КАНО́Н (ад грэч. kanōn норма, правіла),
1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый ў духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш. Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.
2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.
т. 7, с. 588
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)