тлусты алей, які атрымліваюць з ільнянога семя прасаваннем ці экстракцыяй арган. растваральнікамі. Вадкасць ад залаціста-жоўтага да бурага колеру, шчыльн. 926—936 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе. Хутка высыхае, дае гладкую, сухую, бліскучую плёнку, якая не плавіцца пры награванні да 260 °C. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакосту, алкідных смол, сікатыву, алейных лакаў, мяккіх гатункаў мыла; у медыцыне для прыгатавання мазей; у некат. краінах як харч. прадукт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГЕТА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад лац. segetalis які расце сярод збажыны),
расліны ў пасевах с.-г. культур, жыццёвы цыкл якіх прыстасаваны да пэўных культур і звязаны з іх цыклам развіцця. Напр., рыжак ільняны і жыцік ільняны сустракаюцца толькі ў пасевах лёну, а брыца рысавая — у пасевах рысу. Зрэдку тэрмін «С.р.» ўжываюць як сінонім пустазелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ДРО́ЖДЖА-ВІНАКУ́РНАЯ І АЛЕ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1870—1910 у г. Бабруйск. Вырабляла спірт, прасаваныя дрожджы, ільняны і канапляны алей, макуху. У 1908 мела 2 паравыя машыны. У 1910 працаваў 51 рабочы, выраблена прадукцыі на 120 тыс.руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНЫ ЖЫ́ВАПІС,
від жывапісу маст. алейнымі фарбамі, у якіх сувязным рэчывам для каляровых парашкоў (пігментаў) з’яўляюцца алей ільняны, арэхавы, сланечнікавы і інш. і розныя лакі. Алейны жывапіс выконваецца пераважна на палатне, дрэве, кардоне, метал. плітах, пакрытых спец. грунтамі (станковы алейны жывапіс) ці па вапнавым тынку (манументальны алейны жывапіс). Вядомы з 10 ст. Пашырыўся на пач. 15 ст. пасля ўдасканалення яго Я. ван Эйкам. На Беларусі вядомы з пач. 16 ст. У тэхніцы алейнага жывапісу працуе пераважная большасць мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНАКРО́П,
шпергель (Spergula), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 5 відаў С.: буйны (S. maxima), веснавы (S. vernalis), звычайны (S. vulgaris), ільняны (S. linicola), пасяўны (S. sativa). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на ўзлесках, лугах, палях, агародах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 20—30 см. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, галінастыя, як і лісце, залозіста-апушаныя. Лісце ніткападобнае, даўж. да 5 см, у несапраўдных кальчаках. Кветкі правільныя, дробныя, белыя, у паўпарасоніках. Плод — каробачка. Кармавыя расліны, часта пустазелле збожжавых і прапашных культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 23.11.1935, г. Харкаў),
руская пісьменніца. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). Друкуецца з 1957. Лірычныя зб-кі вершаў і паэм: «Ільняны месяц» (1966), «Лебяда» (1970), «Адна зямля — адно каханне» (1973), «Агонь у акне» (1978), «Васіліса» (1981), «Гай» (1984) і інш. насычаны вобразамі часоў Стараж. Русі, але характэрны для паэтэсы эмацыянальны струмень выводзіць яе герояў з даўніны ў свет сучасных радасцей і смутку. Аўтар кн. апавяданняў пра Англію «Альбіён і таямніцы часу» (1978), кн. «Крамлёўскія жонкі» (1993), рамана «Кніга пра бацьку» (1984) і інш. На рус. мову пераклала асобныя вершы Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,
тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя смолы, якія атрымліваюцца пры кандэнсацыі полікарбонавых кіслот, поліспіртоў і вышэйшых монакарбонавых кіслот (пераважна аліфатычных кіслот алеяў). Найб. пашыраныя гліфталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны) і пентафталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і пентаэрытрыту). Ліпкія, высакавязкія рэчывы з мал. масай 1500—5000 растваральныя ў талуоле, уайт-спірыце, сальвент-нафце; нізкамалекулярныя разбаўляюцца вадой. Тэрмарэактыўныя (высыхальныя) змяшчаюць дэгідратаваныя вытворныя рыцыны, ільняны і тунгавы алеі; тэрмапластычныя (невысыхальныя) — какосавы алей ці сырую рыцыну. Адрозніваюцца па тлустасці, маюць да 34—70% алею.
Алкідныя смолы — аснова алкідных лакаў (канцэнтрацыя 40—60%, змяшчаюць таксама сікатывы, ацвярджальнікі, растваральнікі і інш. плёнкаўтваральнікі). Выкарыстоўваюцца як кампаненты фарбаў для аўтамабіляў, розных прылад і прамысл. абсталявання, скуры; у вытв-сці клеяў, друкарскіх фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),
сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел.фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.
Літ.:
Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд.Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁН (Persicaria),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́І,
тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін. Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна C16 і C18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы і макавы алеі) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).
Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t 250—300 °C ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алеяў). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т. л.алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай пад вакуумам «(дэзадарацыя). Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя. Выкарыстоўваюцца як харч. прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытв-сці мыла, гліцэрыны, тлустых кіслот, алкідных смолаў, пакостаў, алейных лакаў і фарбаў, сікатыву; як вяжучае мед. мазяў, касметычных сродкаў.