РАМАНО́ВІ́Ч (Яўген Сцяпанавіч) (21.1.1905, Мінск — 25.2.1979),
бел. драматург, празаік, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў БДУ (1922—24). У 1922—48 акцёр, рэжысёр, заг. літ. часткі Бел. т-ра імя Я.Купалы, у 1949—63 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Кантракт, альбо Усё добра будзе» («Усё добра будзе», паст. 1924), «Вір» (паст. 1926), «Крывая аблона», «Мост» (абедзве паст. 1929), «Камяні на дарозе» (паст. 1931), «Палешукі», «Таварыш Андрэй» (абедзве паст. 1944; усе ў т-ры імя Я.Купалы). Творы вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам. Аўтар оперных і балетных лібрэта «У пушчах Палесся» (паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва», паст. 1939), «Алеся» (з П.Броўкам, паст. 1944), «Дзяўчына з Палесся» (паст. 1953), «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Мара» (паст. 1961; усе ў Бел. т-ры оперы і балета). Даследаваў гісторыю бел. т-ра: кн. «Першы тэатр» (1946), «Народны артыст СССР Б.В.Платонаў» (1954), «Рэкі цякуць з ручаёў» (1969), «Людзі і маскі» (1977). Выдаў зб-кі апавяд. і аповесцей «Галіна Званцова» (1958), «Знаёмыя сілуэты» (успаміны пра бел. пісьменнікаў, 1974). Перакладаў на бел. мову п’есы Л.Талстога, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Горкага і інш.
Тв.:
Па пройдзеных сцежках // Вытокі песні. Мн., 1973.
Літ.:
Уладамірская Г. Мастацтва — яго стыхія, тэатр — ягоны дом // Полымя. 1975. № 1.
М.Ф.Шаўлоўская.
т. 13, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)