МАТРЫЯРХА́Т [ад лац. mater (matris) маці + грэч. archē улада],

адна з форм грамадскага ладу, для якой характэрна дамінуючае становішча жанчыны ў грамадстве, гал. чынам у ранні перыяд першабытнаабшчыннага ладу. У пераважнай большасці народаў М. папярэднічаў патрыярхату, часам захоўваўся ў перыяд пераходу ад родавага ладу да класавага грамадства. Ячэйкай М. была мацярынская сям’я — вял. група блізкіх сваякоў па жаночай лініі. Такія сем’і былі і гасп. адзінкамі. З іх складаўся мацярынскі род, на чале якога стаяла старэйшая жонка старэйшай у родзе сям’і. Унутры свайго роду былі забаронены шлюбы, таму род быў звязаны шлюбнымі адносінамі з інш. родам (т.зв. дуальная экзагамія). З часам дуальная арг-цыя (зачатак племя) перарасла ў фратрыяльную (падзел племя на 2 палавіны, кожная з якіх складалася з некалькіх родаў — фратрый, гал. функцыяй якіх было рэгуляванне шлюбных адносін). Спачатку муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе (дыслакальнае пасяленне), захоўваўся групавы шлюб. З развіццём М. дыслакальны шлюб змяніўся матрылакальным, склаўся парны шлюб.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)