пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укла́сці 1, укладу, укладзеш, укладзе; укладзём, укладзяце, укладуць; зак., каго-што.

1. Пакласці спаць. Пакуль Каця супакоіла дачку, накарміла яе і ўклала спаць, дык ужо добра і сцямнела. Гаўрылкін. / у паэт. ужыв. Спаць дзяцей уклаў Цёплы летні вечар. Гілевіч. // Уладкаваць на начлег, адпачынак. — А як жа ты [Рыгор] нас спаць укладзеш? — запытаў гаспадар. — Куды каго? Галавач. // Прымусіць або памагчы легчы. Утрох, з дапамогай Яругіна, .. [маёра] ледзьве ўклалі, і ён, знямогшыся, тут жа заснуў. Карамазаў. Старэйшая сястра Поля кінулася да .. [Сашы], абняла, памагаючы ўкласці на ложак. Шамякін.

2. Пакрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Укласці стол кнігамі. Укласці дарожку каменнем. Укласці прызбу саломай. □ [Купчын:] — Што мы да гэтага рабілі? Бетон укладзём пад цэх — пайшлі далей. А цяпер і сцены будзем самі выводзіць, і аконныя пераплёты ставіць. Мыслівец.

3. Палажыць у пэўным парадку, размясціць, скласці якім‑н. чынам. Дастаў [бацька] .. смольны аскалёпак, пашчапаў яго на лучыны, якія потым акуратна склаў на спод грубкі, а наўкруг уклаў. «зрубам» абярэмак дроў. Масарэнка. // Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Усё гэта [прадукты] разам з шуфлямі і іншым начыннем ледзь уклалі ў вазок. Чарнышэвіч. // Прычасаць пэўным чынам валасы. Укласці косы вакол галавы.

4. Укладваючы, складваючы, пабудаваць, зрабіць што‑н. Укласці шпалы, Укласці трубы. □ Сонца ўжо садзілася за сасновы бор, калі ўклалі апошні кубаметр. Лукша.

5. Палажыць, змясціць унутр. Следчы ўзяў .. астрожнае накіраванне, яшчэ нейкія паперы, усё гэта ўклаў у канверт і аддаў паліцыянту. Машара. // перан. Пранізаць, напоўніць што‑н. якім‑н. сэнсам, зместам, думкамі і пад. Столькі шчырасці хлопец уклаў у песню, што, здавалася, яна сама лілася з сэрца. «Маладосць». Пад такім доўгім .. празаічным загалоўкам нельга ўявіць таго зместу, які хочацца яму ўкласці ў свой твор. Якімовіч. // перан. Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. (сілу, здароўе, жыццё і пад.). Ну хто, скажыце, адважыцца не даць кватэры начальніку аддзела капітальнага будаўніцтва, чалавеку, які, можна сказаць, кавалак жыцця ўклаў у гэты дом! Арабей. Мо таму ты [мама] так дрыжыш за сваіх дзяцей, што многа здароўя, сіл і ўсю душу ўклала ты ў іх. Дамашэвіч. Ён [Шайпак] у станцыю ўсё Сваё ўмельства ўкладзе, Каб стаяла, як лялька, Яна пры вадзе. Куляшоў.

6. Аддаць на захаванне, выкарыстанне (грашовыя сродкі, капітал). Укласці капітал у цяжкую прамысловасць.

7. Разм. Забіць. [Макар Аўдзеевіч:] — Са сваёй стрэльбы я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў. М. Ткачоў.

8. Разм. груб. З’есці. [Раўбіч:] — А потым зубр пайшоў за санкамі, і еў сена, пакуль не ўклаў усё. Караткевіч.

укла́сці 2, укладу, укладзеш, укладзе; укладзём, укладзяце, укладуць; зак., што.

Стварыць, напісаць што‑н., падабраўшы і аб’яднаўшы якія‑н. матэрыялы. Укласці слоўнік. Укласці зборнік практыкаванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кагадзе́ ’калісьці’ (БРС), ’толькі што, нядаўна’ (БРС, ТСБМ), капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; ц.-бел. (Узвышша, 1927, 6), кагдзе, кадзе ’толькі што, нядаўна’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), кадзе ’тс’ (Жд. 2; капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; чырв., навагр., КЭС; ганц., карэл., лях., Сл. паўн.-зах.; слонім., кар., Сцяшк.), кадзе ’нядаўна’ (стол., Жыв. сл.), кадзё ’толькі што’ (Жд. 3). Казлова (БЛ, 21, 1982, 60) прыводзіць палес. (усх.-палес.?) кагадзе і адзначае, што прыслоўе ўласціва большасці беларускіх гаворак; з гэтым нельга пагадзіцца. Неабходна адзначыць, што паметы «брэсц.», «гродз.», «палес.» заблытваюць чытача і быццам сапраўды сведчаць аб шырокай геаграфіі. На самой справе «брэсц.» (паводле Казловай) кадзе зафіксавана ў Столінскім раёне і, як сведчыць фанетыка (дзеканне), адносіцца да пераходных або да ўсх.-палес. гаворак і брэсцкім (зах.-палес.) не з’яўляецца. «Гродз.» кагадзе, кадзе вядома больш вузка: навагр., карэліц., слонім. разам з ганц., лях., нясв. і чырв. утварае даволі кампактны арэал, які (далучыўшы патэнцыяльныя ўсх.-палес. фіксацыі) можна некалькі пашырыць на паўд.-усх. частку. Неабходна адзначыць, што Тураўскі слоўнік, вельмі ўважлівы да рарытэтаў, гэтага слова не фіксуе. Па сутнасці вузкарэгіянальнае ўтварэнне; па геаграфіі адпавядае гродзенска-баранавіцка-лунінецкаму пучку ізаглос (Лінгвістычная геаграфія, к. № 13). Лінгвагеаграфія сведчыць аб іншамоўным уплыве (што цяжка дапусціць, паколькі ў такім выпадку, мяркуючы аб уздзеянні балтыйскіх прыслоўяў, давялося б лічыць форму кадзе першапачатковай і невядома як тлумачыць паходжанне г у кагадзе) або аб архаізме. Не выключэнне, аднак, як і ў выпадку іншамоўнага ўплыву ўяўляецца варыянт утварэння «гібрыду» на паграніччы розных гаворак. Рус. росл., смал., трубч., карач., бран., арл. каде ’дзе’ магчыма, сведчыла б на карысць варыянта «архаізм», калі б не верагоднасць таго, што рус. дыял. слова ўтварылася фанетычным спосабам. Цыхун (Бюлетин, 5, 1976, 94) адносіць яго па фармальнаму падабенству да балг. дыял. кагоде ’што-небудзь’, ’колькі-небудзь’, ’калі-небудзь’. Ён лічыць, што, нягдедзячы на розніцу ў семантыцы, агульнае значэнне «нявызначанасці» бел. і балг. утварэнняў патрабуе далейшага вывучэння гэтай паралелі з мэтай высвятлення магчымай іх роднасці. Шуба (Прыслоўе, 60) выводзіць бел. кагадзе са ст.-рус. формы къгдѣ праз ступень кагдзе, кадзе; Цыхун (там жа) мяркуе, што хутчэй чакаўся б адваротны працэс і спасылаецца на заўвагу Якабсона (Word 8, 4, 391), аб тым, што gъda паходзіць з goda аналагічна vьcera < večera і да т. п., падрабязней у Копечнага, ESSJ, 1, 311–313. БЕР (2, 128) лічыць, што балг. дыял. кагоде < ка, дыял. прысл. ’калі, калісьці; з таго часу як’ і часціцы годзе ’‑небудзь’. Звяртае на сябе ўвагу значэнне бел. слова ’калісьці’, засведчанае ў БРС. Калі гэта не памылковае значэнне, можна меркаваць аб магчымай дыялектнай яго аснове і першасным значэнні кагадзе наогул, што дазваляе з большай упэўненасцю параўноўваць бел. і балг. словы. Адносна семантыкі ў такім выпадку параўн. тур. когдышні ’колішні’ і рус. дыял. когда‑ко ’калі-небудзь’. Заўвагу Цыхуна (Бюлетин, 5, 1976, 94) аб агульным значэнні «нявызначанасці» гэтых слоў як магчымым сведчанні іх роднаснасці нельга прыняць па той прычыне, што такое значэнне абумоўлена прыслоўямі (этымалагічна — склонавыя формы пытальнага, адноснага займеннікаў), якія ўваходзяць у склад як гэтых, так і іншых падобных лексем. Аб спробе ўзнавіць прасл. *kagodě‑ прыслоўе часу, гл. Казлова, БЛ, 21, 1982, 60; надзейнасць такой рэканструкцыі невысокая з прычыны прыведзеных вышэй меркаванняў. Аб ка‑ гл. Слаўскі, 2, 8; аб ‑gode‑ Копечны, ESSJ, 1, 312.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́шы1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́жды ’кожны’ (Бяльк.; ваўк., Федар.; Шат.). Рус. каждый, польск. każdy (магчыма, гэта не спрадвечная польск. форма), славін. kö̀u̯ždï, кашуб. každi і koeždi, палаб. kozdüm(ě̯) (склон. форма), н.-луж. každy, чэш. každý, славац. každý, серб.-харв. кніжн. každi (з XVI ст.). Па сутнасці, паўдн.-слав. адпаведнікі не зафіксаваны (ст.-слав. къжьдо — кантынуант іншай формы). Можна пагадзіцца з думкай Слаўскага, 2, 115, што паўн.-слав. утварэнне: kažьdъjь. Этымалогія слова няпэўная. Нягледзячы на шматлікія спробы ў літаратуры вытлумачыць варыянты ka‑ і ko‑ (гл. кожды): kažьdъjь : kožьdъjь. Яшчэ больш дыскусійныя меркаванні адносна этымалогіі другой часткі слова. Ёсць думка, што ka‑ (ko‑) у злучэнні з’яўляюцца другаснымі і найбольш архаічнай неабходна лічыць форму kъžьdo (з якой ст.-слав.), па той прычыне, што kъ‑ займеннік у асноўнай форме (наз. скл.). Гэта быццам бы пацвярджаецца тым, што ён скланяецца, параўн. ст.-слав. когожьдо і комоужьдо (Трубачоў, Эт. сл., 9, 175). У такім выпадку больш новыя kažьdъjь і kožьdъjь дэманструюць наяўнасць форм займеннікаў ва ўскосных склонах, гэта, на думку аўтара слоўніка, натуральна для складаных слоў і пацвярджае архаічны характар словазлучэння kъžьdo (< kъžьdo). Іншыя думкі адносна паходжання першага кампанента: ко‑ і ‑ка‑ адпаведна формы муж. і жан. роду пытальнага займенніка (Развадоўскі RS, 7, 14–16 (kożdy); Слаўскі, 2, 115). Махэк₂ (247): ka‑ падоўжанае і.-е. *ku̯o‑, а не форма жан. р.; Ваян (Gramm. comparée 11, 2, 409) ka‑ тлумачыць другасным уплывам форм kakъ, kako. Гл. яшчэ ESSJ, 2, 397–399. Адносна этымалогіі другога кампанента Трубачоў (Эт. сл., 9, 175) выказваецца на карысць думкі Міклашыча, 62, аб сувязі часткі і слав. žьdati ’чакаць’, аднак звяртае ўвагу, што яна без адпаведнікаў за межамі слав. моў. Апошняя этымалогія была принята Бернекерам, 1, 496–497; Махэкам₁, 197, і інш., параўн., аднак, Махэк₂, 247, аб адсутнасці падобных утварэнняў і неабходнасці пошукаў іншага рашэння. У першым выданні слоўніка Махэк прыводзіў лац. quī‑vīs, quī‑libet ’які-небудзь, кожны’, даслоўна ’які хочаш’, што адпавядае слав. lʼubo ў выразе kakъ lʼubo ’хто-небудзь, любы і да т. п.’ У другім выданні Махэк прапанаваў суаднесці слав. словы з лац. quisque, quidquequaeque, quodque), кельц. *ku̯a‑ko‑s, *ku̯o‑ko‑s і тлумачыць далей слав. ‑ž‑ < *g, ‑ь‑ < e (там жа меркаванні адносна семантыкі і прыклады); ‑do ў канцы тлумачыцца энклітыкай ‑de, якая перайшла ў ‑do пад уплывам першага кампанента (ko‑). Паводле Махэка (там жа), слав. kažьdъjь і пад. з словазлучэння edinъ kъžь[]de, такая семантыка пацвярджаецца фактамі розных моў, у прыватнасці літоўскай, ‑kiekvíenas ’кожны’, літаральна ’колькі’ і ’адзін’. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 9, 176, дзе літоўскі прыклад лічыцца новаўтварэннем разам з тыпалагічна блізкімі раманскімі. Думка аб сувязі часціц ‑žьdo, ‑žьde і слав. ‑žьdati Слаўскаму, 2, 116, здаецца малаверагоднай. Ён прымае папулярную версію аб паходжанні другога кампанента злучэння kažьdъjь з абагульняючай групы энклітык ‑žь‑de, ‑žь‑do, як прыклад прыводзіцца ц.-слав. кыижьдо, которыи жьде. У гэтай групе ‑žь‑ суадносіцца з že (бел. жа, рус. же і да т. п.), а ‑de : ‑do з энклітыкай ‑de (параўн. ст.-слав. къде, гл. ESSJ, 1, 307). Значэнне слав. kazьdъjь пры такім варыянце было б ’хто-небудзь’, як у лац. quī‑ cumque (quī ’які’, cumque‑ абагульняючая часціца), quis‑que ’хто-небудзь, кожны’ (quis ’хто’, que абагульняючая часціца). З літаратуры гл. яшчэ Petr. J., Zaimek każdy w historii i dialektach języka polskiego, Wrocław, 1957, які выказвае думку аб тым, што польск. każdy з’яўляецца чэхізмам. супраць Слаўскі, 2, 114–115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ка1 ’старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус. калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч. καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус. калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калиги ’від абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз. калить ’жабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз. калила ’жабрак’, цвяр. каліман ’манюка’.

Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас. Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликка пецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ. koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст. kaalik ’бручка’ фін. kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел. немка, рус. репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́ла1 ‘прылада, пры дапамозе якой наматваюць цэўкі’ (докш., Янк. Мат.). Рус. скала́, ска́ло, ска́лка ‘тс’. З *съкало, першапачаткова назоўнік з суф. ‑dlo ад *sъkati (рус. скать); з інш. ступенямі чаргавання гл. сукно, сукаць, сучыць (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 631). Параўн. сукала (гл.). Сюды ж, відаць, ска́ла ‘скрутак лубу, дубовай кары’: здымалі кару, скручвалі ў трубу — “скалу” і затаплялі “ў мачышчах” (Лакотка, Борыс, Сцежкамі дзядоў. Мн., 1986, 124). Параўн. аднак скала́ ‘бяроста’ (гл. наст, слова), дзе больш прымальным здаецца паходжанне ад *skal‑ ‘сячы, калоць’.

Ска́ла2 ‘бяроста’ (Бломкв.). Параўн. рус. скала́, ска́ла ‘тс’, разам з скала́ ‘каменная глыба’ звязваецца з ска́лить ‘трэскацца’, што да *skel‑/*skal‑, роднаснага літ. skélti ‘расколваць’, skalà ‘лучына, трэска’, лат. skals ‘тс’ (Фасмер, 3, 630), насуперак Тапарову (Балтийские яз., 46), які лічыць падмаск. скала́ ‘бяроста’ субстратным балтызмам. Гл. спецыяльна Анікім, Опыт, 278.

Скала́1 ‘каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.; ашм., Стан.), ‘вельмі цвёрдая гліністая глеба’ (Касп.; астрав., Ск. нар. мовы), ‘вапняк’ (Касп., Сл. ПЗБ), ‘камяністая глеба’ (ЛА, 2), ‘буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі’, ‘празрысты лёгкі мінерал, т. зв. “чортаў палец”’ (Яшк.), “скалою зовутся и кремень, и кремневые орудия каменного века — «перуновы стрелы»” (Рам. 5, 176), ‘выемка ў прырэчным камені’ (лях., Архіў БЭЛА), ст.-бел. скала ‘каменная гара’ (XVIII ст., Карскі 2-3, 459), укр. скала́ камень’, рус. скала́ ‘каменны ўцёс, каменная глыба’, ст-рус. скала ‘скала’, польск. skała ‘скала; камень’, старое ‘расколіна’, в.-луж., н.-луж. skała ‘скала’, чэш. skála ‘скала; камень’, славац. skala ‘камень’, славен. skála ‘скала’, ‘трэска’, балг. скала́ ‘камень’, макед. скала ‘каменны выступ’. Прасл. *skala. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skeliu, skelti ‘расколваць’, skílti, skįlù ‘трэскацца’, skalà ‘шчапа, лучына’, лат. skala ‘тс’, ст.-ісл. skilja ‘расчляняць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 545, Траўтман, 264. Усё да і.-е. кораня *(s)kel‑ ‘калоць, рэзаць’. Першаснае значэнне слова ‘востры камень, камень, які атрымаўся ў выніку расколвання ў адрозненне ад каменя ў глебе, рачной гальцы і да т. п. Борысь (550) *skala разглядае як дэрыват ад прасл. *skolili з рэгулярным падаўжэннем галоснага ў корані o → a, параўн. рус. дыял. осколить ‘абцясаць вакол, ачысціць’, якое далей да *(s)kel‑. Гл. яшчэ БЕР, 6, 718; Сной₂, 570 (*skala лічыць дэрыватам ад *skaliti, гл. скаліць).

Скала́2 ‘маланка’ (капатк., ДАБМ, камент., 901; малар., іван., лях., пін., стол., лун., мазыр., Архіў БЭЛА). Фармальна, як і скала1, да кораня *(s)kel‑, г. зн. ‘якая расколвае (неба)’. Але магчыма і непасрэдна звязаць гэтыя два значэнні праз фальклорна-міфалагічныя ўяўленні славян, паводле якіх скала ‘страла Перуна (каменная)’; такія скалы́, таксама як гром і маланка, адносіліся да арсенала Перуна (аб чым падрабязна Іванаў–Тапароў (Иссл., 85 і наст.), якія параўноўваюць з палескімі назвамі кавалкаў крэменю, якія знаходзяць на полі: перуно́выя стрэ́лы, перуно́ў па́лец. Скал(к)а ‘перуновая страла’ адпавядае хец. perun‑ ‘скала’ (= камень = пярун), гл. Іванаў–Тапароў, Бел. лекс., 59, што аспрэчваецца Страхавым (Palaeoslavica, 12, 2, 251) як занадта аддаленае.

Скала́3 ‘каляровае рэчыва чырвонага колеру ў гліне ў ганчароў’ (бабр., Нар. словатв.), скалі́стая гліна ‘гліна з такім рэчывам’ (там жа). Скала́ інакш называецца кра́сная іржа́ (там жа). Міхайлаў (вусн. паведамленне) адносіць слова да скала1, таму што гэта праслойка звычайна больш цвёрдая, чым гліна. Сюды ж, відаць, скала́ ‘вялікія плямы ржаўчыны на вадзе’ (ТС), гл. скалка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звяза́ць, звяжу, звяжаш, звяжа; зак., каго-што.

1. Змацаваць, злучыць канцы чаго‑н., завязаўшы вузлом або прывязаўшы адзін да аднаго. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышлася без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. Кажуць, нехта спрабаваў змераць .. глыбіню [вадаёма], чацвёра лейцаў звязаў, ды так і не дастаў да дна нават ля берага. Шашкоў.

2. Змацаваць якія‑н. прадметы, перавязаўшы або абвязаўшы іх чым‑н.; перавязаўшы, злучыць у што‑н. Звязаць сноп. Звязаць венік. □ З вялікай вадой трэба было ўправіцца звязаць плыты і адагнаць іх на Вілію, а там у Вільню ці далей... С. Александровіч. // Сабраўшы разам, увязаць у што‑н. [Лёдзя] звязала сваю вопратку ў клуначак, перадала маці, пацалавалася з ёю і ступіла за страшныя дзверы. Карпаў.

3. Спец. Змацаваць (часткі, дэталі чаго‑н.) вяжучым рэчывам або пры дапамозе рубкі. Звязаць гальку вапнай. Звязаць кроквы.

4. Прывязаць адну да другой рукі, ногі, пазбавіўшы каго‑н. свабоды рухаў. Ліда адшпіліла ад сукенкі свой пояс, і Данька звязаў ім Ляксею на спіне рукі. Ермаловіч. // перан. Пазбавіць магчымасці свабодна дзейнічаць; паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Звязаць чыю‑н. ініцыятыву. Звязаць сябе сям’ёй.

5. Наладзіць зносіны паміж чым‑н. з дапамогай сродкаў сувязі або дарог. Звязаць вёску тэлефоннай сувяззю з райцэнтрам. □ Мы цуды стваралі: раскінулі стужкі наўкол магістраляў, было ў нас багата і хлеба, і сталі. Мы Волгу з Масквою навекі звязалі... Машара. // З’явіцца, стаць сродкам сувязі паміж чым‑н. Ленінскі праспект звязаў сістэму цэнтральных плошчаў з плошчай ля Дома ўрада. Карпаў.

6. Наладзіць сувязь каму‑н. з кім‑, чым‑н. Мяне звязалі з адным нашым чалавекам, падпольшчыкам, які жыў у невялікім чыгуначным гарадку. Навуменка. — Звяжыце мяне з партызанамі. Мне трэба перадаць ім важную вестку, трэба папярэдзіць іх, — нарэшце выказала сваю просьбу Галіна Якаўлеўна. Шахавец. // Цесна аб’яднаць, стварыць з кім‑н. што‑н. агульнае. Звязала.. [Авяліна] свой лёс з панам Булыгам, кажуць, па разліку. Бажко.

7. Аб’яднаць чым‑н. у адно цэлае. Звязаць навелы адзіным сюжэтам. // з чым. Спалучыць як часткі аднаго цэлага. Звязаць асабістыя інтарэсы з грамадскімі. Звязаць навуку з практыкай.

8. Паставіць у якую‑н. залежнасць ад чаго‑н., у якія‑н. адносіны да чаго‑н. Звязаць развіццё вытворчасці з патрэбамі спажывання. // перан. Аб’яднаць у думках, вызначыць якую‑н. залежнасць паміж адным і другім. [Нічыпара] прызначылі загадчыкам млына. Гэтае павышэнне Нічыпар звязаў з заметкай у газеце. Асіпенка.

9. Зрабіць што‑н. вязаннем. Звязаць рукавіцы. Звязаць панчохі.

10. У хіміі — вывесці са свабоднага стану. Звязаць свабодны азот атмасферы.

•••

Двух слоў не звяжа — пра таго, хто не ўмее прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму — пазбавіць магчымасці дзейнічаць свабодна.

Звязаць сябе вузамі Гіменея — уступіць у шлюб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., каго-што.

1. Надаць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змясціць куды‑н. у такім становішчы. Раненага асцярожна паклалі на зямлю, падаслаўшы коўдру. Якімовіч. Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла і загадаў: — Ану! Курто. Праз якіх пяць хвілін Аксану, укручаную ў коўдру і падушкі, паклалі ў сані. Скрыпка. // Улажыць спаць, адпачываць. У цішыні салдатка-маці Паклала спаць сваіх дзяцей. Танк. За тонкаю перагародкаю ў большай палавіне [хаты] скрыпнула канапа — там нанач паклалі хлопчыка. Адамчык. // Прымусіць праціўніка ўпасці на зямлю пры дужанні. Пакласці праціўніка на спіну з аднаго маху. // перан. Разм. Забіць, знішчыць. Варта было з кулямёта касануць па натоўпе на мосце, каб пакласці ўсіх [легіянераў]. Грахоўскі.

2. Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Пакласці грошы ў кішэню. □ Перакусіўшы збольшага, хлопцы паклалі рэшту хлеба ў чамаданы і выйшлі на вуліцу. Якімовіч. У хату зайшоў бацька, няспешна паклаў сякеру пад лаўку, падышоў да сына, паціснуў руку. Новікаў. — Рукі ўверх! — і на курок Палец свой паклаў стралок. А. Александровіч. // Перастаць карыстацца якім‑н. інструментам, прадметам, адлажыць яго ўбок. Стары прыціскаў да .. [тачыла] іржавае жалеза. Костусь міргнуў хлопцу. Той пакінуў круціць. Стары паклаў жалеза і абцёр рукі. Чорны. // Змясціць для зберажэння, зрабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Пакласці грошы ў ашчадную касу. // Адправіць, змясціць у клініку, шпіталь і пад. [Шаховіч:] — Ты ж, мусіць, чуў, што Захарэвіча ў бальніцу паклалі? Абмарозіўся на тваёй машыне. Мяжэвіч.

3. Тое, што і палажыць (у 2 знач.).

4. Зрабіць знак, пакінуць адбітак чаго‑н. Выбегшы з-за невялікай хмары, сонца зноў паклала на ціхую раку цені прыбярэжных вербаў. Рылько. // перан. Уздзейнічаць, зрабіць вялікі ўплыў; пакінуць след. Падаюць гнілі падпоры — Часы паклалі свой знак. Колас. Ваеннае становішча паклала на жыццё свой адбітак. Сяргейчык.

5. Налажыць ежы, корму. Круцько наліў чаркі, Ліпа паклала на талерку смажаную трусяціну. Ваданосаў. [Іван:] — Коням, мабыць, трэба пакласці нешта ў жалабы, ці можа на пашу весці? Чарнышэвіч.

6. Тое, што і палажыць (у 3 знач.).

7. Знесці (яйцы), каб вывесці патомства. Самачка паклала ў.. [гняздо] чатыры рабенькія яечкі і села іх наседжваць. Ігнаценка.

8. перан. Аддаць, патраціць. — Шмат працы паклаў Адам Васільевіч у справу аднаўлення роднага калгаса. Кавалёў. [Гарасім:] — Прыйшлі [людзі] на карчы, імшары, колькі поту, пакуты разам паклалі, пакуль разрабілі, дык дзе ты цяпер пакінеш, гэта ўжо ўсё.., як сваё. Скрыган.

9. З назоўнікамі «пачатак», «канец», «аснова» і г. д. утварае спалучэнні, якія маюць значэнне: зрабіць тое, што азначаюць гэтыя назоўнікі. Пад баявым дэвізам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Маркс і Энгельс паклалі пачатак арганізаванаму камуністычнаму руху. «Звязда». Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала канец прыгнечанню народаў старой Расіі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)