Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Герман Віктаравіч) (н. 2.3.1946, г. Падольск Маскоўскай вобл.),
бел. артыст аперэты. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Гнесіных (1973). З 1973 артыст Растоўскага дзярж.т-рамуз. камедыі, з 1978 саліст Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Яго творчасці ўласцівы прыродныя артыстызм і пластычнасць, акцёрская інтуіцыя і тонкі густ, пачуццё гумару. Сярод роляў у спектаклях бел. кампазітараў: Шкаляр і Нямецкі камендант («Несцерка» і «Судны час» Р.Суруса), Элестэр («Мільянерка» Я.Глебава), Андрэй («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Суддзя («Калі заспявае певень» А.Чыркуна), Майкл («Джулія» У.Кандрусевіча); з інш. роляў: Боні, Зупан («Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Іпаліт («Фраскіта» Ф.Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Аякс («Цудоўная Алена» Ж.Афенбаха), Сёмка («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Гары («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Алег Баян («Клоп» У.Дашкевіча), Чараўнік («Чараўнік» Д.Рансуінка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОХ,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак; казачны чараўнік у выглядзе барадатага чалавека. О. выскоквае з-пад зямлі да стомленага і галоднага бедняка, які прысеў на пень і моцна охнуў, корміць яго і прапануе сваю дапамогу. Дорыць герою чарадзейную табакерку, якая выконвае любыя пажаданні. Герой гэтай казкі перамагае злыя сілы і дамагаецца справядлівасці. Казкі падобнага тыпу запісаў М.Федароўскі. Сюжэт О. вядомы і інш. народам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТКЕ́ВІЧ (Красцьян Ягоравіч) (?, каля Шклова, Магілёўская вобл. — 14.10.1846),
бел. і рус. артыст балета. Прыгонны, у 1822 адпушчаны на волю. Вучыўся, відаць, у П.Барцанці, Марыядзіні, М.Пранчынскага. У 1780—90-я г. вядучы танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў вывезены ў Пецярбург, да 1825 артыст Пецярбургскага імператарскага т-ра. Выконваў цэнтр. пантамімныя ролі, меў неардынарныя драм. здольнасці. Сярод партый: Сцяпан («Вызваленне маладой сялянкі, ці Храбрасць рускага салдата»), Анкундзін («Млынар—чараўнік, падманшчык і сват»; абодва 1822), Гірэй («Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Аляксандр Мяленцьевіч) (14.7.1891, г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 3.7.1977),
рускі пісьменнік. Аўтар твораў для дзяцей (аповесці-казкі «Чараўнік Ізумруднага горада», 1939; «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты», 1963; «Сем падземных каралёў», 1964; «Вогненны бог Маранаў», 1968; «Жоўты туман», 1970, і інш.), кніг займальных апавяданняў па геаграфіі і астраноміі («Зямля і неба», 1957), пра гісторыю навукі («У пошуках праўды», апубл. 1980). У гіст. рамане «Дойліды» (1954) маст. асэнсаванне жыцця і дзейнасці рус. дойлідаў 16 ст., у «Блуканні» (1963) перыпетыі асабістага лёсу італьян. філосафа і паэта Дж.Бруна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЧ, Кашчэй Бессмяротны,
вобраз чарадзейных усх.-слав. казак; злы і хітры чараўнік, які выкрадае нявесту героя. Здабыўшы яйцо, у якім схавана смерць К., герой перамагае яго і вяртаецца дамоў са сваёй нарачонай (надрукавана 15 бел. варыянтаў). Вядомы таксама казкі пра смерць К. ад чароўнага каня. Абедзве версіі кантамінуюцца з сюжэтамі пра ўдзячных жывёл, пошукі зніклай ці ўкрадзенай жонкі і інш. Вобраз К. трапляецца таксама ў замовах і былінах. Паводле меркаванняў акад. Б.А.Рыбакова, К. у стараж.-ўсх. славян увасабляў качэўнікаў, якія рабілі набегі на іх землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ РА́ТУШНЫ ТЭА́ТР,
назва гар.т-ра, які дзейнічаў у 1847—51 у памяшканні Мінскай ратушы. У ім выступалі пастаянныя гар. антрэпрызы Я.Хелмікоўскага, В.Вяржбіцкага, В.Драздоўскага, ставілі драм. і муз. спектаклі на рус., польск. і ўкр. мовах. Фае, зала і ложы т-ра былі размаляваны гар. дэкаратарам Я.Кураткевічам. Былі пастаўлены п’есы І.Катлярэўскага («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік»), Р.Квіткі-Аснаўяненкі («Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы»), П.Грыгор’ева («Дачка рускага акцёра»), П.Каратыгіна («Школьны настаўнік»), М.Някрасава («Шыла ў мяшку не ўтоіш...»), М.Гогаля («Рэвізор», упершыню на Беларусі), М.Загоскіна («Высакародны тэатр»), Дз.Ленскага («Леў Гурыч Сінічкін»), У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ННА (Canna),
род кветкавых раслін манатыпнага сям. каннавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Азіі. На Беларусі інтрадукавана К. індыйская (C. indica), вырошчваецца ў аранжарэях і цяпліцах. Шматлікія (больш за 1000) сарты К. (найб. вядомыя: з зялёным лісцем — Залатая Птушка, Вогненная Птушка, Прэзідэнт; з бронзава-чырв. лісцем — Кароль Гумберт, Вогненны Чараўнік) аб’ядноўваюць пад назвай К. садовая (C. × generalis, C. × hortensis).
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі сцёбламі і клубнепадобна-патоўшчанымі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, шырокаэліптычнае (даўж. да 60, шыр. да 35 см). Кветкі буйныя, асіметрычныя, двухполыя, чырв., ружовага, жоўтага і інш. колеру ў верхавінкавым гронкападобным або мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар., лек., тэхн., кармавыя і харч. расліны.