ЦЫТАКІНЕ́З (ад цыта... + грэч. kinēsis рух), цытатомія,

раздзяленне цела мацярынскай клеткі на 2 даччыныя ў заключнай фазе (тэлафазе) дзялення клеткі і яе ядра. Тыповае, але не абавязковае завяршэнне мітозу. У большасці раслін Ц. адбываецца шляхам утварэння ўнутрыклетачнай перагародкі, у клетках жывёл і некат. раслін — клетачнай перацяжкі.

Плоскасць Ц. звычайна супадае з экватарыяльнай плоскасцю верацяна дзялення. Множныя мітозы часта не суправаджаюцца Ц., а ўтвараюцца гіганцкія мнагаядзерныя клеткі (сімпласты) у клетках эндасперму многіх вышэйшых раслін, плазмодыях міксаміцэтаў, папярочнапаласатых мышачных валокнах. Вынік ацытакінезу — двух’ядзерныя клеткі, звычайныя ў многіх органах, напр., у печані і інш. вял. залозах млекакормячых жывёл.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)