ве́лічны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны велічы (у 2 знач.), урачыстасці; грандыёзны. Велічная мэта. Велічны помнік. Велічная дэманстрацыя. □ Плынь ракі, як заўсёды, была спакойная і велічная. Шамякін. У натхнёным, У велічным гімне неабсяжная наша зямля. Вітка. Велічныя капры ўзвышаюцца над усім наваколлем, і толькі новая тэлевізійная вышка можа трохі раўняцца з імі. Кулакоўскі.

2. Важны, горды; поўны ўласнай годнасці. Велічная поза. □ Цётка Палашка.. кідала велічны позірк на сваіх падначаленых. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

санаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Які мае высокі чын, сан. І пад’ехаў князь той сакавіты, Серабром і золатам расшыты, Зіхаціць, як ясная зара. Бялевіч. [Валуеў] любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва, калі слухаюць санавітыя людзі. Караткевіч.

2. Паважны; важны з выгляду. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сціснутых губах абняла санавітага чалавека. Чорны. // Які ўласцівы такому чалавеку. Людзі ходзяць урачыста. У святочных строях, А з павагай, з сакавітай, — Ходзяць, як героі. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сано́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі і за мяжой — які займае высокае службовае становішча, з’яўляецца саноўнікам. Вядома: паэт вядомы Напісаў палкую оду, Чытаў яе на званым абедзе Ў прысутнасці саноўных асоб. Жычка. // Звязаны з дзейнасцю саноўнікаў, іх спосабам быцця. [Размова] была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Караткевіч.

2. Іран. Уласцівы саноўніку; важны. Саноўны стыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́шчы1 ’сапраўдны, ісцінны’ (Касп., ТС), ст.-бел. сущии ’прысутны’: сущоу емоу на пироу (Карскі 2-3, 465), suszczy ’будучы’: u wysokom tohda horode suszczy (Хроніка Быхаўца), параўн. укр. су́щий ’істотны, важны’, рус. су́щий ’існуючы, сапраўдны’. Запазычана са ст.-слав. сѫшти, дзеепрым. цяп. часу ад быти ’быць’.

Су́шчы2 ’хвароба немаўлят’: дзіця ў сушчах (віц., Нар. медыцына). Характэрная для назваў хвароб форма мн. л., што Карскі (2–3, 331) тлумачыў “множественностью признаков”; зыходная форма *сушч (ад сухі, гл., параўн. рус. сушч ’сухар, сушаная дробная рыба’) як тоўшч і пад., да словаўтварэння параўн. радашча, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

арты́кул, ‑а, м.

1. Навуковы або публіцыстычны твор невялікага памеру ў зборніку, часопісе або газеце. Газетны, публіцыстычны артыкул.

2. Асобны раздзел, параграф у розных юрыдычных дакументах. Артыкул крымінальнага кодэкса. Артыкулы дысцыплінарнага статута.

3. Раздзел фінансавага плана, каштарыс, які вызначае крыніцу даходаў або мэту расходаў. Расходны артыкул.

4. Разрад, від чаго‑н. Важны артыкул экспарту.

5. Тып вырабу, умоўнае абазначэнне тавараў. Артыкул тканіны.

[Ад лац. articulus — частка, раздзел.]

•••

Перадавы артыкул — рэдакцыйны артыкул, змешчаны на першым месцы ў газеце, часопісе, у якім асвятляюцца найважнейшыя надзённыя пытанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асно́ўны 1, ‑ая, ‑ае.

Найбольш важны, істотны, галоўны. Асноўны закон. Асноўная думка. Асноўныя сродкі вытворчасці. Асноўная задача. Асноўная спецыяльнасць. / у знач. наз. асно́ўнае, ‑ага, н. Звераў рашыўся на самае асноўнае, што магло яго выручыць. Алешка.

•••

Асноўны капітал гл. капітал.

У асноўным — у агульных, істотных рысах, у галоўным.

асно́ўны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да асновы (у 5 знач.). Асноўныя ніткі.

асно́ўны 3, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да асновы (у 8 знач.). Асноўны вокісел. Асноўная соль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асэ́сар, ‑а, м.

1. Гіст. У Старажытным Рыме, у сярэдневяковай Еўропе, у дарэвалюцыйнай Расіі і ў некаторых буржуазных дзяржавах — судовая службовая асоба, засядацель. [Няміра:] — Гэтулькі знайшлося асэсараў, як толькі паны прыйшлі, што кожнаму мы ўсёй вёскаю вінаватыя то таго, то гэтага, то за гэтае, то за тое асталіся. Чорны.

2. Разм. іран. Важны, уплывовы чалавек. [Павал:] — Ён [поп] думае, калі дачку аддаў за армейскага камандзіра, дык ужо вельмі вялікі асэсар. Чорны.

•••

Калежскі асэсар — грамадзянскі чын восьмага класа дарэвалюцыйнай Расіі.

[Лац. assessor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фінансі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Спецыяліст па вядзенню фінансавых аперацый. Рахункавод у сельскагаспадарчай арцелі — люстра, фінансіст, кантроль! «Беларусь». // Спецыяліст у галіне фінансавых навук. І здзіўляўся стары фінансіст (ён так называў сваю прафесію), нават вельмі здзіўляўся, што гэты дзіўны юнак, гэты проста сялянскі сын.. смяецца з яго прапановы. Брыль.

2. Уладальнік фінансаў, капіталаў; капіталіст, банкір. Там у гасцінай сабралася невялікая кампанія: гаспадар дома,.. яго поўная млявая жонка,.. важны госць — амерыканскі палкоўнік, а больш правільна, — амерыканскі фінансіст у форме палкоўніка. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акт, ‑а, М акце, м.

1. Разавае выяўленне чалавечай дзейнасці; учынак, падзея. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй — важны гістарычны акт. Агрэсіўны акт. Тэрарыстычны акт. □ Смельчакі, якія, зняўшы паставых, укралі Віцю.., завяршылі яшчэ адзін акт сапраўднай дружбы. Брыль.

2. Афіцыйны дакумент; пратакол, запіс аб якім‑н. юрыдычным факце. Дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй. Абвінаваўчы акт. Скласці акт. Старадаўнія акты і граматы.

3. Закончаная частка драматычнага твора або спектакля. Камедыя ў трох актах.

•••

Акты грамадзянскай стану — запісы спецыяльнымі органамі фактаў нараджэння, смерці, шлюбу і пад.

[Лац. actus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае значную вагу пры невялікім аб’ёме. Жыта стаяла, як лес, і кожны колас важкі, нібы наліты золатам. Хадкевіч.

2. перан. Важны па свайму значэнню, значны. Важкі працадзень. // Змястоўны. Вельмі скупы на эпітэты, паэт выбіраў найбольш важкія словы, якія надавалі вершу энергічнасць, вялікае сэнсавае папаўненне і пластычнасць. Шкраба.

3. перан. Пазбаўлены лёгкасці; цяжкі. Важкія крокі. □ І прыносіш ты туды, вадзіца, Важкі сум ад сэрца Кацярыны. Багдановіч.

4. перан. Пераканаўчы. Важкія довады. □ [Прафесар] нешта запісваў у свой блакнот, відаць, збіраўся сказаць сваё важкае слова. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)