ІВАНО́Ў (Мікалай Львовіч) (н. 30.12.1948, г. Брэст),

бел. і польскі гісторык. Канд. гіст. н. (Мінск, 1977), доктар габілітаваны (Вроцлаў, 1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1971). З 1973 працаваў у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1985 дацэнт Вроцлаўскага, з 1991 праф. Іерусалімскага ун-таў. З 1992 супрацоўнік радыё «Свабода» (Прага). Даследуе нац. палітыку ў БССР і СССР, развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў міжваен. перыяд, праблему ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у 1939, гісторыю яўрэяў у Беларусі. Аўтар кніг «Палякі ў Савецкім Саюзе ў 1921—1939 гг.» (Вроцлаў, 1990), «Першы пакараны народ. Палякі ў Савецкім Саюзе, 1921—1939» (Варшава; Вроцлаў, 1991), «Першы пакараны народ. Сталінізм і ягоны стасунак да польскага насельніцтва на крэсах (1921—1938)» (Варшава, 1991).

Тв.:

Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1980.

Л.​П.​Мірачыцкі.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ВІ́Ч (Яўген Сцяпанавіч) (21.1.1905, Мінск — 25.2.1979),

бел. драматург, празаік, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў БДУ (1922—24). У 1922—48 акцёр, рэжысёр, заг. літ. часткі Бел. т-ра імя Я.​Купалы, у 1949—63 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Кантракт, альбо Усё добра будзе» («Усё добра будзе», паст. 1924), «Вір» (паст. 1926), «Крывая аблона», «Мост» (абедзве паст. 1929), «Камяні на дарозе» (паст. 1931), «Палешукі», «Таварыш Андрэй» (абедзве паст. 1944; усе ў т-ры імя Я.​Купалы). Творы вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам. Аўтар оперных і балетных лібрэта «У пушчах Палесся» (паводле аповесці Я.​Коласа «Дрыгва», паст. 1939), «Алеся» (з П.​Броўкам, паст. 1944), «Дзяўчына з Палесся» (паст. 1953), «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Мара» (паст. 1961; усе ў Бел. т-ры оперы і балета). Даследаваў гісторыю бел. т-ра: кн. «Першы тэатр» (1946), «Народны артыст СССР Б.​В.​Платонаў» (1954), «Рэкі цякуць з ручаёў» (1969), «Людзі і маскі» (1977). Выдаў зб-кі апавяд. і аповесцей «Галіна Званцова» (1958), «Знаёмыя сілуэты» (успаміны пра бел. пісьменнікаў, 1974). Перакладаў на бел. мову п’есы Л.​Талстога, А.​Астроўскага, А.​Чэхава, М.​Горкага і інш.

Тв.:

Па пройдзеных сцежках // Вытокі песні. Мн., 1973.

Літ.:

Уладамірская Г. Мастацтва — яго стыхія, тэатр — ягоны дом // Полымя. 1975. № 1.

М.​Ф.​Шаўлоўская.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТЭ ((Goethe) Іаган Вольфганг фон) (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),

нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб. вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац. незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.​Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццю еўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).

Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.​Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.​Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.​Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.​Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.​Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.​Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.​Барычэўскі, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, Ю.​Таўбін, В.​Вольскі, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Зарыцкі, В.​Сёмуха, А.​Лойка. І.​Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.​Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.​Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.​Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел. т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).

Тв.:

Бел. пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;

Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;

Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1975—80;

Фауст. Мн., 1971;

Избр. произв. Мн., 1977.

Літ.:

Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;

Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;

Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;

Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;

Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.

У.​Л.​Сакалоўскі.

І.В.Гётэ.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)