чыгу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Рэйкавая дарога, прызначаная для руху паяздоў. Гасцінец.. быў адзіны шлях зносін паміж гарадкамі, чыгунка была далёка. Чорны. А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Колас.

2. Комплекснае транспартнае прадпрыемства, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў па такой дарозе. Працаваць на чыгунцы. □ [Кавалеўскі:] — Ужо дамовіўся з Упраўленнем чыгункі, даюць чатыры пакоі ў новым доме. Карпаў.

3. Разм. Жалезная печка. На чыгунцы грэўся чайнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усплы́сці сов., прям., перен. всплыть; (об образах, воспоминаниях — ещё) встать;

наве́рх ~лыло́ мно́ства мале́нькіх ры́бак — наве́рх всплы́ло мно́жество ма́леньких ры́бок;

пе́рад вачы́ма ўсплыў знаёмы во́браз — пе́ред глаза́ми всплыл (встал) знако́мый о́браз;

зноў ~лыло́ гэ́та пыта́нне — сно́ва всплыл э́тот вопро́с;

у. наве́рх — всплыть на пове́рхность (нару́жу)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

спажыве́ц, ‑жыўца, м.

1. Асоба або арганізацыя, якія спажываюць што‑н. (прадукты чыёй‑н. вытворчасці, энергію, сыравіну і пад.). [Сцяпан Андрэевіч:] — Хто вам дазволіў распачынаць жыллёвае будаўніцтва? Цяпер будзеце поркацца. А спажывец — чакай шкла. Гурскі. Пакуль што, да пуску лаўсанавага камбіната, найвялікшы ў горадзе спажывец вады — Магілёўскі завод штучнага валакна. «Полымя».

2. Пакупнік. Фірмам патрэбен глядач — спажывец іх тавараў. Філімонаў.

3. перан. Неадабр. Той, хто імкнецца толькі да задавальнення сваіх патрэб. Мяшчанам, спажыўцам, эгаістам мякішавым аўтар супрацьставіць шчырых савецкіх людзей. Рамановіч. Хіба маралі спажыўца І звычкам эгаіста Знаёмы шчырасць пачуцця, Парывы думак чыстых?! Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; незак.

1. каго-што. Злёгку прыводзіць у рух, кратаць што‑н. Вецер шавяліў пажоўклае лісце на дубах, і яно ледзь чутна шалясцела. Чарнышэвіч. Па-над полем плавае лёгкі цёплы вецер і шавеліць на галаве ў дзеда густыя пасярэбраныя валасы. Галавач. // перан. Прымушаць да дзейнасці, працы, выводзіць са стану вяласці, абыякавасці да акаляючага; узбуджаць.

2. чым. Злёгку рухаць чым‑н. Зося лёгка разбірала знаёмы почырк і ледзь шавяліла губамі. Крапіва. Счапіўшы ў рукавах рукі, Фішар дрыжаў, шавяліў плячыма, тупацеў нагамі. Быкаў.

•••

Шавяліць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́бры, -ая, -ае.

1. Чулы да людзей, спагадлівы, сардэчны.

Д. па натуры чалавек.

Добрая душа.

2. Цалкам станоўчы па сваіх якасцях, з дадатнымі ўласцівасцямі, такі, як патрэбна.

Д. характар.

Добрая кніга.

Д. густ.

Д. настрой.

Добрыя ўмовы.

3. Заснаваны на жаданні дабра.

Д. водзыў.

Добрая парада.

4. Які карыстаецца славай, слаўны, чысты.

Добрае імя.

Пакінуць аб сабе добрую памяць.

5. Умелы, старанны ў рабоце, здольны.

Д. гаспадар.

Д. майстар.

Д. работнік.

6. Даволі вялікі па колькасці, памеры (разм.).

Д. кавалак.

Д. заробак.

7. Дабратворны, спрыяльны.

Д. ўплыў.

Д. клімат.

8. Удачны, паспяховы.

Д. вынік.

Добрыя паказчыкі.

9. Прыдатны для ўжывання, карыстання.

Д. грыб.

10. Блізкі пасяброўску, звязаны ўзаемнай сімпатыяй.

Д. знаёмы.

11. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць.

Добрая прымета.

Добрая навіна.

Добры вечар! — прывітальны зварот пры сустрэчы з кім-н. вечарам.

Добрай ночы! — пажаданне спакойна спаць.

Добры інтэрас! (разм., іран.) — выказванне нязгоды, неадабрэння, абурэння з якой-н. прычыны.

Усяго добрага — развітальнае пажаданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ле́тнік 1, ‑у, м., зб.

Аднагадовыя дэкаратыўныя садовыя расліны. // Абл. Летняя садавіна. [Каліна:] — Пяцьдзесят гектараў саду. А які ўраджай! .. Летнік псуецца, гніе шмат. М. Ткачоў.

ле́тнік 2, ‑а, м.

Разм. Лёгкі летні пінжак або жакетка. На .. [хлопцу] шэры, з абвіслымі штрыфелямі летнік; сіняя кепка-васьміклінка з кароценькія брылём. Ракітны.

ле́тнік 3, ‑а, м.

Разм. Дарога, якой карыстаюцца толькі летам; проціл. зімнік. Адшукаў [Віця] знаёмы летнік — летнюю дарогу, па якой калгаснікі вазілі сена. Жычка. [Андрэй і Драбок] выехалі на ўзлессе, дзе дарога раздзялялася на дзве — адна, пратораная, вяла полем у вёску, а другая, ледзь прыкметны, заросшы травою летнік, бегла на Андрэеў хутар. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счарсцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў чэрствым, страціў першапачатковую мяккасць. Жалезны стол, счарсцвелы хлеб і томік Гейнэ на стале. Вялюгін. Хлопцу, занятаму ядою, Счарсцвелы аржаны праснак, Што праганяў ён сырадоем, Напамінаў знаёмы смак Святога матчынага хлеба З салодкім смачным малаком. Аўрамчык. // перан. Які стаў бяздушным, нячулым. Старое, счарсцвелае за доўгія гады жыцця сэрца [Параскі] нібы памаладзела і соладка калацілася. Сабаленка.

2. Зацвярдзелы, агрубелы. Вясна... Пачарнелі сляды На счарсцвелым зімовым снягу. І цурочкі бурлівай вады На пратораны шлях павязуць. Хведаровіч. Між камення выбівалася на .. [вуліцы] ўлетку нямоглая трава, а за тратуарамі, на счарсцвелых грудках, яна бралася нават цэлымі лапікамі, кусцістымі і густымі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вядо́мы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, пра якога ведаюць. Вядомыя ўсяму свету падзеі. Вядомы ўсім верш. Ехаць па вядомай дарозе. // Знаёмы ўсім якімі‑н. якасцямі. Вядомы гуляка.

2. Які карыстаецца шырокай папулярнасцю; славуты. Вядомы сталічны тэатр. Вядомы мастак. Партрэт вядомага вучонага. □ [Настаўніца:] — Вядомая беларуская паэтэса Цётка пісала і вершы і прозу. Брыль. З усіх рэспублік, з усёй нашай бацькаўшчыны прыехалі.. [у Крэмль] вядомыя людзі, каб сказаць сваё слова ў абарону міру. Бялевіч.

3. у знач. наз. вядо́мае, ‑ага, н. Дадзеная велічыня; проціл. невядомае.

•••

Вядомая справа гл. справа.

Вядомая рэч гл. рэч.

вядо́мы 2, ‑ая, ‑ае.

Які ідзе ўслед за вядучым (у 2 знач.). Вядомы самалёт. Вядомы танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Няёмка падагнуцца, схіліцца ўбок. Рука з компасам падвярнулася пад кабуру, і ад пісталета стрэлка размагніцілася. Карпюк. // Вывіхнуцца, аказацца пашкоджаным (пра ногі, рукі). — Ступіць не магу, — крывячыся ад болю, сказаў Паўлік.. — Ступіў нядобра, а.. [нага] неяк падвярнулася і ажно трэснула. Бяганская.

2. Разм. Выпадкова сустрэцца, аказацца побач. Падвярнуўся знаёмы. Падвярнуўся пакупнік. □ З Ялты [Ірма і Яругін] вярталіся позна. Добра яшчэ, што падвярнулася таксі: яно падвезла пад самы корпус, дзе жыў Яругін. Карамазаў. Толькі паспела [Кацярына] скончыць дзесяцігодку, як падвярнуўся нейкі геолаг, высватаў.. і Міканор іх толькі і бачыў. Ракітны. // Выпасці, прыйсціся на чыю‑н. долю. Падвярнулася бяда. □ [Нам] падвярнуўся зручны выпадак значна папоўніць фонд на абарону Радзімы. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.

1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.

2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)