прывалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.
1. каго-што. Прыперці, прыхіліць да чаго‑н. Прываліць бервяно да сцяны. // Прыкрыць, прыціснуць зверху чым‑н. Прываліць каменем. □ [Снег] прыкрыў, прываліў з восені багну і ваду ў балотах. Сачанка. // безас. Прыціснуць, прыдушыць. Гэтая дзяўчына пераклала немцам, быццам у лесе сасной прываліла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога. Карпюк.
2. Спец. Прыстаць, прычаліць (пра судна). Параход прываліў да берага.
3. Разм. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. Раз, ужо ў познюю восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Колас. Як заўсёды.., на сход прываліла ўся вёска; моладзь — тая наперадзе. Нікановіч. Прывалілі людзі з саду: — Што такое? — Што за гром? Бялевіч. / у безас. ужыв. У мястэчка за апошні месяц прываліла нямала рознага люду. Навуменка. // перан. З’явіцца, прыйсці (пра што‑н. нечаканае або ў вялікай колькасці). [Аўгусцін:] — Чуў, чуў, Мікалай, пра тваю знаходку. Во шчасце прываліла! Паўлаў. Здаецца, ніколі .. [вясны] так пс чакалі, як сёлета. Ажн[о] во яно, прываліла цяпло. Савіцкі. Дабро прываліла ў хату, але да раніцы яго яшчэ трэба добра прыхаваць. Няхай. / у безас. ужыв. Мадэльшчыкаў мала, а новых заказаў многа цяпер прываліла. Чорны.
прывалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.
Трохі, не поўнасцю зваліць (сукно).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)