Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАСЦЬ ЦЕ́ЛАжывёл і чалавека,
прастора, якая абмежавана ўнутр. паверхняй сценкі цела, і дзе знаходзяцца ўнутр. органы. Адрозніваюць першасную поласць цела (не мае ўласнай сценкі) і другасную, або цэлом (мае ўласную сценку ў выглядзе перытанеальнага эпітэлію). У пазваночных жывёл другасная П.ц. падзяляецца на калясардэчную, ці перыкардыяльную, і брушную поласці. У наземных пазваночных і чалавека дыяфрагма, аддзяляе ўласна брушную поласць, дзе знаходзяцца стрававальныя, выдзяляльныя, палавыя органы, ад грудной, якая выслана плеўрай і мае лёгкія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫАПУЛІ́ДЫ (Priapulida),
рэліктавая група (клас) ніжэйшых чарвей тыпу першаснаполасцевых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). 7 родаў, 11 відаў. Пашыраны ва ўмераных акіянскіх водах. і на вял. глыбіні ў экватарыяльнай зоне. Жывуць у пясчаных норках. Перамяшчаюцца ўсвідроўваннем у грунт.
Даўж. ад 2 мм да 20 см. Цела чэрвепадобнае, нерасчлененае, унутр. поласць (цэлом) запоўнена поласцевай вадкасцю. Пярэдняя ч. цела (хабаток) уцягваецца ўнутр. Мускулатура развітая, моцная. Кішэчнік прамы, скразны. Крывяноснай сістэмы няма. Дыхаюць паверхняй цела, у некат. ёсць хваставыя шчэлепныя прыдаткі. Нерв. сістэма складаецца з каляглоткавага кольца і брушнога цяжа. Драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. маюць лічынку з двухстворкавым панцырам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПАЗВАНО́ЧНЫЯ (Invertebrata),
шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.Б.Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд. гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд. гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг інш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.
Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—89;
Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;
Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ.М., 1992.