Уласнасць 1/110, 449; 2/200, 477, 478; 3/207; 8/525, 526, 571; 10/463—464

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́СНАСЦЬ,

прысваенне, набыццё нечага ў сваю прыналежнасць і ўладу; сістэма аб’ектыўных адносін паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену, спажывання, якія характарызуюць прысваенне сродкаў вытв-сці і прадметаў спажывання. Адносінам У. ў грамадстве належыць галоўная роля, бо аснову эканам. жыцця складае працэс вытв-сці, што адбываецца ў пэўнай гіст. форме. У. на сродкі вытв-сці і ў першую чаргу на сродкі працы як іх актыўную частку характарызуе сутнасць сац.-эканам. адносін, якія пануюць у дадзеным грамадстве. Заканадаўства ўстанаўлівае прававыя нормы, што рэгламентуюць грамадскія адносіны, звязаныя з валоданнем, карыстаннем, распараджэннем маёмасцю, якая належыць розным асобам або дзяржаве. Т.ч. эканам. адносіны набываюць форму юрыд. адносін, а суб’екты У. надзяляюцца правам У. Размеркаванне аб’ектаў У. паміж суб’ектамі залежыць ад вынікаў грамадскага ўзнаўлення. К.​Маркс разглядаў У. у сувязі з адносінамі да прадметаў, «як да сваіх уласных». У Кодэксе Напалеона (Цывільны кодэкс Францыі) сцвярджалася, што «ўласнасць ёсць права карыстацца і распараджацца рэчамі найбольш абсалютным чынам». У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з яе Канстытуцыяй і цывільным кодэксам прызнаюцца і гарантуюцца раўнапраўныя формы дзяржаўнай і прыватнай У. Дзяржава дае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гасп. і інш. дзейнасці (акрамя забароненай законам) і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм У. Нетры, воды, лясы з’яўляюцца выключнай У. дзяржавы. Землі с.-г. прызначэння таксама знаходзяцца ва У. дзяржавы. Законам могуць быць вызначаны і інш. аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва У. дзяржавы, або ўстаноўлены асобы парадак пераходу іх у Прыватную У.

Г.​А.​Маслыка.

т. 16, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дзяржаўная капіталістычная ўласнасць, гл. Дзяржаўны капіталізм, Уласнасць

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АБЧУ́ГА,

вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).

Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.​А.​Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.

Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.​І.​Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

форма ўласнасці, пры якой маёмасць належыць калектывам грамадзян. Паводле Закону «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990 К.ў. маюць арэндныя і калект. прадпрыемствы, кааператывы, акц. і гасп. т-вы, асацыяцыі, грамадскія, рэліг. і інш. арг-цыі і аб’яднанні.

Ва ўласнасці арэнднага прадпрыемства знаходзяцца прадукцыя і даходы, атрыманыя ў выніку выкарыстання арандаванай маёмасці, а таксама інш. маёмасць, набытая на законных падставах. Уласнасць калект. прадпрыемстваў узнікае, калі прац. калектыў поўнасцю набудзе маёмасць адпаведнага прадпрыемства. Уласнасцю акц. т-ва з’яўляюцца маёмасць і грашовыя ўзносы яго ўдзельнікаў, вырабленая ім прадукцыя, атрыманыя даходы і інш. Удзельнікамі гасп. т-ва могуць быць прадпрыемствы, установы, арг-цыі, дзярж. органы і грамадзяне, іх уласнасць складаецца з укладаў і маёмасці ад гасп. дзейнасці. Грамадскія арг-цыі маюць права мець ва ўласнасці будынкі, жыллёвы фонд, грашовыя сродкі і інш. Ва ўласнасці рэліг. арг-цый закон прадугледжвае знаходжанне будынкаў, культавых рэчаў, грашовых сродкаў і інш. Уласнікамі маёмасці, якая адносіцца да К.ў., з’яўляюцца толькі прадпрыемствы, арг-цыі і аб’яднанні са статусам юрыд. асобы.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРША́І,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Валожын — Івянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад горада і 31 км ад чыг. ст. Валожын, 63 км ад Мінска. 678 ж., 270 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Цэнтр рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АС. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Юрыя і Маці Божай (1933).

Вядома з 1492 як сяло, уласнасць касцёла. У 1539 мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 уласнасць І.​Ражэрсона, у-1858 — В.​Тышкевіча. У 1897 сяло, цэнтр воласці Мінскага пав., 391 ж., 59 двароў, царква, нар. вучылішча, аптэка, крама, хлебазапасны магазін, карчма, маёнтак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага, з 1926 — Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на.

М.​Б.​Батвіннік.

Вёска Пяршаі. Касцёл святога Юрыя і Маці Божай. 1933. Фота 2000.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМКАЎ ГАРАДО́К,

вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на. За 14 км на ПнЗ ад Мінска. 171 ж., 73 двары (2001). Клуб. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл Прасвятой Тройцы (2-я пал. 19 ст.).

Вядомы з сярэдзіны 16 ст. пад назвай Гарадок Саламярэцкі, уласнасць Саламярэцкіх. З 1595 у складзе маёнтка Сёмкава Мінскага пав., з 1755 уласнасць Хмараў, пры якіх пабудаваны касцёл. У 1791 у Заслаўскай парафіі. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 у Гарадку Хмарыным 141 ж., 12 двароў, млын, корчмы, царква Раства Багародзіцы, дзе ў 1880-я г. вянчаліся бацькі М.​Багдановіча. У 1861 тут 368 ж., 117 двароў, вал. ўправа, бровар, піва- і медаварні, цагельны з-д, царква, сінагога, у 1897—305 ж., 53 двары, царква, капліца, нар. вучылішча (адкрыта ў 1865), царк.-прыходская школа. У 1905—06 у маёнтку С.Г. працаваў Я.​Купала, у крас.-маі 1922 — Я.​Колас. У 1924—60 вёска, цэнтр сельсавета Заслаўскага р-на, з 1959 у Мінскім р-не. У Вял. Айч. вайну 27.6.1941 у ваколіцах С.Г. адбыліся жорсткія абарончыя баі.

А.​І.​Валахановіч.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І ГРАМАДЗЯНІ́НА,

праграмны дакумент Французскай рэвалюцыі 1789—99. Прынята Устаноўчым сходам 26.8.1789. Зыходзіла з канцэпцыі нар. суверэнітэту і неад’емных натуральных правоў чалавека, якімі абвяшчаліся свабода асобы, слова, друку, сумлення, роўнасць грамадзян перад законам, іх правы на бяспеку, уласнасць і інш. У 1791 уключана ў франц. канстытуцыю як яе ўступная частка. Дэкларацыя зрабіла значны ўплыў на рэв. рух і паліт. думку краін Еўропы.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,

правіннасць, проціпраўнае наўмыснае або неасцярожнае дзеянне (або бяздзеянне), замах на дзярж. або грамадскі парадак, уласнасць, правы і свабоды грамадзян і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнага правапарушэння адносяцца: парушэнні грамадскага парадку, правілаў дарожнага руху, проціпажарных, сан.-эпідэміялагічных, мытных правілаў, пагранічнага рэжыму, парушэнні правілаў палявання, рыбнай лоўлі і аховы рыбных запасаў і інш. За адміністрацыйнае правапарушэнне прадугледжана адм. адказнасць (калі правапарушэнні не цягнуць за сабой крымін. адказнасці).

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)