АБРО́СІМАЎ Пётр, разьбяр і цясляр канца 17 ст. Выхадзец з Беларусі. Працаваў у Палаце разьбярскіх і сталярскіх спраў Маскоўскага Крамля, «новым пацешным двары цара» ў Аляксандравай Слабадзе. У 1682—83 кіраваў арцеллю бел. разьбяроў, якая з арцеллю К.Міхайлава выконвала разная іканастасы для Новадзявочага і Данскога манастыроў, у 1686 — для царквы Пятра і Паўла ў Маскве. Выконваў асабістыя заказы цара і царыцы (крэслы, ківоты, шуфляды, шкатулкі, падносныя сталы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Жорж дэ (19.3.1593, г. Вік-сюр-Сей, Францыя — 30.1.1652), французскі жывапісец; прадстаўнік караваджызму. Пісаў рэліг. і жанравыя карціны, якім уласцівы прастата і напружанасць кампазіцыйнай пабудовы, лаканізм выяўл. сродкаў. Карціны падзяляюцца на дзённыя сцэны, якія трактуюцца ў халодным і яркім асвятленні, і начныя, якія будуюцца на рэзкім кантрасце святла і ценю з вызначанай крыніцай святла (свечка, паходня), што надае ім загадкавасць і драматызм. Сярод твораў: «Варажбітка» (1610-я г.), «Махляры» (каля 1625), «У ліхвяра», «Нараджэнне Хрыста» (абедзве 1630-я г.), «Іосіф-цясляр», «Магдаліна са свяцільнікам» (абодва 1640-я г.), «Адрачэнне апостала Пятра» (1650) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЦЫНГ, Лортцынг (Lortzing) Альберт (23.10.1801, Берлін —21.1.1851), нямецкі кампазітар. Музыцы вучыўся самастойна. З 1820 оперны спявак (тэнар). З 1833 спявак і капельмайстар у Лейпцыгскім гар. т-ры, у 1846—50 оперны дырыжор у Вене, тэатр. капельмайстар у Берліне. Аўтар каля 30 опер і зінгшпіляў. Большасць яго опер блізкія да ням. зінгшпілю і ўвасабляюць рысы італьян. і франц. камічнай оперы. Імкнуўся да стварэння нац.муз. дэмакратычнай мовы, заснаванай на фальклоры. Сярод твораў: оперы «Скарбніца інкаў» (паст. 1836), «Цар і цясляр, або Два Пятры» (1837), «Казанова» (1841), «Ундзіна» (1845), «Збраяносцы Роланда» (1849) і інш., зінгшпілі «Чацвёра вартавых на пасту» (1828), «Паляк і яго дзіця», «Куцця», «Сцэны з жыцця Моцарта» (усе 1832) і інш.; араторыя, кантата, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЦЭ́ЦІ (Donizetti) Гаэтана (29.11.1797, г. Бергама, Італія — 8.4.1848),
італьянскі кампазітар. У 1815—17 вучыўся ў Балонскім муз. ліцэі. У 1839—40 і пазней працаваў у Парыжы, дзе пастаўлены многія з яго опер, у 1840-я г. таксама ў Аўстрыі (з 1842 аўстр. прыдворны кампазітар). У 1834—39 праф. кансерваторыі ў Неапалі (з 1837 дырэктар). Асн. частку творчай спадчыны Д., майстра стылю бельканта, складаюць усе жанравыя разнавіднасці італьян. оперы (опера-буфа, опера-камік, лірыка-драм. і рамант. оперы, сац.-псіхал. меладрамы і інш.), яны насычаны выразнымі, лёгка запамінальнымі мелодыямі, эфектнымі арыямі, вылучаюцца яркай тэатральнасцю. Сярод найб. папулярных опер «Любоўны напітак» (1832) і «Дон Паскуале» (1843), адзін з лепшых узораў оперы-буфа, адзначаны невычарпальным дасціпным гумарам, жыццярадаснасцю, мяккім лірызмам.
Сярод інш. твораў: оперы «Пётр Вялікі, цар рускі, або Лівонскі цясляр» (1819), «Дон Грэгорыо» (1824), «Ганна Балейн» (1830), «Лукрэцыя Борджа» (1833), «Лючыя ды Ламермур» (1835), «Паліеўкт» (1838), «Марыя ды Роган» (1843), араторыі, кантаты, 16 сімфоній, камерна-інстр., вак. творы.
Літ.:
Донати-Петтени Дж. Гаэтано Доницетти: Пер. с итал. Л., 1980.
Помнік Г.Данідэці ў касцёле Санта-Марыя ў Бергама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Падзвіння. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах. Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашуля мела тунікападобны або з прамымі плечавымі ўстаўкамі крой, сціплае аздабленне вузкімі паскамі чырвона-чорнага геам. арнаменту на рукавах і плечавых устаўках. Спадніцу (саян, дрыліх, андарак, шарак) шылі з 3—4, у заможных сялян з 7 полак пярэстых або аднаколерных даматканых тканін у блакітна-белым, сіне-фіялетавым, вохрыста-чырвоным каларыце, фартух з 1—3 полак кужэльнага палатна аздаблялі ўзорыстым ткацтвам (пераборы), вышыўкай (мярэжка), карункамі. Галаўныя ўборы — намітка, чапец, хустка, вянок, карона (галаўны ўбор дзяўчыны-мяшчанкі накшталт падвічкі з парчы, расшытай бліскаўкамі) і інш. Мужчынскае адзенне складалі кашуля (насілі навыпуск, падпяразвалі поясам ці дзягай), нагавіцы, камізэлька з чорнай або цёмна-сіняй крамнай тканіны. Галаўныя ўборы — саламяны або лямцавы капялюш, белая магерка, картуз. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — армяк, сярмяга, світка, кажух.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Лепельскі строй. Цясляр з Лепеля. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРДО́БАЎ Мікалай Мікалаевіч (16.12.1905, г. Самара, Расія —24.11.1990),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон), педагог. Засл. арт. Арменіі (1939). Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў Куйбышаўскі муз. тэхнікум (1929). З 1930 у оперных т-рах Куйбышава, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска. З 1946 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1960—75 выкладчык і рэжысёр Опернай студыі Бед. кансерваторыі, адначасова ў 1960—87 кіраўнік Мінскай нар. опернай студыі Палаца культуры Белсаўпрофа. Творчасці С. ўласцівы глыбокае асэнсаванне характараў герояў, свабоднае валоданне вак. і акцёрскімі сродкамі выразнасці, сцэнічная абаяльнасць Сярод партый бел. рэпертуару: Каліноўскі («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова), фон Шолен («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага); інш. партыі на бел. сцэне: Анегін, Чорт («Яўген Анегін», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Алека («Алека» С.Рахманінава), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Рыгалета, Аманасра («Рыгалета», «Аіда» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Мацей («Страшны двор» С.Манюшкі). Паставіў оперы «Павел Карчагін» П.Падкавырава, «Кастусь Каліноўскі» Лукаса, «Яўген Анегін» і «Іаланта» Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Алека» Рахманінава, «Рыгалета» і «Травіята» Вердзі, «Джані Скікі» і «Плашч» Пучыні, «Цар і цясляр» А.Лорцынга, «Даліна» Э.Д’Альбера, «Мадэмуазель Фіфі» і оперу-казку для дзяцей «Кот у ботах» Ц.Кюі.
Дз. М.Жураўлёў.
М.М.Сярдобаў.М.Сярдобаў у ролі Каліноўскага (у цэнтры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МАЛЫ́ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТАімя М.П.Мусаргскага.
Адкрыты ў 1918 у будынку б. Міхайлаўскага т-ра (1833, арх. А.Брулоў). З 1919 Дзярж.акад.т-р камічнай оперы, з 1921 — Малы петраградскі дзярж.акад.т-р, з 1926 — Дзярж.акад. Малы оперны т-р, з 1964 — Ленінградскі Малы т-р оперы і балета, з 1989 імя Мусаргскага, з 1992 сучасная назва. Напачатку ставіліся камед. спектаклі, аперэты, аднаактовыя оперы: «Птушкі пеўчыя» Ж.Афенбаха (1918), «Цар-цясляр» А.Лорцынга (1919), «Верцер» Ж.Маснэ (1920), «Скупы рыцар» С.Рахманінава, «Цыганскі барон» І.Штрауса(1922) і інш. Пазней пастаўлены оперы «Нос» (1930) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1934) Дз.Шастаковіча; «Ціхі Дон» (1935) і «Узнятая цаліна» (1937) І.Дзяржынскага. З 1933 працуе і балетная трупа. Пастаўлены балеты «Светлы ручай» Шастаковіча (1935), «Каўказскі нявольнік» Б.Асаф’ева (1938) і інш. З 1941 т-р знаходзіўся ў г. Арэнбург, дзе ў 1943 пастаўлены оперы «Кроў народа» Дзяржынскага і «Мацней за смерць» В.Валошынава. З 1944 у Ленінградзе, працягваў прапагандаваць сучасныя творы і набыў вядомасць як т-р-эксперыментатар. Сярод пастановак: оперы «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1946), «Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса (1950), «Вірынея» С.Сланімскага (1967), «Не толькі каханне» Р.Шчадрына (1973) і інш. З 1981 т-р узначаліў С.Гаўдасінскі, які лічыў гал. задачай адраджэнне ў т-ры рус. класікі. У рэпертуары гэтага часу — «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына» Мусаргскага, «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Залаты пеўнік» і «Казка пра цара Салтана» М.Рымскага-Корсакава, «Марыя Сцюарт» Сланімскага, «Пётр I» Ц.Хрэннікава; балеты «Макбет», «Баядэрка» Ш.Калаша і інш. Уклад у развіццё т-ра ўнеслі дырыжоры С.Самасуд, Б.Хайкін, А.Дзмітрыеў, Ю.Багданаў, П.Бубельнікаў, А.Аніханаў, А.Кукушкін, А.Сітнікаў; рэжысёры М.Смоліч, Э.Пасынкаў, У.Лук’янаў; балетмайстры Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, П.Гусеў, І.Бельскі, А.Вінаградаў, М.Баярчыкаў; хормайстары М.Траўкін, А.Чарноў; салісты оперы С.Балашоў, А.Галавін, К.Камісарава, А.Мадэстаў, А.Алмазаў, Т.Багданаў, А.Ступальскі, С.Шапашнікаў і інш.; балета В.Зімін, Ю Літвіненка, Л.Сафронава, В.Станкевіч і інш. Салісты 1999—2001 Н.Бірукова, Н.Уласава, М.Трагубовіч, С.Акопаў, А.Барысевіч, С.Бурэеў, С.Дрэйт, М.Казанцаў, А.Пятроў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКОМЫЯ.
Фауну насякомых Беларусі вызначае рознахарактарнасць ландшафтаў краіны, спрыяльныя ўмовы асяроддзя. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атрадаў. Найбольшыя атрады: двухкрылыя; жукі, або цвердакрылыя; матылі, або лускакрылыя; перапончатакрылыя. Сярод інш. найбольш відаў з атрадаў блох, клапоў, або паўцвердакрылых, раўнакрылых, стракоз, трыпсаў, шыцікаў (ручайнікаў). У атрадзе жукоў найбольш шматлікія сямействы божых каровак, вусачоў, даўганосікаў, жужаляў, караедаў, лістаедаў, пласцініставусых, плывунцоў, стафілінід, трубкакрутаў, шчаўкуноў. Сярод матылёў найбольш трапляюцца агнёўкі, блакітніцы, бялянкі, выемчатакрылыя молі, ліставёрткі, німфаліды, пядзеніцы, соўкі. З атрада перапончатакрылых найлепш вывучаны іхнеўманіды, мурашкі, наезнікі-браканіды, пільшчыкі, хальцыды, чмялі. З двухкрылых найбольш пашыраны галіцы, даўганожкі, журчалкі, званцы, злакавыя мушкі, камары, макрацы, мошкі, тахіны. Жывуць на палях, лугах, у лясах, садах, агародах, вадаёмах і інш. Фауна насякомых Беларусі мае мяшаны характар. Аснову яе складаюць палеарктычныя і заходнепалеарктычныя віды, звязаныя з лясной зонай. Ёсць віды еўрапейскія, еўрапейска-сібірскія, старажытнаўсходне-міжземнаморскія і міжземнаморскія. Блохі, вошы, камары, мухі, пухаеды, сляпні і інш. — насякомыя-паразіты чалавека, дзікай і свойскай жывёлы, крывасмокі і пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб. Асноўныя шкоднікі с.-г. культур: азімая соўка, даўганожка балотная, ільняныя блошкі, ільняная і гарохавая пладажэркі, каларадскі жук, канюшынны насенняед, моль капусная, мухі бураковая і шведская, паласаты шчаўкун, соўкагама, лубінавы слонік. Шкодзяць садам: медзяніца, кветкаед яблыневы, пільшчык вішнёвы слізісты, пладажэркі слівавая і яблыневая, тлі; шкоднікі лясоў: вусачы, караеды, пільшчыкі хваёвыя, пядзенік зімовы, шаўкапрад хваёвы. Псуюць зерне і прадукты яго перапрацоўкі: агнёўка мучная, даўганосік свірнавы, хрушчакі малы, мучны і інш. Вялікую карысць прыносяць насякомыя-апыляльнікі і энтамафагі — некаторыя жукі, пчолы, чмялі. Насякомыя і іх лічынкі, якія жывуць у глебе, адыгрываюць значную ролю ў глебаўтваральных працэсах. У барацьбе з насякомымі-шкоднікамі палёў і садоў выкарыстоўваюць яйцаеда-трыхаграму, агратэхнічныя, біялагічныя, хімічныя метады. Рассяляюць рыжых лясных мурашак, якія знішчаюць шкоднікаў лесу.
У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключана 79 відаў насякомых.
Літ.:
Фауна и экология насекомых Белоруссии. Мн., 1979;
Влияние хозяйственной деятельности человека на беспозвоночных. Мн., 1980;
Панкевич Т.П. Пилильщики — вредители сельского и лесного хозяйства Белоруссии: (Эколого-фаунист. характеристика основных комплексов вредителей). Мн., 1981.