Шаленства 2/563, 588; 3/168; 5/132, 430; 8/606; 11/47, 286

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛЕ́НСТВА, вадабоязь, гідрафобія,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл з групы антрапазаанозаў. Выклікаецца вірусамі сям. рабдавірусаў, характарызуецца пашкоджаннем цэнтр. нерв. сістэмы.

Вядома са стараж. часоў. Вірусную этыялогію Ш. даказаў Л.Пастэр (1881), ён жа распрацаваў вакцыну для прафілактыкі хваробы. У прыродзе хварэюць млекакормячыя, найб. прадстаўнікі драпежных, сярод свойскай жывёлы — буйн. раг. жывёла, сабакі, каты і інш. Заражэнне адбываецца праз сліну хворай жывёлы, найперш пры ўкусе. Магчыма таксама перадача інфекцыі праз інфіцыраваныя прадметы, мясныя і малочныя прадукты. Ад аднаго чалавека другому Ш. не перадаецца.

На Беларусі штогод ад Ш. памірае некалькі чалавек. Працягласць скрытага перыяду залежыць ад месца ўкусу, ад памеру і глыбіні пашкоджання тканак. Прыкметы ў чалавека: запаленне і прыпуханне на месцы ўкусу, праз 1—3 дні вадабоязь (хворы не можа піць ваду і ўжываць вадкую ежу ў выніку сутаргавага скарачэння мышцаў глоткі і гартані), аэрафобія (сутаргі выклікае подых паветра), фотафобія (узбуджальны ўплыў яркага святла) і інш. Смерць настае раптоўна ад паралічу сэрца або дыхання. Агульная працягласць хваробы 3—7 дзён. Спецыфічнага лячэння няма, прафілактыка ўключае выяўленне і знішчэнне хворых на Ш. жывёл і экстранныя антырабічныя прышчэпкі чалавеку пасля інфіцыравання.

А.​А.​Астапаў.

т. 17, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Несапраўднае шаленства, гл. Аўескі хвароба

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гідрафобія, гл. Шаленства

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПАСТЭ́РАЎСКАЯ СТА́НЦЫЯ,

медыцынская ўстанова ў Мінску, якая займалася вырабам антырабічнай (супраць шаленства) вакцыны, правядзеннем антырабічных прышчэпак, дыягнастычным даследаваннем жывёл на шаленства і барацьбой з эпідэміямі; была таксама навукова-практычным цэнтрам па падрыхтоўцы ўрачоў для Мінскай губ. Адкрыта 2.2.1911. Пры станцыі працавалі хіміка-бактэрыял. і суд.мед. лабараторыі. Займалася таксама н.-д. дзейнасцю (даследавалі бактэрыялогію туберкулёзнай палачкі, хворых на малярыю). З лета 1920 да ліп. 1922 не дзейнічала. У 1924 станцыя пераўтворана ў пастэраўскае аддзяленне Бактэрыял. (Пастэраўскага) ін-та (зараз Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі).

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАШЭ́НЬКА Аляксандр Сцяфанавіч (н. 2.7.1937, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вет. медыцыны. Д-р вет. н. (1990), праф. (2002). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). З 1968 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага. З 1995 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па пытаннях дыягностыкі шаленства свойскіх і дзікіх жывёл, распрацоўцы бівалентнай вакцыны супраць шаленства і чумы драпежных жывёл, вывучэнні прычын захворвання белавежскіх зуброў некратычным баланапастытам, метадах яго лячэння і прафілактыкі.

Тв.:

Пероральная вакцинация диких кабанов против чумы (у сааўт.) // Ветеринарная наука — производству. Мн., 1979;

Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии и стандартизации продуктов животноводства. Витебск, 2001.

т. 17, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААНО́ЗЫ (ад заа... + грэч. nosos хвароба),

інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, на якія хварэюць жывёлы. Да З. адносяць некрабактэрыёз, мыт, пастэрэлёз, чуму свіней і буйн. раг. жывёлы і інш. З. наз. таксама хваробы, якімі чалавек можа заразіцца ад жывёл (антрапазаанозы, напр., шаленства, бруцэлёз, чума).

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслін — гл. Вірусныя хваробы раслін.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НІЯ (ад грэч. mania вар’яцтва, шаленства, захопленасць), маніякальны сіндром,

псіхапаталагічны стан, пры якім хворы чалавек нематывавана ўзрушаны, увага няўстойлівая, назіраецца моварухальнае ўзбуджэнне, зменлівы настрой. Найчасцей развіваецца пры эндагенных захворваннях (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія), бывае вынікам хвароб галаўнога мозга і інш. У цяжкіх выпадках М. ўзнікаюць галюцынацыі, зацямненне свядомасці. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́ЦІКАЎ Яфрэм Сямёнавіч (?, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 20.6.1841),

бел. і рускі артыст балета. З 1780-х г. прыгонны танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. З 1800 характарны танцоўшчык балетнай трупы Пецярбургскага імператарскага т-ра. Сярод партый: Фурыя Шаленства («Медэя і Ясон», муз. Ж.​Радольфа, паст. Ш.​Дзідло), Скараход («Чароўная флейта»; абодва 1822). У 1822 адпушчаны на волю.

т. 17, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)