вплотну́ю нареч.

1. шчы́льна, шчы́тна, ушчыльну́ю, усуты́ч; сущ. м. и ср.) да са́мага, сущ. ж.) да са́май, ве́льмі блі́зка;

парохо́д подошёл вплотну́ю к при́стани парахо́д падышо́ў да са́май пры́стані;

2. перен. (непосредственно) непасрэ́дна; (всерьёз) усур’ёз; (как следует) як ма́е быць; (по-настоящему) па-сапра́ўднаму;

подойти́ к вопро́су вплотну́ю падысці́ да пыта́ння непасрэ́дна;

на́до приня́ться за рабо́ту вплотну́ю трэ́ба ўзя́цца за рабо́ту як ма́е быць (па-сапра́ўднаму).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

маха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым. Рабіць узмахі, рухі ў паветры. [Чалавек] ішоў не спяшаючыся, махаў партфелем, нібы забаўляўся ім. Чарнышэвіч. Вяла махала крыллямі разамлелая галка. Адамчык. // каму чым і чым. Падаваць знак, сігнал. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Усё больш і больш аддаляўся бацька. Ён махаў Сашку рукою. Даніленка. З узгорка, як куля, шыбаваў Алесь, .. [Сцёпкаў] брат, і махаў шапкаю, каб Сцёпка спыніўся. Колас. // чым. Разм. Рабіць узмахі якой‑н. прыладай у час работы. Махаць сякерай. □ Гадзіннік захроп, зашыпеў і, набраўшы духу, бомкнуў адзін раз і зноў пачаў махаць маятнікам .. і стукаць: цік-так, цік-так... Брыль. Пакуль можна было касіць, махаў касою госць побач з Міканорам. Мележ.

2. чым. Трэсці чым‑н., пагражаючы каму‑н. [Бацька] з перакрыўленым тварам махаў пальцам перад .. [сынавым] носам. Карпаў. Махае на людзей кулакамі .. пан камендант. Бажко.

3. Разм. Хутка ісці, рухацца, шпарыць. — Эх ты, брат, і жук, — у сваю чаргу разгадаў яго думку Міхал і засмяяўся: — Махай дадому. Васілевіч. — Ты махай за вярбу, а я ціхенька зайду з другога боку куста. Ляўданскі.

•••

Хоць ты махалам махай — занадта многа каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. Правесці які‑н. час стоячы. Гадзіны са дзве прастаяў дзядзька Марцін каля дзвярэй. Колас. Хлопцы прастаялі пад ялінай хвілін дзесяць, а мо і больш. Шашкоў. // што. Прабыць на нагах да канца чаго‑н., адстаяць. [Жанчына] прастаяла імшу, не думаючы ні пра бога, .. ні пра што іншае. Чорны. // за чым. Правесці які‑н. час на якой‑н. рабоце, якая патрабуе стаячага становішча. Прастаяць усё жыццё за станком.

2. Прабыць на стаянцы, у лагеры і пад. які‑н. час. [Лейтэнант:] — У лагерах на станцыі Друць мы цэлае лета прастаялі. Васілевіч. / Пра поезд, параход і пад. У Оршы, на забітай вагонамі станцыі, эшалон прастаяў тры дні. Навуменка.

3. Прабыць які‑н. час без дзеяння, не функцыяніруючы. — Паехалі — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. — І так доўга прастаялі. Шахавец. Замест трох дзён паравоз прастаяў у рамонце тры гадзіны! Зуб.

4. Заставацца без змен на працягу якога‑н. часу. Пагода прастаяла з месяц. // Праіснаваць які‑н. час, не разбураючыся. Пра такія хаты гавораць, што яна прастаіць вякі і ніколі не спарахнее. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лапата́ць, лапачу, лапочаш, лапоча; незак.

1. Удараць па якой‑н. паверхні, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі; шалясцець. Лапатаць па вадзе крыламі. Лапочуць сцягі. □ Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы... Грамовіч. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым егерам распускаў спінны плаўнік. Броўка.

2. што і без дап. Разм. Нязвязна, паспешліва гаварыць, расказваць. Галілей суняўся.. і вінавата лапатаў: — Сушыльня... ага... сушыльня... Зарэцкі. Усе жанчыны як па камандзе, перабіваючы адна адну, пачыналі лапатаць, не згаджацца з прамоўцам. Грамовіч. // Невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць. [Арынка] нешта лапоча на сваёй дзіцячай мове. «Звязда». // Гаварыць на чужой, незнаёмай для каго‑н. мове. Бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Чорны.

3. што і без дап. Разм. Гаварыць многа і бесперастанку аб чым‑н. нязначным, пустым; балбатаць, балабоніць. Жанчына жыла адна і любіла збіраць па вёсцы плёткі, — бегала з канца ў канец па хатах, лапатала пра ўсё, што на язык трапляла. Пташнікаў. [Маці:] — О-о, зноў лезе .. ведзьма, Міхаліна. Будзе тут цэлы дзень лапатаць ды падглядваць! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́стры, ‑ая, ‑ае.

Жвавы, імклівы, рухавы. Малога росту і надзвычай шустры, .. [Гаўрыла] не ходзіць, а лётае. Навуменка. Быстрая, не па гадах шустрая бабка Кацярынка прашнуравала да стала і ўціснулася паміж людзей на ўслон. Палтаран. [Альжбета:] — Харошы хлопчык, жвавы такі, шустры. Пальчэўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Адны вочы пад трошкі прыпухлымі павекамі былі па-ранейшаму жывыя, шустрыя і нагадвалі пра Насту маладую, прыгожую. Хадкевіч. На адну дарогу патрэбна мець у запасе добрую чвэртку гадзіны! Гэта, вядома, калі мераць яе шустрымі крокамі першага ў атрадзе бегуна Колі Пінчука. Якімовіч. / Пра жывёл, птушак і пад. Перасталі мітусіцца Нават шустрыя сініцы. Бачыла. Закружыла ў рэчцы кругі Плойма шустрых плотак. Бядуля. Па леташніх лісцях і траве прабеглі шустрыя, заклапочаныя мурашкі. Сачанка. // Які мае быструю плынь, павёў, рух; хуткі. Падышла да рэчкі шустрай, Месяц кружыцца ў вадзе. А. Александровіч. Ветрык шустры змоўк, заціх. Барадулін. // Быстраходны. Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозік. Купала. З уловам багатым, збаўляючы ход, Да берага шустры ідзе параход. Гаўрусёў. // Бойкі, кемлівы; разбітны. Шустрая, задаволеная жыццём, .. [маці] ўсю энергію і сілу аддавала сям’і, парадку ў хаце. Ваданосаў. Разгубіўся шустры перакладчык: захліснуў пытаннямі натоўп. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садзі́ць, саджу́, са́дзіш, са́дзіць; незак.

1. каго-што. Запрашаць, дапамагаць або прымушаць заняць якое-н. месца.

С. дзяцей у зале.

С. пасажыраў на параход.

С. авіялайнер (весці на пасадку).

2. каго (што). Змяшчаць куды-н., прымушаючы што-н. рабіць, або знаходзіцца ў якім-н. стане; абмяжоўваць у чым-н.

С. каго-н. за станок.

С. у астрог.

С. квактуху.

С. на дыету.

3. што. Закопваць у зямлю або сеяць з мэтай вырошчвання.

С. бульбу.

С. сад.

4. што. Ставіць у гарачую печ, сушню для выпякання, сушэння.

С. пірагі ў печ.

5. што. Усоўваць, змяшчаць што-н. куды-н.

С. руку ў цеста.

С. фотакартку за рамку (разм.).

6. і без дап. Ужыв. для ўтварэння якога-н. энергічнага дзеяння (разм.).

С. калом па плоце.

С. з ружжа (страляць). З коміна садзіў чорны дым (валіў густымі клубамі).

7. каго-што. Глыбока ўвязнуўшы ў што-н. гразкае, даць завязнуць, засесці.

С. калёсы ў гразь.

8. што. Наносіць, прымацоўваць што-н. на якую-н. паверхню (разм.).

С. плямы.

С. латкі на штаны.

9. што. Марна траціць, расходаваць (разм.).

Няма чаго напрасна с. грошы.

На пасад садзіць

1) рыхтаваць месца і садзіць на покуце — падчас вяселля;

2) аддаваць замуж.

Пасад садзіць — рассцілаць снапы на таку ў два рады, каласы да каласоў для абмалоту.

Садзіць нос куды, у што (разм., неадабр.) — умешвацца не ў сваю справу.

|| зак. пасадзі́ць, -саджу́, -са́дзіш, -са́дзіць; -са́джаны.

|| наз. паса́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж. (да 1 знач. — пра самалёт або пра размяшчэнне ў вагоне, параходзе і пад. і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уплы́ть сов.

1. паплы́сці, паплы́ць; (выплыть) вы́плысці, вы́плыць; (отплыть) адплы́сці, адплы́ць; (сплыть) сплы́сці, сплыць, мног. пасплыва́ць; (заплыть) заплы́сці, заплы́ць;

парохо́д уплы́л ра́но у́тром парахо́д адплы́ў ра́ніцай;

плове́ц уплы́л в мо́ре плыве́ц паплы́ў (заплы́ў) у мо́ра;

2. перен. (пройти, миновать), разг. прайсці́, міну́ць; сплы́сці, сплыць, мног. пасплыва́ць;

нема́ло вре́мени уплы́ло с тех пор няма́ла ча́су прайшло́ (міну́ла) з той пары́;

3. перен. (исчезнуть, израсходоваться), разг. сплы́сці, сплыць, зні́кнуць;

де́ньги уплы́ли в один день гро́шы сплылі́ за адзі́н дзень.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прывалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. каго-што. Прыперці, прыхіліць да чаго‑н. Прываліць бервяно да сцяны. // Прыкрыць, прыціснуць зверху чым‑н. Прываліць каменем. □ [Снег] прыкрыў, прываліў з восені багну і ваду ў балотах. Сачанка. // безас. Прыціснуць, прыдушыць. Гэтая дзяўчына пераклала немцам, быццам у лесе сасной прываліла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога. Карпюк.

2. Спец. Прыстаць, прычаліць (пра судна). Параход прываліў да берага.

3. Разм. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. Раз, ужо ў познюю восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Колас. Як заўсёды.., на сход прываліла ўся вёска; моладзь — тая наперадзе. Нікановіч. Прывалілі людзі з саду: — Што такое? — Што за гром? Бялевіч. / у безас. ужыв. У мястэчка за апошні месяц прываліла нямала рознага люду. Навуменка. // перан. З’явіцца, прыйсці (пра што‑н. нечаканае або ў вялікай колькасці). [Аўгусцін:] — Чуў, чуў, Мікалай, пра тваю знаходку. Во шчасце прываліла! Паўлаў. Здаецца, ніколі .. [вясны] так пс чакалі, як сёлета. Ажн[о] во яно, прываліла цяпло. Савіцкі. Дабро прываліла ў хату, але да раніцы яго яшчэ трэба добра прыхаваць. Няхай. / у безас. ужыв. Мадэльшчыкаў мала, а новых заказаў многа цяпер прываліла. Чорны.

прывалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Трохі, не поўнасцю зваліць (сукно).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́яс, ‑а, м.

1. Рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу па таліі. Яшчэ да таго, як Глушак управіўся наліць усім, Дубадзел падняўся, абцягнуў гімнасцёрку пад поясам, важна пакашляў у кулак. Мележ. // Паласа тканіны, якая прышываецца да верхняй часткі спадніцы, штаноў; паясніца. Прышыць пояс.

2. (пераважна з прыназ.). Паясніца, талія. Па пояс тут вырасце грэчка, мёдам запахнуць палі. Панчанка. Коўдра рабілася [нясцерпна] цяжкаю, і.. [Васіль] памаленьку ссоўваў яе з галавы на плечы, з плеч на пояс, а з пояса на ногі. Гартны.

3. Што‑н., размешчанае паласой. Неўзабаве параход схаваўся за зялёным поясам прырэчных лазнякоў. Краўчанка. / Пра святло. У поясе святла, якое падала з будкі, стары чалавек у кароценькай ватоўцы і валёнках і худы падлетак грузілі дровы. Мележ.

4. Брусы (распоры) паміж кроквамі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. «Беларусь».

5. Спец. Частка паверхні зямнога шара паміж двума мерыдыянамі.

6. Спец. Частка паверхні зямнога шара, якая з’яўляецца пэўнай кліматычнай зонай. Сярэдні пояс. Трапічны пояс.

7. Спец. Частка краіны, якая адрозніваецца ад іншай тэрыторыі якімі‑н. эканамічнымі прыкметамі. Тарыфны пояс.

8. Спец. Частка шкілета ў пазваночных жывёл і чалавека, якая служыць для прычлянення да тулава і апоры канечнасцей. Плечавы пояс.

•••

Гадзінны пояс — 1/24 частка зямной паверхні, ва ўсіх пунктах якой аднолькавае лічэнне часу (уся зямная паверхня падзелена на 24 гадзінныя паясы).

Заткнуць за пояс каго гл. заткнуць.

Кланяцца ў пояс гл. кланяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трубі́ць, трублю, трубіш, трубіць; незак.

1. Дзьмучы ў трубу, прымушаць яе гучаць. Трубіў пастух... З палосак Дахаты жнеі йшлі, Іх песень адгалоскі Журботаю плылі... Панчанка. Ты [партыя], як маці, схілялася, родная, Над маёю калыскай тады, Калі ў трубы трубіла паходныя, Падымаючы сілы народныя, Царскі лад руйнаваць назаўжды. Непачаловіч. // Гучаць (пра трубу). Трубы трубяць. □ Трубіць паляўнічы рог, гаўкаюць ганчакі, — гэта, значыцца, выязджае пан на ловы. Гарэцкі. // Падаваць сігналы, падобныя да гукаў трубы. Недзе на пуцях трубілі паравозы. Лынькоў. Вакол густы туман, параход увесь час трубіць. Мележ. // Ствараць нізкія, моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Дзіка трубяць ваўкі. Куляшоў. Я слухаў, Як гусі трубілі, Грымела вясны гамана, І думаў аб юнай рабіне. Калачынскі.

2. што. Гукамі трубы падаваць сігнал да чаго‑н.; выконваць на трубе што‑н. Трубіць атаку. Трубіць зару. Трубіць трывогу. □ Эй, гарніст, трубі паход! Колас.

3. што і без дап. Разм. Шмат есці. Густаў, дурніца гэты, прыносіць толькі па дванаццаць марак кожнай пятніцы — што застаецца ад аліментаў яго прыгажуні, — а хлеба трубіць шмат, і з сабой жа бярэ таксама. Брыль.

4. перан. Разм. Пісаць, весці размовы аб кім‑, чым‑н., распаўсюджваць чуткі. [Веля:] — Жыві! Але мяне не прымушай жыць так, як табе хочацца! [Яўген:] — Пэўна ж! Аб тваім жыцці цяпер увесь пасёлак трубіць! Савіцкі. // Назойліва напамінаць, гаварыць аб чым‑н. А Марыя Цітаўна, перакрыкваючы радыёлу, што грымела на ўсю хату, трубіла: «Я ж вас, дзеткі мае, усіх люблю». Гаўрылкін.

•••

Трубіць на ўвесь свет — тое, што і трубіць (у 4 знач.).

Трубіць у фанфары — паднімаць урачысты шум вакол чаго‑н., урачыста абвяшчаць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)