сцярпе́ць, сцярплю, сцярпіш, сцярпіць; сцярпім, сцерпіце, сцярпяць; зак., што.

Вынесці, вытрымаць (што‑н. цяжкае, непрыемнае). Сцярпець абразу. □ Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. Сэрца бацькоў не магло сцярпець такога дзіцячага гора. Маўр. // без дап. (звычайна з адмоўем «не»). Стрымацца, утрымацца (ад якіх‑н. дзеянняў, слоў). [Міхась:] — Натура ўжо гэткая: ніколі не сцярплю, па вачах праўдай хвастану. Савіцкі. // каму. Змаўчаць, саступіць каму‑н. Гэты ножык у Піліпкавага бацькі, можа, яшчэ ў партызанах быў. Таму Піліпка і не сцярпеў Алесю. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанабэ́рысты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць фанабэрыцца; схільны да фанабэрыі, з фанабэрыяй. Ліхі і фанабэрысты, як кожны шляхціц, пан Мазурскі вызначаўся асаблівай лютасцю сярод іншых паноў усяго ваяводства. Якімовіч. Багаты і фанабэрысты быў .. бацька [Андрэя],.. любіў паздзекавацца з беднага люду. Ваданосаў. [Цішка Гартны] не любіў фанабэрыстых людзей і, калі заўважаў гэтую прыкрую хваробу, імкнуўся жорстка высмеяць яе пры першай сустрэчы з чалавекам. Хведаровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Фанабэрыстая натура. □ І як гэта ў Зіначкі з яе мілым, зусім дзявочым тварыкам хапіла тактоўнасці не заўважаць маю фанабэрыстую перавагу. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увя́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. увяз, ‑ла; зак.

1. Засесці, завязнуць, трапіўшы ў што‑н. вязкае, ліпкае, сыпкае. Увязнуць па пояс у балоце. // Разм. Завязнуць у чым‑н. цесным, вузкім. Увязнуць з пакункамі ў дзвярах.

2. перан. Разм. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. — От чортава натура! — без злосці прамовіў Яўген Рыгоравіч. — Ужо ўвяз [у будаўніцтва] і мяне цягне... Але хіба можна адмовіцца! Хадкевіч. // Аказацца пад уздзеяннем, ва ўладзе чаго‑н. [Чаркашын:] — Я быў у .. [Рэні]. Не пусцілі .. Я ім усю іхнюю бальніцу разнясу, калі другі раз не пусцяць. Я, брат... цяпер увесь увяз... Душа ўвязла... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыро́кі, -ая, -ае.

1. Вялікі ў папярочніку.

Шырокая вуліца.

Шырока (прысл.) раскрыць вочы (таксама перан.: здзівіцца).

2. Пра адзенне: прасторны.

Куртка шырокая ў плячах.

3. Які займае сабой вялікую прастору, мае вялікую працягласць.

Шырокія стэпы.

Наступаць шырокім фронтам.

4. Размашысты, свабодны.

Ш. крок.

Ш. жэст (перан.: пра высакародны ўчынак са знешняга боку).

5. перан. Вялікі па колькасці, ступені, ахопу, размаху і пад., масавы.

Шырокая сетка школ.

Шырокія паўнамоцтвы.

Тавары шырокага ўжытку.

6. перан. Вялікі, неабмежаваны, разнастайны на выбар.

Шырокая начытанасць.

Шырокая праграма навуковых даследаванняў.

У шырокім сэнсе слова (у самым агульным разуменні).

7. перан. Не абмежаваны ў праяўленні, выяўленні чаго-н., з размахам.

Жыць на шырокую нагу — багата, раскошна.

Шырокая натура — пра шчодрага, адкрытага, таварыскага чалавека.

|| наз. шырыня́, -і, ж. (да 3—7 знач.) і шыро́касць, -і, ж. (да 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе.

1. м. і ж. Чалавек з фізічным недахопам, з брыдкім абліччам. Хоць дзіцятка ўрода, Але бацьку шкода. Крапіва. Але мачыха давяла мужу, што сын у яго ўрода і няўклюда. Сачанка.

2. ж. Натура, характар; прырода. [Яўхім:] — Ну і цаца ж ты! Як бог знае, дзе расла! [Ганна:] — Дзе ні расла, а такая вырасла. Урода такая. І другая не буду! Мележ. Мы знаем, ён [дзядзька Антось] рыбак з уроды. І ўсякіх рыб ён знае ходы. Колас.

3. ж. Абл. Ураджай (у 2 знач.). — На сена ўрода ў гэтым годзе, — гледзячы, як растуць копы, падняўся Костусь. Васілевіч. Дай жыту, светлы май, Дождж і пагоду, Добрую ўроду Дай яму, дай. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пары́вісты, ‑ая, ‑ае.

1. Нераўнамерны, няроўны, з раптоўнымі парывамі. Парывісты дождж то сек з усіх бакоў, то сціхаў. Няхай. І на прыжмураныя вейкі, Нібы дрыготкую расу, Парывістым світальным ветрам Я зоркі ўсе твае страсу. Бураўкін.

2. Рэзкі, імклівы. Якімка робіць парывісты рух, каб вырвацца з багны, але яна не адпускае яго... Курто. // Нераўнамерны, які час ад часу ўзмацняецца або слабне. Кожны з трох адчуваў парывістае дыханне другога. Білі здавалася, што сэрца яго вось-вось выскачыць з грудзей. Лынькоў.

3. Які лёгка захапляецца; няўрымслівы. І ўсё ж натура .. [Пётры Сергіевіча], заўсёды сквапная да ўражанняў, парывістая, памкнулася ўслед. Ліс. [Лёля] стаяла разгубленая, нібы прырасла да долу, і трывожна глядзела.. [Слаўку] ўслед. Чаго ён сёння нейкі не такі, як заўсёды: узрушаны, парывісты, разкаваты?.. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льны, -ая, -ае.

1. Свабодны, незалежны.

Вольныя людзі.

Вольная праца.

2. Свабодны, нічым не абмежаваны.

Вольнае жыццё.

В. вецер.

Вольнаму воля (пра чалавека, які можа паступаць па сваім меркаванні).

3. Нікім, нічым не заняты.

Вольнае месца ў вагоне.

Вольная пасада (вакантная). Вольная хвіліна.

4. Не абмежаваны якімі-н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны; які знаходзіцца на свабодзе.

В. акіян.

В. ход.

5. Не абмежаваны якімі-н. правіламі, законам.

В. продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых норм.

Вольнае абыходжанне.

7. Свабодалюбны.

Вольная думка, натура.

8. Не заціснуты, не замацаваны ў чым-н.

В. канец вяроўкі.

Вольныя рухі або практыкаванні — гімнастычныя практыкаванні без прылад.

Вольны верш — від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім у адвольнай паслядоўнасці спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп.

Вольны горад — самастойны горад-дзяржава ў Сярэднія вякі.

Вольны пераклад — не літаральны пераклад.

Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах: стыль плавання, які выбірае сам плывец.

Па вольным найме — аб службе неваенных у ваеннай установе.

|| наз. во́льнасць, -і, ж. (да 2, 5 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

драпе́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які корміцца іншымі жывёлінамі (пра звяроў, птушак і пад.). Драпежны звер. Судак — драпежная рыба. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. // Які належыць, уласцівы такім жывёлінам. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася, на Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока. Даніленка. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас.

2. перан. Поўны імкнення да нажывы; прагны, хцівы (пра чалавека). Драпежная натура. □ Постаць цара вынікала ва ўяўленні ў сваёй страшнай дваістасці: цар лагодны, партрэтны цар, і цар, паказаны ў кніжачцы, драпежны цар — ашуканец са злосна вышчаранымі зубамі, гатовымі грызці людское цела. Колас. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, хцівасць. Драпежны выраз твару. Драпежны позірк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўры́мслівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, суняцца; непаседлівы. Сам гарачы, няўрымслівы, .. [Рэндал] і другім не дае сядзець без работы. Гамолка. Толькі няўрымслівыя хлапчукі.. увесь час выскоквалі на віднае месца, за што ім перападала ад бацькоў і матак. Броўка. // Уласцівы такому чалавеку. Лёня спрактыкаваным вокам прыкмеціў, што не ад хвалявання стары такі рухавы — характар няўрымслівы. Новікаў. Няўрымслівая натура не давала .. [Ганне] спакою, асабліва цяпер, калі яна апынулася ў гушчы барацьбы. Няхай. // Які не сціхае, не змаўкае, не спыняе працяглы час сваёй дзейнасці. Кіпіць у цяснінах, ляціць на прастор Бурлівы, няўрымслівы Вахш. Кірэенка. Вее вецер вясновы, няўрымслівы, свежы. Зарыцкі.

2. Нецярплівы. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў яго станавіліся рахманыя, супакойныя, пакорлівыя. Дубоўка. Маленькім крыклівым няўрымслівым сынам наогул здаецца, што час стаіць на месцы... Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыдо́ба ’спрыяльныя прыродныя ўмовы; выгода, раздолле’ (Бяльк., ст.-дар., бярэз., Янк. 1; Сл. ПЗБ, ПСл, ЛА, 5), прыдо́бства ’зручнасць, выгада’ (Ян.), прыдо́бны ’ўрадлівы’ (калінк., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад до́ба з семантыкай ’уласная прырода, уласцівасці (пра чалавека); асяроддзе’ (гл.), што да прасл. *doba ’(зручны) час, перыяд часу, тэрмін, момант; узрост’. У SP (3, 285–286) прапануецца звязваць прыведзеныя вышэй значэнні з *doba, якое ўзыходзіць да і.-е. назоўніка з асновай на ‑r‑ (‑r‑/‑n‑) — *dhabhō(r) > *dabō(r) > Р. скл. адз. л. *dabons > *doby; параўн. асабліва літ. dabar̃ ’цяпер’. З другога боку, існавала аманімічнае першаму *doba, але з асновай на ‑ā, роднаснае літ. dabà ’прырода, натура, характар, звычай’ і лат. daba ’спосаб, уласцівасць, звычай, характар’. Прыняўшы гэтае меркаванне і маючы цяпер ў падмурку поўны слоўнікавы матэрыял і асабліва семантыку ўтварэнняў з прэфіксам пры‑ (сюды ж укр. придо́ба ’добрыя ўмовы жыцця; зручнасць; зручнае для чаго-небудзь месца’), можна ўпэўнена рэканструяваць у прасл. *doba сінанімічныя дыялектныя значэнні ’прырода, (добрыя, спрыяльныя) прыродныя ўмовы; прырода, уласцівасці (чалавека)’, параўн. тут яшчэ крыху аддаленыя серб.-харв. прѝдобница ’цяжарная’, в.-луж. doba ’запас, наяўнасць’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 96–97; Анікін, Этимология, 214–215.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)