пазаганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Загнаць куды‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Лівень] пазаганяў у хаты людзей і, як бы нацешыўшыся, аціх. Асіпенка. Цімох Сымонавіч на ўсякі выпадак схапіў у рукі дубальтоўку і пазаганяў на месца патроны. Дубоўка.

пазаганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго.

Разм. Заганяць, замарыць усіх, многіх. — Коней.. пазаганялі да таго, што на іх страшна было паглядзець. Скрыган. — Вот ты, Пятро, дзень і ноч ірвеш, баб сваіх пазаганяў, а як жывеш? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памага́ты, ‑ага, м.

1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; падручны (у 2 знач.). [Яўхім:] — З мяне касец, сама ведаеш, які. А вось Рыгор можа табе падсабіць... Дамаўляйцеся.. — Не, — цвёрда кажа цётка. — Як-небудзь і без памагатых абыдземся. Жычка. Усім выглядам сваім Саша паказвае, што лейцы кіраўніцтва ён бярэ ў свае рукі, а Веньямін толькі памагаты. Навуменка.

2. Прыслужнік, гатовы на любыя дзеянні, учынкі. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партфе́ль, ‑я, м.

1. Чатырохвугольная сумка з засцежкай, у якой носяць кнігі, паперы і пад. Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ. Невядома, чым бы ўсё скончылася, каб у гэты час не ўвайшлі незнаёмыя людзі з вялікімі жоўтымі партфелямі... Чарот.

2. Пасада міністра. Размеркаванне партфеляў. // Кіруючая пасада наогул.

3. Сукупнасць рукапісаў, каштоўных папер і пад., якія знаходзяцца ў распараджэнні рэдакцыі, банка і пад. Рэдакцыйны партфель.

•••

Міністр без партфеля гл. міністр.

[Ад фр. portefeuille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пісьме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўмее чытаць і пісаць; граматны. [Ян:] — Чытайце, хто пісьменны, кніжкі, як стваралася наша зямля. Пестрак. // Які ўмее граматычна правільна пісаць і гаварыць. Пісьменны вучань. // перан. Які мае неабходныя веды ў якой‑н. галіне. Пісьменны інжынер.

2. У якім няма граматычных і стылістычных памылак. Пісьменны дыктант. // перан. Выкананы адпаведна з асноўнымі патрабаваннямі. Пісьменны праект.

3. у знач. наз. пісьме́нны, ‑ага, м. Чалавек, які ўмее чытаць і пісаць. Пісьменнаму і кнігі ў рукі! Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́гнасць, ‑і, ж.

1. Імкненне задаволіць свае празмерныя жаданні, патрэбы. Сцяпан Самасейка навучыў мяне ненавідзець багацце, уладную сілу грошай, раскошу, асабісты дабрабыт і чалавечую прагнасць. Асіпенка. [Грышук:] — Паўнюткая торба [рыбы]! Дык не, яшчэ давай... Да чаго даводзіць прагнасць чалавечая! Ракітны. // Выяўленне жадання задаволіць якія‑н. патрэбы. Патржанецкі ўхапіўся за ежу з такой прагнасцю, нібы тыдзень нічога не еў. Чарнышэвіч.

2. Скупасць, жадлівасць. [Гаспадыня] ад прагнасці, што страціць дарэмныя рукі, аж задыхалася, твар у яе быў пабіты на плямы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пру́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Цвёрды, але гнуткі. Свежае, яшчэ пруткае ржышча пахла жытам. Лобан. Шамцяць жыты неяк ціха-звонка, так шамцяць хіба яшчэ толькі пругкія густыя чараты на рацэ. Мурашка. Пазвоньвае пруткімі голлямі клён. Бялевіч. // Спружыністы, лёгкі ў рухах. [Старавойтаў] сярэдняга росту, сухі, але яшчэ пруткі. Гурскі. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі. Гартны.

2. Жорсткі, каляны; цвёрды. Калошы былі мокрыя і пругкія, як бляха, і закасваць іх было няспрытна. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.

Прыняць на сябе які‑н. выгляд з мэтай увесці каго‑н. у зман; прыкінуцца. Прытварыцца хворым. □ І Юрка Хмялеўскі глядзеў на яго і дзівіўся, што гэты звер і прайдзісвет можа прытварыцца сапраўдным панам. Чарнышэвіч. Матацыкліст узняўся і далажыў афіцэру, што калі ён ляжаў, прытварыўшыся мёртвым, нехта ў яго з рукі зняў гадзіннік. Карпюк. Я прытварыўся, што нічога не ведаю, але тата ўжо здагадаўся, што гэта наша работа, і пагразіў пальцам. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страшы́дла, ‑а, н.

Разм.

1. Той, хто (або тое, што) мае страшны выгляд; страхоцце. З вады паказалася нейкае вусатае страшыдла, чорнае-чорнае. Юрэвіч. Сталёвае страшыдла развярнулася і, сеючы навокал сябе кулямёты агонь, рухалася па-над дарогай. М. Ткачоў. // Чучала, пудзіла. [Ліканор] павесіў рукі і стаяў нязграбна, як страшыдла, што курэй пужае з аўса. Бядуля.

2. перан. Той, хто (або тое, што) выклікае страх. Але ноч была ціхая. Думалася, што страшыдла вайны заснула недзе, стомлена прыпаўшы да зямлі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухарля́вы, ‑ая, ‑ае.

З худым целам (пра чалавека, жывёліну). За сталом — сухарлявы, з чыста паголеным тварам мужчына. Шынклер. Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. // Пазбаўлены тлушчу (пра твар, рукі і пад.). На сухарлявы твар начальніка штаба лягла задума. Шчарбатаў. — Праходзь, чалавеча! — адказвае дзядок, махнуўшы сухарлявай рукой. Вірня. // Разм. Сухі, тонкі. Маці ўбачыла, як па траве прабег і на руды сухарлявы ствол сасонкі ўскочыў звярок з пушыстым рыжым хвастом. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уло́мак, ‑мка, м. (ужываецца часцей з адмоўем «не» і ў пытальна-клічных сказах).

Слабы, кволы чалавек. [Паляшук:] — Дарма што.. [дзеду] цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Колас. [Ціток:] — Дзіва што ты заробіш сабе хлеба. Уга. Што ты, уломак які? Лобан. [Лісавета] падумала, што не можа быць, каб яна не ўправілася з гэтым уломкам. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)