ро́ўна,

1. Прысл. да роўны (у 1–6 знач.).

2. у знач. вык. Пра адсутнасць няроўнасцей, упадзін, узгоркаў. Роўна, як на стале. Зімой у полі роўна і бела.

3. прысл. На адной лініі (вышыні, глыбіні і пад.); на адным узроўні. Калёсы былі загружаны роўна з поручнямі ўсялякай салдацкай амуніцыяй. Ставер. З фермы на поле, нагружаныя роўна з коньмі белымі мяхамі, паехалі дзве падводы. Пташнікаў.

4. у знач. часціцы. Дакладна, якраз. Перапынак. Роўна поўдзень. Паўгадзіны адпачні. А. Александровіч. Роўна праз дзве гадзіны сем хвілін лектар згарнуў паперы і ўзяўся за акуляры, не падымаючы вачэй на аўдыторыю. Кавалёў.

•••

Усё роўна гл. усё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супы́нак, ‑нку, м.

1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.

2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.

•••

Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́сці¹, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго (што). Ведучы, перамясціць цераз якую-н. прастору.

П. дзяцей цераз вуліцу.

2. каго-што. Перамясціць з аднаго месца на другое, размясціць у іншым месцы.

П. хворага ў другую палату.

П. чыгуначныя саставы на запасныя пуці.

3. каго (што). Назначыць на іншае месца, пасаду і пад.

П. студэнта ў другі інстытут.

П. на другую аплату.

4. што. Перадаць, пераслаць.

П. грошы па пошце.

5. што. Падаць у іншых велічынях, у другіх знаках.

П. аршыны ў метры.

П. долары ў рублі.

6. што. Перанесці, перарысаваць на што-н. (якое-н. адлюстраванне).

П. выкрайку.

Перавесці дух, дыханне

1) глыбока ўздыхнуць, аддыхацца;

2) зрабіць кароткі перапынак, перадышку ў чым-н.

|| незак. пераво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. пераво́д, -у, Мо́дзе, м.; прым. пераво́дны, -ая, -ае (3, 4 і 6 знач.).

Пераводныя экзамены.

П. бланк.

Пераводныя карцінкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адбо́й, ‑ю, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адбіваць — адбіць (у 2 знач.) і адбівацца — адбіцца (у 2 знач.).

2. Гукавы сігнал, які апавяшчае аб заканчэнні чаго‑н. Дзяжурны афіцэр пасля адбою Абход чарговы робіць. Зарыцкі. Даў адбой гарніст, і ўсе мы Спаць паклаліся на сене. Нядзведскі. // перан. Перапынак у працы, дзеянні; спачын. Ні ўдзень, ні ўноч не ведалі адбою мы. Макаль.

3. Маркіровачны малаток. Знайшлі два пні сантыметраў па трыццаць, пабілі іх штрафным адбоем. Ермаловіч. // След, знак ад маркіровачнага малатка. [Хама Хаміч:] — Пад’едзьце, Лявон Свірыдавіч, бліжэй... Бачыце — адбою на бярвеннях няма. — Ну, адбою тут вы не знойдзеце, — спыніў яго Лявон Свірыдавіч, — гэта ж верхавіны, а адбой на камлях. Корбан.

•••

Адбою няма (не будзе) ад каго-чаго гл. няма.

Біць (даць) адбой гл. біць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца ​1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).

2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.

3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.

•••

Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́баш, ‑у, м.

У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.

шаба́ш, у́, м.

Разм.

1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.

2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.

[Стараж.-яўр.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвясці́ць сов.

1. объяви́ть; провозгласи́ть; возвести́ть;

а. перапы́нак — объяви́ть переры́в;

а. вайну́ — объяви́ть войну́;

а. незале́жнасць краі́ны — провозгласи́ть (объяви́ть) незави́симость страны́;

2. (наперёд) предвозвести́ть;

3. (каму) оповести́ть (кого);

4. объяви́ть, огласи́ть; (приговор — ещё) произнести́;

а. пара́дак дня — объяви́ть (огласи́ть) пове́стку дня;

5. (признать кем-л.) объяви́ть; провозгласи́ть;

а. вар’я́там — объяви́ть сумасше́дшим;

а. імпера́тарам — провозгласи́ть императоро́м;

а. адкры́тым — объяви́ть откры́тым

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гадзі́на, -ы, мн. -ы, -дзі́н, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, роўная 60 мінутам.

Прыйсці раней на гадзіну.

2. Адзінка часу ў 60 мінут, якую адлічваюць ад паўдня ці ад паўночы.

Г. ночы.

Трэцяя г. дня.

3. Прамежак часу, што адводзіцца на ўрок, лекцыю і пад.

Акадэмічная г.

4. толькі мн. Педагагічныя заняткі, лекцыі (пра нагрузку выкладчыкаў).

Мець гадзіны ва ўніверсітэце.

5. Пара́, час (высок.).

Суровая г. вайны.

6. Час, адведзены для чаго-н.

Прыёмныя гадзіны.

Вольная г.

Гадзіна пік — час найвышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.

Апошняя (смяротная) гадзіна — смерць.

Гадзіна ў гадзіну — дакладна, у вызначаны тэрмін.

З гадзіны на гадзіну — вось-вось, у кожны момант.

Чорная (ліхая) гадзіна — цяжкі час.

Шэрая гадзіна (разм.) — змрок вечарам пасля заходу сонца.

|| ласк. гадзі́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. гадзі́нны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Г. перапынак.

Гадзінная норма.

Паехаць гадзінным цягніком (які адпраўляецца ў гадзіну дня, ночы).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Про́рва1 ’глыбокі, стромкі абрыў, бездань’, ’мноства’, ’пражорлівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Касп., Др.-Падб., Ян., ТС), ’крыніца’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, размытае вадой’ (Нас., Касп., Гарэц.), ’пратока’, ’невялікі астравок’ (Сл. ПЗБ), ’новае рэчышча, прамытае ракой’ (Ян.), ’бездань’ (Растарг.), ’багна на балоце ці возеры, зарослая травой’ (ТС), ’завадзь’ (Бяльк.), ’вокнішча ў балоце’ (ДАБМ, камент., 980; слаўг., слонім., стол., Яшк.). Рус. про́рва ’бездань, глыбокая яма; месца, размытае вадой; новае прамое рэчышча ракі, прамытае вадой’, ’пражора’, ’мот’, ’шкода’ і г. д., укр. прі́рва ’месца прарыву плаціны’, ’яма ў рацэ, моры’; таксама ’бездань’; ’стромкі схіл гары’, ’стромкі бераг’, польск. przerwa ’разбурэнне; перапынак’, чэш. průrva ’роў, вузкая і глыбокая даліна, прамытая вадой’, славац. prierva ’тс’. Паўн.-прасл. *prorъva ’месца (бездань), прамытае вадой’. Аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *prorъvati ’прарваць’ (Талстой, Геогр., 175, 202–203), параўн. яшчэ ў Бярынды: “прорва… мѣсце урваное в(ъ) рѣцѣ”.

Про́рва2 ’ўвярэднік балотны, Pedicularis palustris L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), ’трыпутнік’ (лях., Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і прорва1: да прарыва́ць, прарва́ць. Але матывацыя зразумелая толькі ў адносінах да трыпутніка, які прыкладаецца да ран, а таксама скул і нарываў, каб іх прарваць, даць выхад гною.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыпы́нак, ‑нку, м.

1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні, часовае спыненне чаго‑н. Пасля таго як батальён Аляксея выбіў гітлераўцаў з Кальварыі, брыгада зрабіла прыпынак. Мележ. І зноў шалёны тэмп танца, і зноў кароткі прыпынак, і зноў шалёны тэмп. Асіпенка. Дзяўчына скача без прыпынку, Як на патэльню ўзышла. Броўка.

2. Месца, дзе прыпыняецца трамвай, аўтобус, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Прыпынак таксі. □ На Прывакзальнай плошчы было людна: нядаўна, відаць, прыйшоў прыгарадны цягнік, і ад вакзала да трамвайнага прыпынку валам валілі людзі. Адамчык. — Сядайце на першы нумар трамвая, прыпынак ля Дома друку! — бойка адказаў міліцыянер і казырнуў Гашы. Стаховіч. Машына павольна пакацілася да слупа са знакам прыпынку. Янкоўскі. // Разм. Адлегласць паміж двума найбліжэйшымі пунктамі, дзе прыпыняецца трамвай, аўтобус, поезд і пад. У Мінску Андрэй правёў цётку Марыну да тралейбуса і нават праехаў з ёй два прыпынкі. Скрыпка.

3. Месца, якое можа быць або з’яўляецца прыстанішчам, прытулкам для каго‑н. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. [Кандрат Яцук] уцёк ад крывавых рук, якія шукалі яго — партызанскага бацьку, — не даючы прыпынку ў роднай вёсцы. Брыль.

•••

Знакі прыпынку гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)