ШАЛЕ́НСТВА, вадабоязь, гідрафобія,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл з групы антрапазаанозаў. Выклікаецца вірусамі сям. рабдавірусаў, характарызуецца пашкоджаннем цэнтр. нерв. сістэмы.

Вядома са стараж. часоў. Вірусную этыялогію Ш. даказаў Л.Пастэр (1881), ён жа распрацаваў вакцыну для прафілактыкі хваробы. У прыродзе хварэюць млекакормячыя, найб. прадстаўнікі драпежных, сярод свойскай жывёлы — буйн. раг. жывёла, сабакі, каты і інш. Заражэнне адбываецца праз сліну хворай жывёлы, найперш пры ўкусе. Магчыма таксама перадача інфекцыі праз інфіцыраваныя прадметы, мясныя і малочныя прадукты. Ад аднаго чалавека другому Ш. не перадаецца.

На Беларусі штогод ад Ш. памірае некалькі чалавек. Працягласць скрытага перыяду залежыць ад месца ўкусу, ад памеру і глыбіні пашкоджання тканак. Прыкметы ў чалавека: запаленне і прыпуханне на месцы ўкусу, праз 1—3 дні вадабоязь (хворы не можа піць ваду і ўжываць вадкую ежу ў выніку сутаргавага скарачэння мышцаў глоткі і гартані), аэрафобія (сутаргі выклікае подых паветра), фотафобія (узбуджальны ўплыў яркага святла) і інш. Смерць настае раптоўна ад паралічу сэрца або дыхання. Агульная працягласць хваробы 3—7 дзён. Спецыфічнага лячэння няма, прафілактыка ўключае выяўленне і знішчэнне хворых на Ш. жывёл і экстранныя антырабічныя прышчэпкі чалавеку пасля інфіцыравання.

А.​А.​Астапаў.

т. 17, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)