ЧЭ́РВІ (Vermes),

зборная група беспазваночных жывёл. 5 тыпаў: кольчатыя чэрві, немертыны, першаснаполасцевыя чэрві, плоскія чэрві, скрэбні. Каля 500 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць свабодна або паразітуюць (гл. Гельмінты); узбуджальнікі гельмінтозаў жывёл, чалавека і раслін. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі плоскіх і першаснаполасцевых Ч. Падзяляюць на ніжэйшых, або скалецыд, і вышэйшых Ч.

Даўж. ад 80 мкм да 30 м, без канечнасцей і ясна выражанай галавы. Маюць моцную мускулатуру (скурна-мускульны мяшок). Двухбакова-сім. жывёлы. Скалецыды маюць несегментаванае цела з першаснай поласцю і протанефрыдыяльнай выдзяляльнай сістэмай, крывяносная і дыхальная сістэмы адсутнічаюць (круглыя і плоскія чэрві, немертыны, першаснаполасцевыя). Вышэйшыя Ч. маюць сегментаваную будову, другасную поласць цела (цэлом), крывяносную, дыхальную, метанефрыдыяльную выдзяляльную сістэмы (кольчатыя Ч.). Фізіял. асаблівасцямі блізкія да членістаногіх.

т. 17, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)