КАЗЛО́Ў (Герман Віктаравіч) (н. 2.3.1946, г. Падольск Маскоўскай вобл.),
бел. артыст аперэты. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Гнесіных (1973). З 1973 артыст Растоўскага дзярж. т-ра муз. камедыі, з 1978 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Яго творчасці ўласцівы прыродныя артыстызм і пластычнасць, акцёрская інтуіцыя і тонкі густ, пачуццё гумару. Сярод роляў у спектаклях бел. кампазітараў: Шкаляр і Нямецкі камендант («Несцерка» і «Судны час» Р.Суруса), Элестэр («Мільянерка» Я.Глебава), Андрэй («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Суддзя («Калі заспявае певень» А.Чыркуна), Майкл («Джулія» У.Кандрусевіча); з інш. роляў: Боні, Зупан («Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Іпаліт («Фраскіта» Ф.Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Аякс («Цудоўная Алена» Ж.Афенбаха), Сёмка («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Гары («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Алег Баян («Клоп» У.Дашкевіча), Чараўнік («Чараўнік» Д.Рансуінка).
А.Я.Ракава.
т. 7, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)