Паратыф цялят 3/210

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАМЫ́ШАЧНАЯ ХВАРО́БА,

вострае неінфекцыйнае захворванне маладняку с.-г. жывёлы. Характарызуецца парушэннямі абмену рэчываў, функцыян.і марфал. зменамі міякарда і шкілетных мышцаў, рэзкай бледнасцю мышачнай і інш. тканак. Часцей бывае ў цялят і ягнят, радзей — у парасят, пушных звяроў і птушак. Прычына беламышачнай хваробы ў аднастайным і непаўнацэнным кармленні, асабліва матак. Пашырана ў мясцовасцях, дзе кармы бедныя бялкамі, фосфарам, мікраэлементамі і вітамінамі.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛАЎ (Аляксандр Іванавіч) (10.9.1906, в. Сласцёны Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 19.3.1957),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1953), праф. (1955). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1929). Працаваў у ім з 1930 (з 1944 нам. дырэктара, дэкан, заг. кафедры). Навук. працы па патагенезе, паталаг. Анатоміі, дыягностыцы чумы і паратыфе свіней, шаленстве жывёл, злаякаснай катаральнай гарачцы буйн. раг. жывёлы, паратыфе цялят.

т. 5, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУ́ЛЯ (Capreolus),

род млекакормячых сям. аленевых атр. парнакапытных. 2 віды: К. еўрапейская (C. capreolus) і К. сібірская (C. pygargus). Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў разрэджаных лясах і перадгорных стэпах. На Беларусі трымаецца невял. статкамі.

Даўж. да 155 см, выш. ў карку да 100 см, маса да 60 кг. Поўсць густая, зімой буравата-шэрая, летам рыжая. Каляхваставое «люстэрка» белае. У самцоў невял. рогі з 3—4 адросткамі. Нараджае 2—3 цялят. Корміцца раслінамі. Аб’ект промыслу.

Казуля.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНОТАБІЁТЫ (ад грэч. gnōtos вядомы + біёта),

жывёлы, вырашчаныя ва ўмовах поўнай стэрыльнасці, свабодныя ад мікраарганізмаў, вірусаў і макрапаразітаў. Ідэю пра магчымасць жыцця без мікробаў выказаў Л.Пастэр (1885). У канцы 1940-х г. амер. і яп. вучоныя распрацавалі дыеты і апаратуру, стварылі штучныя ўмовы для развіцця і размнажэння безмікробных жывёл. Выкарыстанне гнотабіётаў (марскіх свінак, мышэй, трусоў, парасят, цялят, авечак і інш.) у розных галінах эксперым. біялогіі і медыцыны прывяло да фарміравання ў 1960-я г. самаст. навук. кірунку — гнатабіялогіі.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНАСТАМО́З,

гельмінтозная хвароба жвачных, якая выклікаецца нематодамі Bunostomum trigonocephalum (у авечак і коз) і B. phlebotomum (пераважна ў буйн. раг. жывёлы), што паразітуюць у тонкіх кішках.

Яйцы нематодаў трапляюць з фекаліямі ў навакольнае асяроддзе, дзе з іх вылупляюцца лічынкі, якія дасягаюць інвазійнай стадыі за 3—7 сутак. Жывёлы заражаюцца праз забруджаны лічынкамі корм або ваду, а таксама праз скуру. Паразіты жывуць у кішэчніку гаспадара (буйн. і дробнай раг. жывёлы) каля года. Клінічна выяўляецца толькі ў маладняку (змардаванне, адставанне ў развіцці і росце, скурныя высыпкі, сверб, панос, анемія, ацёкі, у цялят — лізуха). Назіраецца часцей летам, бывае і зімой.

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЮ́БР (Cervus elaphus xanthopygus),

млекакормячае роду аленяў; падвід аленя высакароднага. Пашыраны ў гарах Усх. Сібіры і Д. Усходу, на Пн і ПнУ Кітая. Насяляе дубовыя лясы, гары і высечкі, горныя лугі.

Выш. цела самцоў у карку да 145 см. Маса да 300 кг. Знешне нагадвае аленя высакароднага. Афарбоўка скуры аднатонная, чырванавата-рыжая. Дарослыя самцы маюць галінастыя рогі (маладыя неакасцянелыя рогі — панты выкарыстоўваюць для вырабу лек. прэпаратаў). Гон увосень. Цяжарнасць да 35 тыдняў. У маі—чэрв. самка нараджае 1—2 цялят І. корміцца травяністымі і дрэвава-хмызняковымі раслінамі, ягадамі, пладамі, грыбамі, лішайнікамі. Гадуюць у аленяводчых гаспадарках (для здабычы пантаў).

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЕ́НКА (Анатоль Філімонавіч) (10.8.1938, в. Карабанавічы Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 2.9.1997),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996), д-р вет. н. (1990), праф. (1991). Акад. агр. акадэміі Расіі (1996). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1967). З 1988 прарэктар Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, з 1995 рэктар, адначасова з 1991 заг. кафедры. Навук. працы па развіцці незаразных хвароб маладняку с.-г. жывёл, іх прафілактыцы і лячэнні, імуннай рэактыўнасці і імунапаталогіі буйн. раг. жывёлы. Распрацаваў спосаб комплекснага лячэння вострай бронхапнеўманіі цялят.

Тв.:

Выращивание и болезни собак. Мн., 1993 (у сааўт.).

А.​І.​Ятусевіч.

А.Ф.Магіленка.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЬ, даніэль (Cervus dama),

млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы, акліматызавана ў Амерыцы і Аўстраліі. Жыве ў мяшаных і лісцевых лясах. 1 падвід — Л. іранская (C.d. mesopotamica) — у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 1,6 м, выш. ў карку да 1 м, маса да 120 кг, самкі драбнейшыя. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая з белымі плямамі, зімой шаравата-бурая. Каля хваста невял. белая пляма — «люстэрка». Рогі ў самцоў лапатападобныя, самкі бязрогія. Корміцца травяністай, хмызняковай расліннасцю, лісцем, парасткамі, галінкамі, карой лісцевых парод дрэў. Палігамы. Нараджаюць 1—2 цялят. Аб’ект палявання і гадоўлі.

Лань.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.

Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.

М.​П.​Грынь.

Карова айршырскай пароды.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)