КАНСО́ЛЬ (франц. console) у архітэктуры, выступ у сцяне; канструкцыя, цвёрда замацаваная адным канцом у сцяну пры свабодным другім яе канцы (камень, бэлька, пліта, ферма) ці тая частка, што выступае за апору. К. звычайна падтрымліваюць карнізы, скульптуры, балкон, эркер і інш. Дзякуючы выразным маст. формам, з’яўляюцца элементамі дэкар. аздаблення будынка.

С.А.Сергачоў.

Кансоль.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКА́НДРА (Nicandra),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 1 від — Н.фізалісападобная (N. physaloides). Радзіма — Паўд. Амерыка, адкуль занесена ўсюды. Культывуецца на Беларусі, трапляецца як здзічэлая і заносная на агародах, засмечаных месцах.

Аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцябло цвёрда-апушанае, рабрыстае, галінаванае. Лісце чаргаванае, яйцападобнае, выемчата-зубчастае. Кветкі адзіночныя, паніклыя. Вяночак званочкавы з блакітнаватым адгінам і белай трубачкай. Плод — шматнасенная сухая ягада ў пухірападобнай крылатай чашачцы. Лек., дэкар. і ядавітая расліна.

В.В.Маўрышчаў.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́Н (ад грэч. kanōn норма, правіла),

1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый ў духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш. Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.

2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДСКІ (Іосіф Аляксандравіч) (24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),

рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.Ахматавай, С.Маршака, Дз.Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.

Тв.:

Соч.: В 4 т. Т. 1—2. СПб., 1992—94;

Назидание. 1990;

Форма времени. Т. 1—2. Мн., 1992.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)