БУТКЕ́ВІЧ Красцьян Ягоравіч

(?, каля Шклова, Магілёўская вобл. — 14.10.1846),

бел. і рус. артыст балета. Прыгонны, у 1822 адпушчаны на волю. Вучыўся, відаць, у П.Барцанці, Марыядзіні, М.Пранчынскага. У 1780—90-я г. вядучы танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў вывезены ў Пецярбург, да 1825 артыст Пецярбургскага імператарскага т-ра. Выконваў цэнтр. пантамімныя ролі, меў неардынарныя драм. здольнасці. Сярод партый: Сцяпан («Вызваленне маладой сялянкі, ці Храбрасць рускага салдата»), Анкундзін («Млынар—чараўнік, падманшчык і сват»; абодва 1822), Гірэй («Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823).

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)