ЦЫТАПЛА́ЗМА (ад цыта... + плазма),
абавязковая частка клеткі, якая знаходзіцца паміж плазматычнай мембранай і ядром; высокаўпарадкаваная мнагафазная калоідная сістэма — гіялаплазма з размешчанымі ў ёй арганоідамі. Пранізана мікратрубачкамі, філаментамі і мікрафіламентамі.
У эўкарыётаў сукупнасць філаментаў і мікратрубачак утварае цыташкілет, які складае апорна-рухальную сістэму клеткі; з ім звязаны змена формы клеткі і перамяшчэнне ўнутрыклетачных структур. У Ц. адбываюцца ўсе працэсы клетачнага метабалізму, акрамя сінтэзу нуклеінавых кіслот, які здзяйсняецца ў клетачным ядры. Праз плазматычную мембрану ідзе абмен рэчываў паміж Ц. і навакольным асяроддзем, праз ядзерную — ядзерна-цытаплазматычны абмен. Пад кантролем ядра Ц. здольная да росту і ўзнаўлення, пры частковым выдаленні — поўнасцю рэгенерыруе, у бяз’ядзерных клетках — не здольная існаваць аўтаномна.
А.С.Леанцюк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)