Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́КІРАЎ (Васіль Уладзіміравіч) (1832, с. Лужнікі Тульскай вобл., Расія — 13.6.1890),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1847—58), у 1861—73 выкладаў у гэтым вучылішчы (з 1863 праф.). У 1850-я г. працаваў пераважна ў жанры партрэта, пазней звярнуўся да жанравага жывапісу сац.-выкрывальнага зместу: «Няроўны шлюб» (1862), «Збор нядоімак» (1869—70), «Патрава» (1870), «Прыём пасагу па роспісе» (1873) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГА́МІЯ (ад палі... + ...гамія) у этнаграфіі, мнагашлюбнасць. Недакладны тэрмін, якім іншы раз называюць групавы шлюб, мнагамужжа (поліандрыю), найчасцей мнагажонства (полігінію).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТРЫЯРХА́Т [ад лац. mater (matris) маці + грэч. archē улада],
адна з форм грамадскага ладу, для якой характэрна дамінуючае становішча жанчыны ў грамадстве, гал. чынам у ранні перыяд першабытнаабшчыннага ладу. У пераважнай большасці народаў М. папярэднічаў патрыярхату, часам захоўваўся ў перыяд пераходу ад родавага ладу да класавага грамадства. Ячэйкай М. была мацярынская сям’я — вял. група блізкіх сваякоў па жаночай лініі. Такія сем’і былі і гасп. адзінкамі. З іх складаўся мацярынскі род, на чале якога стаяла старэйшая жонка старэйшай у родзе сям’і. Унутры свайго роду былі забаронены шлюбы, таму род быў звязаны шлюбнымі адносінамі з інш. родам (т.зв. дуальная экзагамія). З часам дуальная арг-цыя (зачатак племя) перарасла ў фратрыяльную (падзел племя на 2 палавіны, кожная з якіх складалася з некалькіх родаў — фратрый, гал. функцыяй якіх было рэгуляванне шлюбных адносін). Спачатку муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе (дыслакальнае пасяленне), захоўваўся групавы шлюб. З развіццём М. дыслакальны шлюб змяніўся матрылакальным, склаўся парны шлюб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУ́ЧЫНЫ,
у беларусаў традыцыйны абрад падрыхтоўчага этапу вяселля, на якім канчаткова замацоўвалася згода сваякоў на шлюб маладых. Адбываліся праз тыдзень пасля запоін, калі нявеста і яе бацькі афіцыйна давалі згоду на шлюб. На З. дамаўляліся пра ўсе дэталі вяселля (пасаг, час і парадак вяселля, колькасць гасцей і г.д.). Жаніх і нявеста абменьваліся пярсцёнкамі і абрадавымі падарункамі, а іх рукі звязвалі ручніком; падарункамі абменьваліся і іх бацькі, якія пасля ўдзельнічалі ў сумесным пачастунку, што замацоўваў заключаны дагавор. Вяселле з гэтага часу абвяшчалася афіцыйна, а жаніха і нявесту называлі малады і маладая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ННА ЯГЕЛО́НКА (Anna Jagiellonka; 18.10.1523, г. Кракаў, Польшча — 9.9.1596),
каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1575—76). Дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы, сястра Жыгімонта II Аўгуста, жонка Стафана Баторыя. Пасля смерці ў 1572 апошняга з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта II Аўгуста шляхта абавязала будучага караля ўзяць шлюб з Ганнай Ягелонкай. У перыяд бескаралеўя 1575 абвешчана каралевай, у мужы ёй прызначаны Стафан Баторый; шлюб заключаны ў 1576. Аўдавеўшы ў 1585, Ганна Ягелонка дамаглася абрання на прастол Польшчы і ВКЛ свайго пляменніка Жыгімонта III Вазы. Апекавала Кракаўскую акадэмію, падтрымлівала цесныя сувязі з папскім нунцыем і езуітамі (Пётр Скарга). У якасці спадчыны валодала Кобрынскай эканоміяй, дала гарадам эканоміі Кобрыну і Гарадцу магдэбургскае права і гербы. У 1589 асабіста ўручыла жыхарам Кобрына прывілей, падпісаны каралём.