ГНОТАБІЁТЫ
(ад грэч. gnōtos вядомы + біёта),
жывёлы, вырашчаныя ва ўмовах поўнай стэрыльнасці, свабодныя ад мікраарганізмаў, вірусаў і макрапаразітаў. Ідэю пра магчымасць жыцця без мікробаў выказаў Л.Пастэр (1885). У канцы 1940-х г. амер. і яп. вучоныя распрацавалі дыеты і апаратуру, стварылі штучныя ўмовы для развіцця і размнажэння безмікробных жывёл. Выкарыстанне гнотабіётаў (марскіх свінак, мышэй, трусоў, парасят, цялят, авечак і інш.) у розных галінах эксперым. біялогіі і медыцыны прывяло да фарміравання ў 1960-я г. самаст. навук. кірунку — гнатабіялогіі.
т. 5, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)