ЦЫТАКІНІ́НЫ (ад цыта... + кініны),

гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну. Маюцца ў раслінах у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца пераважна ў мерыстэме кораня, рухаюцца ў складзе пасакі ў парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах, стымулююць сінтэз РНК і бялку ў адчувальных да іх аб’ектах. У прысутнасці аўксіну выклікаюць дзяленне клетак, дыферэнцыроўку сцёблавых пупышак у калусаў, актывізуюць рост клетак лісця, затрымліваюць старэнне зрэзанага лісця травяністых раслін, выклікаюць адкрыццё вусцейкаў і інш.

У кветкавых раслінах выяўлены ва ўсіх частках, найб. — у мерыстэмах. Асн. прыродныя Ц. — зеацін, дэгідразеацін, ізапентэніладэнін. Іх сінт. аналагі выкарыстоўваюцца пры даследаванні асаблівасцей уздзеяння Ц. на расліны і з практычнымі мэтамі (напр., для атрымання расады каштоўных кветак і агароднінных культур метадам культуры тканак).

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)