кася́к 1, а́, м.

1. Разм. Тое, што і вушак. Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі. Шамякін.

2. Пра косы, косавугольны або размешчаны коса прадмет. Апрануты .. [Жан] быў у новенькі, адпрасаваны, моднага крою карычневы касцюм з касяком белай хусцінкі ў кішэньцы на грудзях. Новікаў. Унізе плыве вялізны жоўты касяк калгаснай грэчкі. Краўчанка.

3. у знач. прысл. касяко́м. Коса, наўскасяк. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком праспект. Гартны.

кася́к 2, а́, м.

1. Гурт кабыл з адным жарабком.

2. Чарада птушак, рыб. Гусцела імгла, а белыя касякі гусей яшчэ не вылазілі з рэчкі. Пташнікаў. Вада чыстая, празрыстая, і з байдаркі добра відаць, як цэлыя касякі маленькіх рыбак жвава і весела мітусяцца над пясчаным дном. В. Вольскі. // у знач. прысл. касяко́м, касяка́мі. У вялікай колькасці, вялікімі групамі. Шчасце ходзіць у адзіночку, гора плыве касяком. Асіпенка. Плылі сузор’і касякамі ў небе — І мы закінулі на шчасце невад. Блатун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рабі́на, рабіна́, рабі́ніца ’рабіна’ (ТСБМ; воран., глыб., шальч., вільн., швянч., Сл. ПЗБ; ТС, Нар. Гом., ЛА, 1, карта № 215; Бяльк.), рус. ряби́на, укр. гороби́на, ороби́на, оря́бина, горад, горба, ворбина, веребина, ря́бка, польск. jarzębina, чэш. jeřabina, jeřáb, в.-луж. wjerjebina, н.-луж. jerjebina, славін. řabʼina, серб.-харв. jarèbika. Прасл. *arębina, *erębina, *ěrębina або (з іншай ступенню вакалізму) *rębina паходзіць з прасл. *arębъ ’курапатка, рабина’, *erębь ’рабчык’, *ěrębь ’буры’, звязаных з і.-е. *ē̆rē̆‑b(h)‑ *ō̆rō̆‑b(h)‑ са значэннем істот або дрэў цёмнага, чырвонага, бурага колеру (у славянскіх мовах пра стракаты колер). Роднаснае да літ. jerubė̃, jerbė̃ ’рабчык’, лат. ir̃be ’курапатка’, ir̃bene ’рабіна’, ст.-ісл. jarprкарычневы’, jarpi ’рабчык’, ст.-в.-ням. erpf ’цёмнага колеру’ (Бернекер 1, 274; Мацэнаўэр, LF 8, 29; Фасмер, 3, 535; Трубачоў, ЭССЯ, 1, 7375; SP, 6, 58, 134; ЕСУМ 1, 570; Покарны 1, 334; Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 104). Брукнер збліжае з літ. ráibas, raibas ’стракаты’ (Брукнер, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́жы ’чырвона-жоўты’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’чырвона-чорны’ (воран., віл., шальч., астрав., свісл., Сл. ПЗБ), ’руды’ (ЛА, 4; шчуч., Сл. ПЗБ; Бяльк.), худы (пра мяса) (ст.-дар., Нар. сл.), ’з праслойкамі мяса (пра сала)’ (ст.-дар., чэрв., Сл. ПЗБ), ’рыжы, светла-карычневы’, ’з рабаціннем на твары’ (ТС), ’чырвонашчокі’ (ПСл), ры́жае, рыжо́віна ’нятлустае мяса’ (ЛА, 4), рыжо́віны ’сала з праслойкамі’ (ст.-дар., ЛА, 4), рус. рыжий, укр. ри́жий, польск. rydzy ’рыжы’, славац. rýdzi ’чысты’, ’дабротны’, чэш. ryzí ’рыжаваты’, в.-луж., н.-луж. ryzy ’рыжы’, славен. rȋdž ’буры’, серб.-харв. rȋđ ’рыжы’, балг. ридж ’жоўта-чырвоны’, ст.-слав. рыждь. Прасл. *rydjь (корань *ryd‑: *rъd‑: *rud‑). І.‑е. корань *reudh ’чырвоны’, ’руды’ (Покарны, 1, 872–873). Звязана з руда́, рдзець, іржа, параўн. літ. rudìs ’іржа’, жам. rudéti ’ржавець’, літ. rudýnas, rudijà ’балота з іржавай, жалезістай вадой’, rùdis ’руды конь’ (Фасмер, 3, 527; Брукнер, 471; Махэк₂, 528; Скок, 3, 138–139; БЕР, 6, 252; Чарных, 2, 130).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ры́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.

2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пёс ’сабака’ (Бес., Нас.), астрав. пес ’тс’ (Сл. ПЗБ), пёссі ’сабачы’ (чач., Нар. Гом.; Чарадз. казкі), укр. пес, рус. пёс, польск. pies, н.-луж. pjas, в.-луж. pos, чэш., славац. pes, славен. pȅs ’сабака’, серб.-харв. па̏с, макед. пес, балг. пес, пе́сът, старое pъs, ст.-слав. пьсъ. Прасл. pьsъ, якое фанетычна стаіць найбліжэй да ст.-інд. piçáŋgas ’рыжаваты, карычневы’, параўн. Рыжык ’імя сабакі’ і прасл. *pьstrъ ’стракаты’ (першапачаткова ’плямісты’ — параўн. авест. paēsa ’пракажоны’, ст.-грэч. ποικίλος ’стракаты’ і інш.) (Фасмер, 3, 248). Найімаверней выходзіць з і.-е. *pĭk‑ ’злы’, хаця ў балт. мовах — *pik‑/*pei̯k‑/*poi̯k (літ. pìktas ’тс’, peĩkti ’ганіць’, ’абгаворваць, зняслаўліваць’, paĩkas ’прыдуркаваты’) (Сной–Бязлай, 3, 27). Іншыя версіі: збліжэнне з лац. pecus ’скаціна’, ст.-грэч. πεκος ’шкура’, ст.-інд. paçús, авест. pasu‑ ’тс’, гоц. faíhu ’грошы’ з набліжэннем семантыкі да ’касматы, калматы’ (Ільінскі, РФВ, 69, 13; 73, 286; AfslPh, 34, 11) ці да ’вартаўнік скаціны’ (Остгаф, Parerga 1, 214, 256–265 і наст.; Брукнер, 411, Барталоме, 881), што, як і збліжэнне з лац. specio ’гляджу’ (Мее, Études, 238) і інш., з’яўляюцца менш імавернымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́ўты. Рус. желтый, укр. жо́втий, польск. żółty, серб.-луж. žółty, чэш. žlutý, славац. žltý, балг. жълт, макед. жолт, серб.-харв. жу̑т, славен. žôlt ’тс’. Ст.-слав. жлътѣница ’гатунак салаты’, ц.-слав. жлътъ ’жоўты’. Ст.-рус. жьлтый ’тс’. Параўн. яшчэ вытворныя жаўток, жаўцець, жаўціна прасл. характару і шэраг пазнейшых. Прасл. *žьltъ, роднаснае літ. gel̃tas ’жоўты’, лат. dzęltęns, ст.-прус. gelatynan ’тс’, узыходзіць да і.-е. кораня *gʼhel‑ або *ghel‑. Покарны (1, 429–30) лічыць зыходным першы, які мае шэраг і.-е. адпаведнікаў (у тым ліку ст.-іран. zari ’жоўты’, лац. helvus ’мёдава-жоўты’, брэтонск. gell ’светла-карычневы’, ням. gelb ’жоўты’ і інш.), але на слав. грунце дае зялёны, залаты (гл.). Тады, паводле Покарнага (услед за Персанам і Крэчмерам), балта-слав. *gel‑ тлумачыцца запазычаннем з моў kentum. Іншае тлумачэнне балта-слав. форм: праз наяўнасць і.-е. *g​hel‑ (> *gel‑, *gil‑), якое давала слав. *žьl‑ і ўзаемадзейнічала з *gʼhel‑ (Тапароў, E–H, 199). Так ці іначай у жоўты адлюстравана балта-слав. суфіксацыя *‑t‑, прычым у слав. корані (у адрозненне ад балт.) ‑ĭ‑. Гл. Фасмер, 2, 43–44; Траўтман, 83–84; Шанскі, 1, Ж, 282; Булахаў, Прым., 3, 76; Махэк₂, 730. Гл. яшчэ жоўць1, жоўкнуць, жаўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мядзве́дзь1, мядзьве́дзь, недзве́дзь, вядзьме́дь, мідве́дь, мыдьві́дь, мэдві͡едь, хоц. мадзмедзь; мядзве́дзіца, мыдвідэ́ха, мядзьве́дзіха, медзве́жыца, мядзьвіга ’драпежная млекакормячая жывёліна Ursus arctos’, ’няўклюдны, непаваротлівы дужы чалавек’ (ТСБМ, Бес., Зн., Нас., Кліх, Яруш., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат., Нар. Гом., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Маг.). Укр. ведмі́дь, медві́дь, рус. медве́дь, польск. niedźwiedź, miedźpiedź, н.-луж. mjadwjeź, в.-луж. mjedujedź, чэш. medvěd, nedvěd, славац. medveď, славен. médvẹd, серб.-харв. мѐдвјед, медо; макед. мечка, мечор, мечок, мечорок, балг. медвед, мечка, ц.-слав. медвѣдь. Прасл. medvědь ’той, хто есць мёд’ — да мёд і е́сці (гл.) — табуістычная замена і.-е. назвы мядзведзя *r̥k̑tþos: параўн. ст.-інд. ṛkṣá‑, ст.-грэч. ἄρκτος, лац. ursus (Бернекер, 2, 30; Фрэнкель, ŻfSlPh, 13, 207; Фасмер, 2, 589; Скок, 2, 398; Бязлай, 2, 175).

*Мядзве́дзь2, драг. мыдьві́дь, мэдві́дь, мыдвэ́дык ’грыб пеўнік жоўты, Hydnum repandum’ (драг., пін., Жыв. сл.); лід. мядзведзія вушы, в.-дзв. мядвежжы вушы ’пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatum’ (Сл. ПЗБ). Рус. калуж. медвежьи ухи ’грыбы (якія?)’. Да мядзве́дзь1 (гл.). Названы паводле карычневага колеру грыба і варсістага покрыва яго капялюшыка. Параўн. таксама літ. meškà ’нейкі карычневы грыб’ і ’мядзведзь’, а таксама назвы іншых жывёл, напр. каза6 (гл.).

Мядзве́дзь3 ’бульбяная каша’ (Жд. 1). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ры1 ‘дугападобная дэталь калаўротка, замацаваная на той жа восі, што і шпуля’ (брэсц., Нар. лекс.), ‘вілападобная дэталь з металічнымі кручкамі ў калаўроце (для намотвання нітак на шпульку’ (гродз., Нар. сл.), се́ры ‘прылада ў калаўроце, куды ўсаджваюць шпулю’ (Сл. рэг. лекс.), сі́ры ‘тс’ (Скарбы), польск. дыял. śery ‘вілачкі ў калаўроце, у якія ўстаўлены кручочкі з дроту’. Зданцэвіч (LP, 1960, 348) адносіць да літуанізмаў, але без этымону. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць да слоў, балцкае паходжанне якіх недастаткова абгрунтавана. Няясна.

Се́ры2 ‘шэры’ (ЛА, 4). Параўн. укр. сі́рий, рус. се́рый, ц.-слав. сѣръ, стараж.-рус. сѣрыи, серб.-харв. си̏јер ‘шэры, сівы, палавы’, славен. sér, sîr ‘тс’, балг. дыял. сер, сяр ‘шэры’. Рэканструкцыя зыходнай формы няпэўная ў сувязі з чаргаваннем s/š (гл. шэры): *sěrъ/*šěrъ узводзяць да прыметніка *xe̊rъ ‘шэры, сівы’, ж. р. *xěra, роднаснага ст.-ісл. hárr ‘шэры, сівы’, англ.-сакс. hár, ст.-в.-ням. hêr ‘паважаны, велічны’, с.-в.-ням. hêr(e) ‘тс’, ірл. ciar ‘цёмны’ (< герм. *haira‑), што з няпэўнасцю з-за фанетычных цяжкасцей звязваецца з і.-е. *ḱoi̯‑ro ‘цёмны, шэры, карычневы’ (гл. Бязлай, 3, 229; Сной₂, 650; Фасмер, 3, 611). Інакш Махэк₂ (605), які параўноўвае праславянскую форму з гоц. skeirs ‘ясны, светлы’, ст.-ісл. skīrr ‘тс’, што роднасныя *sьjati (гл. ззяць). Агляд версій гл. ESJSt, 13, 803–804.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́рза1 ’неахайны або мурзаты чалавек’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Чач., Растарг., Нікан., Сл. ПЗБ, ТС), ’губа’ (Нас.), мурзе́ля ’тс’, ’бруднае дзіцё’ (ТС), ’запэцканы твар’ (паўн.-усх., КЭС), клец. мурзэля ’тс’ (Нар. лекс.), міёр. мурза́ч, мурзэль, мурзэла, мурзэліна ’брудны, мурзаты’ (З нар. сл.), му́рзаць, му́рзацца ’пэцкаць твар, зубы’, ’рабіцца брудным’ (ТСБМ, Нас., Янк. 2, Шат., ТС; КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. літ. mùrza, лат. mur̃za ’брудны, мурзаты чалавек’, яшчэ літ. ’твар, рот’ (параўн. адпаведнае значэнне ў бел. лексемах), якія ад mùrti ’размакаць’, ’гразнуць, вязнуць’ пры дапамозе суфікса ‑z‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 121–122). Аналагічна ўкр. жытом. мурзатий, усх.-польск. murza, murzacz, murzać; murzaty, murzasty, ’сабака чорнай масці’, murzuwaty ’шэры конь’, mruźaty, mroźaty ’шэра-светла-карычневы конь’, рус. му́рза, мурза́, мурза́йка, мурза́ки ’твар’ (Літ., Латв. ССР).

Му́рза2 ’павідла з чарнікі і мукі’ (стол., Вешт. дыс.), ’страва з чарніц’ (ТС), мурза́ч ’страва з мукі і смятаны’ (петрык., Мат. Гом.). Укр. жытом. мурза ’павідла’. Відавочна, балтызм. Параўн. murzóti ’намазваць, мазаць’.

Мурза́ ’тытул татарскай феадальнай знаці ў XV ст.; асоба з такім тытулам’ (ТСБМ), ст.-бел. мурза, мурса, мырза ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-рус. мурза < тат. myrza < перс. mīrzā або і непасрэдна з крым.-тат. мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 27) Жураўскі (Цюркізмы, 86) лічыць гэта слова экзатызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́сіца1, ла́сыца ’драпежная жывёліна з сямейства куніцавых, Mustela nivalis’ (ТСБМ, Янк. I, Сіг.), лас́іцка, ла́січка, ласачка (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ла́ска ’тс’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’гарнастай, Mustela ermina’ (Сіг.). Укр. ласица, ласичка, ласка, ластка ’тс’, ’вавёрка’, рус. ласка, ласица ’ласка’, ст.-рус. ласица (XIII ст.), ластица, ластвица (XVII ст.), польск. łasica, łaska, łasiczka ’тс’, каш. łasëca ’аса’, н.-луж. łasyca, łaska, łacyca, lasyca > в.-луж. łasyca (Шустар-Шэўц, 1, 764), чэш. lasice, ход. hlasice, ган. vlaska, ст.-чэш. vlasicě ’ласка’, ’пранырлівая жанчына’, славац. lasica ’ласка’, ’жанчына з гібкай фігурай’, славен. lásica, podlásica, раней і ulasica, серб.-харв. л̏асица, ulásica, подласица, podlȁska, макед. ласица ’тхор’, балг. ласица, власица, ст.-слав. ласица ’ласка’. Прасл. lasica, якое паходзіць, відаць, ад прым. lasъ, які захаваўся ў бел. ‑ласы, параўн. падла́сы ’белабрухі’, ’светла-карычневы’ (ТСБМ, Бяльк., Мал., Рам., Гарэц.), ’з белымі бакамі і грудзьмі’ (Шат.), ’пярэсты’ (Некр., Федар.), драг. пудла́сыстый ’белабрухі’ (Клім.), падла́сіна ’пярэсціна пад жыватом’ (ТСБМ), ла́сіна, ла́сына ’пярэсціна, якая вылучаецца сваім колерам шэрсці’ (пін., стол., БЛ, 13, 68), а таксама ў рус. ла́са ’светлая, гладкая паласа’, укр. ласі́й ’вол з белым чэравам і хвастом’, ла́ся, ла́сий ’чорная або рыжая жывёліна з белым чэравам і персямі’, підла́сий ’тс’, балг. лас ’конь ці лашак з чорнай бліскучай шэрсцю’, серб.-харв. ла́са ’ласка’, ’каза з колерам поўсці, як у ласкі’, ла́сац ’вол’, ла́сак ’сабака’, ла̏саст ’бялявы, белаваты’, венг. дыял. lászov ’свойская жывёліна бялявага колеру’. Найбольш дакладна прасл. lasъ адпавядае лат. luöss ’жоўта-шэры, бялявы’, lãsaĩns ’рабы, у крапінкі’. Агляд версій гл. Фасмер, 2, 461; Слаўскі, 5, 15–17; Махэк₂, 320–321; Скок, 2, 271; Шустэр–Шэўц, 1, 764–765. Інакш Ціўян (Проблемы слав. этнографии, Л., 1979, 186–193) услед за Трубачовым (ЭИРЯ, 2, 29–32), які адносіць гэту лексему да ласка (гл.), мяркуючы, што гэта табу, утворанае паводле прынцыпу абароны ад драпежнага звярка спробай улашчыць яго.

Ла́сіца2 ’ласіха’ (Сцяшк.). Улічваючы месца націску і мяркуючы, што ён спрадвечны на ла‑, можна аднесці да ласіца1 (параўн. аналагічнае серб.-харв. ла́сац ’вол’ і інш.).

Ласі́ца ’ласіха’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Да лось (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)