з польск. nort, што суадносіцца з літ. nàrtas ’кут, вугал’ (Бязлай, 2, 215), дае падставы лічыць беларускія словы даўнімі ўтварэннямі ад прасл. *nor‑ (*ner‑, *nьr), гл. нара́, пану́ры (параўн. Брукнер, 366).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кавыра́ць ’падплятаць’ (Касп.). Рус. ковырять ’тс’ утворана прэфармантам ко‑ ад вирати ’плесці лапці, сеці і да т. п.’, параўн. рус. дыял. вирать ’плясці лапці, кашолкі, сеці; падплятаць лапці; сшываць і інш.’. Такія значэнні дазваляюць тлумачыць кывіряць ’крывіць, перадражніваць’ (Бяльк.), параўн. бел. каверыць (гл.) і рус. дыял. коверить ’крывіць, перадражніваць каго-н.’, як структурную і семантычную паралель параўн. рус. дыял. шевырять ’капацца, варушыць’, шевырялка ’балбатуха’. Адносна фанетыкі (кавырацькывіраць) параўн. рус. дыял. вирать ’плесці’ і вирать ’хлусіць, маніць’, вырить ’хітраваць, мудрагеліць’, магчыма і рус. вырей ’чараўнік’. Магчыма, як прыклад суаднесенасці ы/і, можна прывесці і рус. вирвір’ і выр, вырь, вырік ’тс’, нягледзячы на заўвагу Фасмера, 1, 370, што паводле фанетыкі гэтыя словы нельга аб’ядноўваць. Адносна ы/і гл. яшчэ Шанскі, ЭИРЯ, 1972, VII, 206–207. Засведчаныя ў рус. гаворках значэнні вирать ’кідаць і пад.’, структурна і семантычна падобныя смал. каверзать ’блытаць; біць, калаціць’, кубан. ’ісці, спатыкаючыся’ дазваляюць зразумець мсцісл. кавырь ’пра парушэнне прывычнага, звычайнага ладу’ (Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламу́твір’ (Жд. 2, Жд. 3), каламута ’мул з вадой, твань’ (БРС, ТСБМ), каламуць ’тс’ (БРС, ТСБМ), каламутны (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах.; Сержп. Прымхі; Сцяшк., ТС, Федар., Яруш.). Укр. каломут, каламут, каламута ’баламута, сварка, разлад і інш.’, рус. кур., зах.-бран. (другаснае) каламут ’чалавек, які выклікае нязгоду, разлад, бязладдзе; баламут’, зах.-бран. ’разлад, бязладдзе, нязгода; сварка’, варонеж. коломутица ’блытаніна; разлад, смута’, коломутный ’непразрысты, мутны (пра ваду, крыніцу)’, польск. kołomąt ’хаос, блытаніна і інш.’, дыял. ’пляткар, баламут і інш.’, чэш. уст. kolomut, kolomuta ’змяшанне, хаос і інш.’ (Юнгман разглядае як славац., Махэк₁ не разглядае лексемы: у артыкуле «rmoutiti», для якога ўзнаўляецца kolomútiti, згадваецца чэш. дыял. cholomet, cholomot ’паршывец і інш.’), славац. kalamula, galamuta ’замяшанне, хаос’. Паўн.-слав. аддзеяслоўнае ўтварэнне, бел. каламут, відаць, зберагае першасную семантыку ’круціць, муціць’. Час утварэння, як аб гэтым сведчыць семантыка, а таксама страта прамога значэння ў шэрагу моў, магчыма, гаворыць на карысць паўн.-прасл. Аб далейшай этымалогіі гл. каламуціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

супако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.

1. Прывесці каго‑, што‑н. у стан спакою, рассеяць трывогу, непакой, хваляванне і пад. Хтосьці супакоіў .. [дзяўчат], запэўніўшы, што іхнія бацькі жывыя, а не прыехалі па паўстанак таму, што не ведалі, калі прыйдзе эшалон. Хадкевіч. [Дзед:] — Падумаеш хітрасць вялікая — касцам абед наварысты згатаваць. Было б толькі з чаго. — За гэтым не стане, — супакоіў яго Іван Іванавіч. — Выдзелім і мяса, і круп... Даніленка. Але хіба можна супакоіць матчына сэрца, калі трывожныя думкі неадчэпна лезуць у галаву. Пальчэўскі. // Прымусіць весці сябе ціха; прымусіць спыніць шум, размовы. Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла. Брыль. Тады ўсе дзяўчаты адно што гарланілі песні... Як разыдуцца, дык да раніцы іх не супакоіш. Няхай. Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.

2. Разм. Узброенай сілай уціхамірыць. Супакоіць паўстанцаў.

3. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш моцным. Супакоіць боль. Супакоіць кашаль. □ [Мірон:] — А вось, калі пачнеш [Віктар] гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Маўр. // перан. Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё, перажыванне. Супакоіць рэўнасць.

4. Прывесці ў стан спакою, нерухомасці. Спяшаемся ў казку мы з табою, Праз снежны вір ацішаны ідзём, Дзе вецер завірухі супакоіў — Утаймаваліся, заснулі нават днём. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́хта1 ’заліў’. Рус. бу́хта, укр. бу́хта. Запазычанне (у рус. мове з Пятроўcкай эпохі) з ням. Bucht ’тс’ (а гэта вытворнае ад biegen гнуць, выгібаць’, гл. падрабязна Клюге, 107). Фасмер, 1, 256; Рудніцкі, 277; Шанскі, 1, Б, 241–242. З даўнейшай літ-ры параўн. Корбут, PF, 4, 501.

Бу́хта2 ’глыбокае месца ў рацэ на самым яе павароце, вір’ (Яшкін); ’выкручаная вадой яма на дарозе, на лузе ў час разводдзя’ (Яшкін), ’шырокае і глыбокае месца на рацэ’ (Сцяшк. МГ). Наўрад ці ад бу́хта ’бухта’ (< ням. Bucht). Хутчэй трэба думаць пра сувязь з слав. дзеясловам гукапераймальнага паходжання *buxъtěti (гл. бухцець). Мабыць, таго ж паходжання і рус. дыял. (паўн.) бу́хта ’вада са снегам на паверхні лёду’, якое Фасмер, 1, 256 (услед за Кілімам) няўпэўнена выводзіць з фін. uhku. Параўн. бу́кта, бу́кча, бо́хат. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 68.

Бу́хта3 ’круг складзенага каната’. Рус. бу́хта, укр. бу́хта. Запазычанне з гал. мовы (параўн. гал. bogt ’тс’; ССРЛЯ, 1, 712; Рудніцкі, 278; Сл. ин. сл. прыводзіць bocht). Але магчыма і запазычанне з ням. Bucht ’тс’.

Бухта4 ’буркун’. Гл. бухцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круг1 ’частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш.). Укр. круг, рус. круг, ст.-рус. кругъ ’тс’, ст.-слав. крѫгъ, балг. кръг, макед. круг, серб.-харв. кру̑г, славен. krọ̑g ’тс’, польск. krąg, чэш. kruh, славац. kruh, в.-луж. kruh ’тс’. Прасл. krǫgъ у якасці бліжэйшых паралелей мае германскія лексемы: ст.-ісл. hringr ’персцень, круг, кола’, ст.-в.-ням. hring ’тс’. Менш надзейным з’яўляецца ўмбр. cringatu ’пас’ (Бернекер, 1, 626; Покарны, 936).

Круг2 ’поўная фаза месяца’ (Бяльк.). Гл. круг1.

Круг3вір, месца ў рэчцы, дзе віруе вада’ (Мат. Гом., Янк. III). Гл. круг1.

Круг4 ’збан’ (Касп.). Запазычанне праз ням. Krug ’тс’.

Круг5 ’лішай’ (Нас., Сцяшк., Мат. Гом.). Магчыма, да крух (гл.).

Круг6 ’гульня хлопцаў са снегам (качалі снежныя кругі і пускалі з гары)’ (Нар. словатв.). Гл. круг1.

Круг7 ’поўны камплект колаў для воза’ (Нар. лекс., Сцяшк., Касп.). Гл. круг1.

Круг8 ’багністае балота, якое зарасло альхой’ (ТС, Яшк.). Гл. круг5.

Круг9 ’наўкола’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Гл. круг1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbōвір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаварот ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (Сержп.), коловоротка, коловоруток, коловорыток, коловорыдка; з гаплалогіяй складу: рус. коворыдка, ковориток ’тс’. Магчыма, стары ўсх.-слав. тэрмін, ужыты для намінацыі новай культурнай рэаліі. У краінах Заходняй Еўропы калаўротак ужываецца з XVI ст., значна пазней з’яўляецца на ўсходзе (Нікіфароўскі, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Параўн. яшчэ Фалінская, II, 1, 80–83. Аб складаных шляхах пранікнення рэаліі сведчаць польск. дыял. kołowrotek francuski, niemiecki, ruski, kółek ruski, francuski. Адна к гэтыя назвы могуць быць параўнальна познімі, а наогул рэалія прыйшла з захаду, і бел. форма з непаўнагалоссем з’яўляецца новай. Але не вельмі ясна, быў тут толькі ўплыў польскай лексемы ці яе запазычанне. Наяўнасць калаварот ’кругаверць’ (Нас.), шэраг значэнняў лексемы калаўротак (гл.) дазваляюць прыняць першую версію ва ўсякім разе для шэрагу значэнняў «не самапрадка». Запазычанне кантактным шляхам (інфільтрацыю) можна сцвярджаць галоўным чынам толькі для некаторых зах.-палес. форм (Фалінская. II, 2, к. 38). Інфільтрацыя, калі яна мела месца, была з польск. літар. мовы. Польск. kołowrót у розных значэннях, у тым ліку і ў многіх тэхнічных, бел. калаваротвір’, укр. коловорот, рус. коловорот, в.-луж. kołwrot, н.-луж. kołowrot, чэш. kolovrat, славац. kolovrat, славен. kolovrat, серб.-харв. ко̏ловрат, балг. дыял. больш далёкае фармальна і семантычна коловрътник дазваляюць рэканструкцыю прасл. злучэння kolovortъ (kolo + дэрыват ад vr̥těti). Слаўскі, 2, 371–373, дзе падрабязна аб слав. значэннях і літ-ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шум 1, ‑у, м.

1. Разнастайныя гукі ад якога‑н. дзеяння, руху, галасоў і пад., якія зліваюцца ў аднастайнае гучанне. Шум прыбою. Шум матораў. Шум дажджу. Шум галасоў. □ [Надзя] любіла цішыню і шыр палявых прастораў, густы шум лесу і павольную плынь вясковага жыцця. Машара. Аўтобус. Шум. Вясёлы гоман. Матор напружана раве. Дайнека. У зале стаяў роўны шум, чуліся вясёлыя галасы і смех. Сіняўскі.

2. перан. Рух, мітусня, ажыўленне. Далей ад шуму гарадскога, Ад рэдакцыйнай мітусні! Барадулін. [Сцёпку] цягнуў вір сельскага шуму. Колас.

3. Сварка, крыкі, лаянка; гучнае вырашэнне незадавальнення. Падняўся такі шум, такі гармідар, ажно з ваколічных блізкіх вёсак прыбягалі сюды, як на пажар. Бядуля. Па натоўпу прайшоўся шум. Мележ.

4. перан. Разм. Размовы, жывое абмяркоўванне і пад., выкліканыя вялікай зацікаўленасцю каго‑, чаго‑н. [Славіку] ўсё-такі шкада пакідаць завод. Гэта яго стрымлівала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабіць вялікага шуму. Шамякін. // Шырокае апавяшчэнне чаго‑н. тайнага, вядомага нямногім. Пагаварыць з кім‑н. адзін на адзін, без шуму.

5. Спец. Гук з няяснай танальнасцю, які ўзнікае пры рабоце няспраўнага агрэгата, апарата, прыбора і пад. Шум у радыёпрыёмніку. // У медыцыне — характэрны гук, які праслухваецца ў некаторых унутраных органах пры іх паталогіі. Шумы клапанаў сэрца. Лёгачныя шумы.

6. У мовазнаўстве — гук мовы, які ўтвараецца ў поласці рота без удзелу голасу, пры праходжанні струменя паветра праз перашкоды ў моўным апараце.

•••

І не шум баравы — хоць бы што, і ўвагі не звяртаць.

шум 2, ‑у, м.

Разм. Брудны, пеністы налёт на паверхні супу і пад. пры кіпенні. // Пена (на сырадоі). Пакуль сырадой дзюрчыць у даёнку і ўздымаецца белым, салодкім шумам, .. пан стаіць за парогам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)