падлаві́ць, ‑лаўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-што.
1. Падпільнаваўшы, злавіць, затрымаць. — Дзе вы такога бандыта падлавілі? — па-панібрацку звяртаецца [незнаёмы] да Косці і Сашкі. Карпюк.
2. перан. Знянацку застаць. Колькі разоў спрабаваў афіцэр падлавіць Мацачка, як кажуць, на месцы злачынства і пакараць, але зрабіць гэта яму ніяк не ўдавалася. Сачанка.
3. перан. Назіраючы, слухаючы, заўважыць што‑н. У тоне Міколы Віхора Карніцкі падлавіў нейкую абыякавасць, тое, чаго ён вельмі не любіў. Паслядовіч. // Злавіць на чым‑н. няўдала сказаныя, напісаныя. [Іван Сцяпанавіч:] — Вы падумалі мяне падлавіць крыху: ці няма ў казцы супярэчнасці? Дубоўка.
4. Разм. Налавіць дадаткова. [Андрэй:] — Падловіш яшчэ на вуды [рыбы], а то без дробязі і юшка не юшка. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, перамясціцца. Афіцэр перакаціўся цераз канаву і кінуўся ў хмызняк. Васілеўская. // Разм. Перавярнуцца з аднаго боку на другі. Адам Лабека глуха застагнаў і паваліўся на бок, паволі падкурчыў адну нагу, потым другую. Боль не сунімаўся. Адам Лабека перакаціўся на спіну. Паслядовіч.
2. Перамясціцца па небасхілу з аднаго месца на другое (пра сонца, месяц і пад.). Сонца перакацілася на захад.
3. Хвалепадобна распаўсюдзіцца, разнесціся (пра гукі). Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Ён узарваў спакой летняе ночы і перакаціўся рэхам у наваколлі. Чарнышэвіч.
4. Пракаціцца далей, чым трэба. Мяч перакаціўся за рысу.
5. Разм. Упаўшы, перавярнуцца, перакінуцца. Перакаціцца ад аднаго ўдару.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць скрыпучыя гукі; рыпець. Падлога скрыпіць. □ Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны. В. Вольскі. Суха скрыпіць снег пад нагамі. Пянкрат. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі. Бядуля. // чым. Рабіць скрып чым‑н. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі. Мележ. Бок балеў так, што Вісарыён скрыпеў зубамі, абмацваючы яго. Самуйлёнак. // Утвараць рэзкі гук, падобны на скрып (пра птушак). Пад ваколіцай голасна кукавалі зязюлі, паблізу, у травяністых нізоўях, скрыпелі дзеркачы. Кірэйчык. // Разм. Гаварыць рэзкім, скрыпучым голасам; бурчаць. [Жанчыны] паклікалі афіцыянтку да сябе і доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Брыль.
2. Разм. Жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы. Хворы яшчэ скрыпіць. / у перан. ужыв. Работа не ішла, а скрыпела. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паке́т, ‑а, М ‑кеце, м.
1. Папяровы пакунак, скрутак з чым‑н. У Нявіднага за пазухаю даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства. Колас. Энрыка прыносіў і клаў на стол па загаду «свайго шэфа» папкі фатаграфічных здымкаў і распалены кальян.. Тады тонкімі, зусім не мужчынскімі пальцамі афіцэр развязваў пакеты з фатаграфіямі і разглядаў іх, раскідаючы побач. Мікуліч.
2. Папяровы, поліэтыленавы і пад. мяшочак для прадуктаў. З вясёлым смехам і жартамі ўсе працягнулі рукі да пакета, бралі грушы, частаваліся. Дуброўскі.
3. Канверт з якой‑н. афіцыйна-дзелавой паперай. Сакрэты пакет. □ Камандзір палка перадаў мне пакет і загадаў адвезці яго ў штаб дывізіі. Хомчанка.
•••
Індывідуальны (перавязачны) пакет — спецыяльна ўпакаваная гатовая асептычная і антысептычная павязка для накладання на раны самім раненым або асобай, якая аказвае першую медыцынскую дапамогу.
[Фр. paquet.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адбо́й, ‑ю, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. адбіваць — адбіць (у 2 знач.) і адбівацца — адбіцца (у 2 знач.).
2. Гукавы сігнал, які апавяшчае аб заканчэнні чаго‑н. Дзяжурны афіцэр пасля адбою Абход чарговы робіць. Зарыцкі. Даў адбой гарніст, і ўсе мы Спаць паклаліся на сене. Нядзведскі. // перан. Перапынак у працы, дзеянні; спачын. Ні ўдзень, ні ўноч не ведалі адбою мы. Макаль.
3. Маркіровачны малаток. Знайшлі два пні сантыметраў па трыццаць, пабілі іх штрафным адбоем. Ермаловіч. // След, знак ад маркіровачнага малатка. [Хама Хаміч:] — Пад’едзьце, Лявон Свірыдавіч, бліжэй... Бачыце — адбою на бярвеннях няма. — Ну, адбою тут вы не знойдзеце, — спыніў яго Лявон Свірыдавіч, — гэта ж верхавіны, а адбой на камлях. Корбан.
•••
Адбою няма (не будзе) ад каго-чаго гл. няма.
Біць (даць) адбой гл. біць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак. і незак.
1. незак. Тое, што і цэліцца; цаляць. Мы за мір! А цэліць бомбай Не дазволім мы ў наш дом. Панчанка. Драпежнік цэліць бомбамі ў насціл, І леглі на вадзе крыві салдацкай меткі, Мо суджана і мне не перайсці, Але грымяць імклівыя танкеткі. Вітка. [Рымша:] — Ён [Анішчук], мусіць, толькі з ёю [Лучынінай] падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі. А кайданы ўсё мацней звінелі. І што ні крок — царкоўны перазвон. І кат ужо ў звон у гэты цэліў... Сіпакоў. // Мець намер. Машын вунь колькі калгас накупіў. У мільянеры цэліць. Даніленка. Не было як зразумець, куды цэліць афіцэр. Што ведае пра яго? Страшныя здагадкі перашкаджалі ўважліва слухаць. Асіпенка.
2. зак. Разм. Трапіць, папасці. Юркевіча запытанне цэліла ў .. самыя патайныя думкі [Юзіка]. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́касць, ‑і, ж.
1. Характэрная адзнака, істотная ўласцівасць, якая адрознівае адзін прадмет ад другога. Страявы афіцэр, капітан, гэты чалавек дзіўным чынам спалучаў у сабе многія якасці, самыя супрацьлеглыя. Шамякін.
2. Ступень прыгоднасці, вартасці чаго‑н. Якасць прадукцыі. □ [Гарлахвацкі:] Што да даклада, то ад яго якасці залежыць ваш [Тулягі] лёс у першую чаргу. Крапіва. Міхась лічыцца сёння.. адказным за якасць друку. Брыль. Аптымістычнасць — выдатная якасць мастацтва. Бугаёў.
3. У філасофіі — катэгорыя, якая выражае істотную пэўнасць прадмета, дзякуючы якой ён з’яўляецца іменна гэтым прадметам, а не іншым. Пераход колькасці ў якасць.
4. У шахматнай гульні — розніца ў цэннасці цяжкай фігуры (ладдзі) у параўнанні з лёгкай фігурай (канём, сланом).
•••
Дзяржаўны знак якасці гл. знак.
Інспекцыя па якасці гл. інспекцыя.
У якасці каго-чаго — як хто‑н. або што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палёт, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Рух, перамяшчэнне ў паветры ў якім‑н. напрамку. Палёт ракеты ажыццяўляўся строга па зададзенай траекторыі. «Звязда». // Характар, манеры, асаблівасці такога перамяшчэння. Бясшумны палёт. // Спец. Акрабатычны скачок на вялікую адлегласць або на вялікай вышыні. Палёт пад купалам цырка.
2. Авіяцыйны вылет, рэйс. У дзень палётаў лётчыкі прачынаюцца рана. Хомчанка. Афіцэр-парашутыст паказаў падпольшчыкам, як карыстацца парашутам, як трымацца ў палёце і на пасадцы. Новікаў.
3. перан. Імкненне, парыў. Якія тут бясконцыя прасторы І для ўспамінаў, і палёту дум! Танк. З галечы, з руін спусташэння, Як волат, падняўся народ — Нястрымная воля імкнення, Нябачаны творчы палёт! Колас.
•••
Брыючы палёт — палёт самалёта на невялікай вышыні над зямлёй.
Сляпы палёт — палёт ноччу, у тумане пры дапамозе адных толькі навігацыйных прыбораў.
З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.
Птушка высокага палёту гл. птушка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прышы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што.
1. Шыючы, прымацаваць. Прышыць гузік. □ — Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль. [Тамаш:] — Што ж ты без каўняра ходзіш, скажы, няхай табе дома прышыюць. Чорны.
2. Спец. Прымацаваць, прыбіць. Прышыць рэйкі да шпалаў.
3. перан.; што каму. Разм. груб. Несправядліва, ілжыва прыпісаць што‑н., абвінаваціць у чым‑н. — Гэта была памылка, пан афіцэр. Я чалавек маленькі. Мне спрабавалі прышыць тое, чаго я не рабіў. Навуменка. [Станавому прыставу] не падабаецца, што Анцыпік учашчае да Ганны Карлаўны, і ён хоча прышыць настаўніку некаторую долю крамолы. Колас.
4. Разм. Груб. Забіць. [Валенда:] — Дзядок гэты, што тады.. Савецкую ўладу лаяў, — во хто выдаў. Не далі вы мне тады контру гэту прышыць. Асіпенка.
•••
Прышый кабыле хвост — пра каго‑, што‑н. лішняе, непатрэбнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распра́віцца 1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
1. Учыніць расправу над. кім‑н.; пазбавіцца ад каго‑н., знішчыўшы або абясшкодзіўшы. Расправіцца з ворагамі. □ — Не змаглі вы самі асіліць Волата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Управіцца з чым‑н., адолець, што‑н. Упэўнены, што калі ён так шчыра ўзяўся за вучобу, то хутка расправіцца з заданнем, Паўлік паспешліва пачаў сам сабе чытаць умову першай задачы. Краўчанка. // З’есці без астатку. Афіцэр расправіўся з курыцаю, выцер хустачкаю рот. Якімовіч. Ледзь толькі сакаляняты расправіліся з першай палёўкай, як маці прыляцела зноў і кінула ім новага грызуна. В. Вольскі.
распра́віцца 2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
Зрабіцца роўным, разгладзіцца, выпрастацца. А пойдуць у даль грукатаць перуны, Расправяцца ветразі, высахнуць снасць, — Адзін за адным павяслуюць чаўны. Лужанін. / у перан. ужыв. Прайшло, мінула колькі год, Узрос, расправіўся народ, Пайшоў ў жыцці на ўсё прыплод, Узняўся з поля ўмалот, З’явілася здабыткаў шмат. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)