МА́НІЯ (ад грэч. mania вар’яцтва, шаленства, захопленасць),
маніякальны сіндром, псіхапаталагічны стан, пры якім хворы чалавек нематывавана ўзрушаны, увага няўстойлівая, назіраецца моварухальнае ўзбуджэнне, зменлівы настрой. Найчасцей развіваецца пры эндагенных захворваннях (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія), бывае вынікам хвароб галаўнога мозга і інш. У цяжкіх выпадках М. ўзнікаюць галюцынацыі, зацямненне свядомасці. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)