ЦЭЛО́М (ад грэч. koilōma поласць, упадзіна), другасная поласць цела,
прастора паміж сценкай цела і ўнутранымі органамі ў шматклетачных жывёл. Мае ўласныя эпітэліяльныя сценкі мезадэрмальнага паходжання, утрымлівае цэламічную вадкасць і звычайна адкрываецца вонкі спец. пратокамі — цэламадуктамі. Гал. і першасная функцыя Ц. — апорная, таксама падтрымлівае біяхім. пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма (водны, газавы, іонны, салявы, тэмпературны рэжымы), выконвае розныя другасныя функцыі: выдзяляльную, дыхальную, палавую, трафічную і інш. Жывёл, якія маюць Ц., наз. цэламічнымі (другаснаполасцевымі). Да іх адносяць вышэйшых першаснаротых (кольчатыя чэрві, малюскі, сіпункуліды, эхіурыды), другаснаротых (ігласкурыя, паўхордавыя, хордавыя, у т. л. пазваночныя), паганафор, шчацінкасківічных, шчупальцавых.
т. 17, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)