пакласці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., каго-што.

1. Надаць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змясціць куды‑н. у такім становішчы. Раненага асцярожна паклалі на зямлю, падаслаўшы коўдру. Якімовіч. Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла і загадаў: — Ану! Курто. Праз якіх пяць хвілін Аксану, укручаную ў коўдру і падушкі, паклалі ў сані. Скрыпка. // Улажыць спаць, адпачываць. У цішыні салдатка-маці Паклала спаць сваіх дзяцей. Танк. За тонкаю перагародкаю ў большай палавіне [хаты] скрыпнула канапа — там нанач паклалі хлопчыка. Адамчык. // Прымусіць праціўніка ўпасці на зямлю пры дужанні. Пакласці праціўніка на спіну з аднаго маху. // перан. Разм. Забіць, знішчыць. Варта было з кулямёта касануць па натоўпе на мосце, каб пакласці ўсіх [легіянераў]. Грахоўскі.

2. Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Пакласці грошы ў кішэню. ▪ Перакусіўшы збольшага, хлопцы паклалі рэшту хлеба ў чамаданы і выйшлі на вуліцу. Якімовіч. У хату зайшоў бацька, няспешна паклаў сякеру пад лаўку, падышоў да сына, паціснуў руку. Новікаў. — Рукі ўверх! — і на курок Палец свой паклаў стралок. А. Александровіч. // Перастаць карыстацца якім‑н. інструментам, прадметам, адлажыць яго ўбок. Стары прыціскаў да .. [тачыла] іржавае жалеза. Костусь міргнуў хлопцу. Той пакінуў круціць. Стары паклаў жалеза і абцёр рукі. Чорны. // Змясціць для зберажэння, зрабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Пакласці грошы ў ашчадную касу. // Адправіць, змясціць у клініку, шпіталь і пад. [Шаховіч:] — Ты ж, мусіць, чуў, што Захарэвіча ў бальніцу паклалі? Абмарозіўся на тваёй машыне. Мяжэвіч.

3. Тое, што і палажыць (у 2 знач.).

4. Зрабіць знак, пакінуць адбітак чаго‑н. Выбегшы з-за невялікай хмары, сонца зноў паклала на ціхую раку цені прыбярэжных вербаў. Рылько. // перан. Уздзейнічаць, зрабіць вялікі ўплыў; пакінуць след. Падаюць гнілі падпоры — Часы паклалі свой знак. Колас. Ваеннае становішча паклала на жыццё свой адбітак. Сяргейчык.

5. Налажыць ежы, корму. Круцько наліў чаркі, Ліпа паклала на талерку смажаную трусяціну. Ваданосаў. [Іван:] — Коням, мабыць, трэба пакласці нешта ў жалабы, ці можа на пашу весці? Чарнышэвіч.

6. Тое, што і палажыць (у 3 знач.).

7. Знесці (яйцы), каб вывесці патомства. Самачка паклала ў.. [гняздо] чатыры рабенькія яечкі і села іх наседжваць. Ігнаценка.

8. перан. Аддаць, патраціць. — Шмат працы паклаў Адам Васільевіч у справу аднаўлення роднага калгаса. Кавалёў. [Гарасім:] — Прыйшлі [людзі] на карчы, імшары, колькі поту, пакуты разам паклалі, пакуль разрабілі, дык дзе ты цяпер пакінеш, гэта ўжо ўсё.., як сваё. Скрыган.

9. З назоўнікамі «пачатак», «канец», «аснова» і г. д. утварае спалучэнні, якія маюць значэнне: зрабіць тое, што азначаюць гэтыя назоўнікі. Пад баявым дэвізам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Маркс і Энгельс паклалі пачатак арганізаванаму камуністычнаму руху. «Звязда». Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала канец прыгнечанню народаў старой Расіі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)