Цыта... 11/134

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

...ЦЫТ, ЦЫТА... (ад грэч. kytos ёмішча, клетка), часткі складаных слоў, якія паказваюць на іх адносіны да жывёльных або расл. клетак (напр., цытакінез, цыталогія, трамбацыты, эрытрацыты).

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАПАТАЛО́ГІЯ (ад цыта... + паталогія), клетачная паталогія,

тэорыя медыцыны, засн. на вучэнні Р.Вірхава аб клетцы як матэрыяльным субстраце хваробы (1855—58). Недаацэньвала арганізм як цэласную сістэму, але садзейнічала развіццю медыцыны: вывучэнню марфал. змен у арганізме пры хваробах, высвятленню іх патагенезу, паляпшэнню дыягностыкі. Наступныя дасягненні навукі дазволілі пераадолець памылковыя палажэнні Ц. і сінтэзаваць з яе ўсё карыснае.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАДЫЯГНО́СТЫКА (ад цыта... + дыягностыка) у медыцыне, распазнаванне захворванняў і даследаванне фізіял. стану арганізма чалавека на аснове вывучэння клетачных элементаў і цытахім. рэакцый. Выкарыстоўваецца ў анкалогіі (напр., распазнаванне злаякасных і дабраякасных пухлін), гематалогіі (дыягностыка захворванняў і ацэнка эфектыўнасці іх лячэння), гінекалогіі (выяўленне цяжарнасці, гарманальных парушэнняў і інш.), для распазнавання многіх хвароб органаў дыхання, стрававання, нерв. сістэмы і інш. Часта спалучаюць з гісталагічным даследаваннем.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗАФІЛІ́Я (ад грэч. basis аснова + ...філія),

уласцівасць клетачных і інш. мікраскапічных структур афарбоўвацца асн. фарбавальнікамі (азур, піранін і інш.) у растворах, якія маюць рэакцыю, блізкую да нейтральнай. Павышэнне базафіліі клеткі сведчыць пра інтэнсіўны бялковы сінтэз і вял. колькасць рыбануклеінавай кіслаты (РНК) у ёй. Уласціва растучым, рэгенерыравальным і пухлінным тканкам. Выкарыстоўваецца ў мікрабіял., цыта- і гісталагічным аналізе (напр., для адрознення клетак крыві, аналізу клетак пярэдняй долі гіпофіза, астраўковай тканкі падстраўнікавай залозы і інш.). Гл. таксама Ацыдафілія, Базафілы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАКІНЕ́З (ад цыта... + грэч. kinēsis рух), цытатомія,

раздзяленне цела мацярынскай клеткі на 2 даччыныя ў заключнай фазе (тэлафазе) дзялення клеткі і яе ядра. Тыповае, але не абавязковае завяршэнне мітозу. У большасці раслін Ц. адбываецца шляхам утварэння ўнутрыклетачнай перагародкі, у клетках жывёл і некат. раслін — клетачнай перацяжкі.

Плоскасць Ц. звычайна супадае з экватарыяльнай плоскасцю верацяна дзялення. Множныя мітозы часта не суправаджаюцца Ц., а ўтвараюцца гіганцкія мнагаядзерныя клеткі (сімпласты) у клетках эндасперму многіх вышэйшых раслін, плазмодыях міксаміцэтаў, папярочнапаласатых мышачных валокнах. Вынік ацытакінезу — двух’ядзерныя клеткі, звычайныя ў многіх органах, напр., у печані і інш. вял. залозах млекакормячых жывёл.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАХІ́МІЯ (ад цыта... + хімія),

раздзел цыталогіі, што вывучае састаў клетачных структур, сінтэз, размеркаванне, функцыян. актыўнасць і змены хім. злучэнняў у клетцы. Як навука развіваецца з сярэдзіны 19 ст. Асн. прынцып метадаў Ц. — звязванне пэўнага хім. кампанента клеткі з фарбавальнікам або ўтварэнне афарбоўкі ў працэсе рэакцыі. Метадамі Ц. абгрунтавана генет. роля нуклеінавых кіслот, вызначана сувязь паміж функцыян. актыўнасцю клеткі і колькасцю бялкоў у ёй, адкрыты і вывучаны клетачны цыкл. Даследаванне метадамі Ц. тканкавых структур наз. гістахіміяй.

Літ.:

Введение в количественную цитохимию: Пер. с англ. М., 1969;

Луппа Х. Основы гистохимии: Пер. с нем. М., 1980.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАПЛА́ЗМА (ад цыта... + плазма),

абавязковая частка клеткі, якая знаходзіцца паміж плазматычнай мембранай і ядром; высокаўпарадкаваная мнагафазная калоідная сістэма — гіялаплазма з размешчанымі ў ёй арганоідамі. Пранізана мікратрубачкамі, філаментамі і мікрафіламентамі.

У эўкарыётаў сукупнасць філаментаў і мікратрубачак утварае цыташкілет, які складае апорна-рухальную сістэму клеткі; з ім звязаны змена формы клеткі і перамяшчэнне ўнутрыклетачных структур. У Ц. адбываюцца ўсе працэсы клетачнага метабалізму, акрамя сінтэзу нуклеінавых кіслот, які здзяйсняецца ў клетачным ядры. Праз плазматычную мембрану ідзе абмен рэчываў паміж Ц. і навакольным асяроддзем, праз ядзерную — ядзерна-цытаплазматычны абмен. Пад кантролем ядра Ц. здольная да росту і ўзнаўлення, пры частковым выдаленні — поўнасцю рэгенерыруе, у бяз’ядзерных клетках — не здольная існаваць аўтаномна. Гл. таксама Пратаплазма.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАКІНІ́НЫ (ад цыта... + кініны),

гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну. Маюцца ў раслінах у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца пераважна ў мерыстэме кораня, рухаюцца ў складзе пасакі ў парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах, стымулююць сінтэз РНК і бялку ў адчувальных да іх аб’ектах. У прысутнасці аўксіну выклікаюць дзяленне клетак, дыферэнцыроўку сцёблавых пупышак у калусаў, актывізуюць рост клетак лісця, затрымліваюць старэнне зрэзанага лісця травяністых раслін, выклікаюць адкрыццё вусцейкаў і інш.

У кветкавых раслінах выяўлены ва ўсіх частках, найб. — у мерыстэмах. Асн. прыродныя Ц. — зеацін, дэгідразеацін, ізапентэніладэнін. Іх сінт. аналагі выкарыстоўваюцца пры даследаванні асаблівасцей уздзеяння Ц. на расліны і з практычнымі мэтамі (напр., для атрымання расады каштоўных кветак і агароднінных культур метадам культуры тканак).

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАХРО́МЫ (ад цыта... + ...хром),

складаныя бялкі — пераносчыкі электронаў, прастэтычная група якіх прадстаўлена гемам. Адкрыты ў 1886. Маюцца ў расл., жывёльных і бактэрыяльных клетках. Ажыццяўляюць ступеньчаты перанос электронаў ад арган. рэчываў, што акісляюцца, на малекулярны кісларод у акісляльна-аднаўленчых рэакцыях (за кошт змены валентнасці атама жалеза ў геме Fe​2+ ⇆ Fe​3+). Вылучаюць 4 яго асн. групы: a, b, c і d, якія адрозніваюцца бакавымі ланцугамі пры парфірынавых кольцах і бялковымі кампанентамі. Звязаны ў асн. з унутрыклетачнымі мембранамі (унутр. мембранай мітахондрый, мембранамі мікрасом і інш.). Удзельнічаюць у тканкавым дыханні, акісленні малекулярным кіслародам непалярных арган. злучэнняў.

Літ.:

Березо в Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998;

Эллиот В., Эллиот Д Биохимия и молекулярная биология: Пер. с англ. М., 2000.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)