УЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ ў філасофіі,

катэгорыя, якая адлюстроўвае працэсы ўздзеяння розных аб’ектаў адзін на аднаго, іх узаемную абумоўленасць, а таксама параджэнне адным аб’ектам другога. Уяўляе сабой тып непасрэднай або апасродкаванай, знешняй або ўнутр. сувязі. Цесна звязана з паняццем структуры; выступае як фактар, які забяспечвае інтэграцыю частак у пэўны тып цэласнасці, абумоўлівае сувязь усіх структурных узроўняў быцця, адзінства свету. Асн. крыніца руху і развіцця аб’ектаў. Кожная форма руху мае ў сваёй аснове пэўны тып У. структурных элементаў. Складаныя формы У. ўласцівы грамадскаму развіццю. Прынцып У. ляжыць у аснове пазнання прыродных і сац. з’яў: пазнанне пэўных аб’ектаў патрабуе ўсведамлення іх У.; само пазнанне з’яўляецца вынікам У. паміж суб’ектам і аб’ектам.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ ВОЙСК,

узгодненыя сумесныя дзеянні падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл, родаў войск (сіл) і спец. войск; адзін з асн. прынцыпаў ваеннага майстэрства. Бывае стратэгічнае, аператыўнае і тактычнае.

У.в. вядома са стараж. часоў. Першапачаткова абмяжоўвалася рамкамі бою (бітвы); з пашырэннем маштабаў узбр. барацьбы ўзнікла неабходнасць ва ўзаемадзеянні паміж буйнымі вайск. аб’яднаннямі (арміямі, групамі армій, франтамі), у т. л. кааліцыяй дзяржаў (узбр. сіламі саюзнікаў). Больш актыўна У.в. выкарыстоўвалася ў 1-ю сусв. вайну, асабліва шырока — у 2-ю сусв. вайну, а таксама пры правядзенні сучасных ваен. аперацый, у т. л. ў Кувейце (гл. Кувейцкі крызіс 1990—91), Афганістане (2002) і інш.

У Рэспубліцы Беларусь У.в. і каардынацыю дзейнасці структурных элементаў ваен. арганізацыі ажыццяўляе Мін-ва абароны і Ген. штаб (у ваенны час з’яўляецца выканаўчым органам Савета бяспекі і дзейнічае пад кіраўніцтвам Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі).

С.​В.​Папоў.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,

адна з форм электрамагнітнага поля. Ствараецца зарадамі электрычнымі і зменай магнітнага поля ў часе.

Узаемадзеянне паміж эл. зарадамі адбываецца праз узаемадзеянне створаных імі Э.п. Поле, створанае нерухомымі эл. зарадамі, наз. электрастатычным полем. Колькаснай характарыстыкай Э.п. з’яўляецца напружанасць электрычнага поля. Сілавыя лініі Э.п., створанага эл. зарадамі, — незамкнёныя, а створаныя магн. полем — замкнёныя.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛЮ́К Ганна Антонаўна (н. 14.10.1936, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1989), праф. (1990). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1959), працуе ў ім (цяпер лінгвістычны ун-т). Даследуе фанетыку англ. мовы, узаемадзеянне моў на гукавым узроўні ва ўмовах білінгвізму. Аўтар прац «Прасодыя беларускай мовы ва ўмовах двухмоўя» (1982), «Узаемадзеянне прасадычных сістэм у маўленні білінгва» (1986), сааўтар кніг «Тэарэтычная фанетыка англійскай мовы» (1980 з Л.​У.​Барысавай), «Прасадычная інтэрферэнцыя ў іншамоўным маўленні» (1985) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + механіка),

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух і раўнавагу несціскальных вадкасцей і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Уключае гідрастатыку і гідрадынаміку.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́БАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ, узаемадзеянне Фермі,

адно з узаемадзеянняў элементарных часціц паміж ферміёнамі ў адзіным (лакалізаваным) пункце прасторы-часу. Значна слабейшае за моцнае і эл.-магн., аднак значна мацнейшае за гравітацыйнае ўзаемадзеянне.

С.ў. не лічыцца фундаментальным, разглядаецца як праяўленне 2 паслядоўных электраслабых узаемадзеянняў паміж часціцамі. Для С.ў. характэрна парушэнне законаў захавання дзіўнасці, цотнасці, чароўнасці і інш. Абумоўлівае павольныя распады элементарных часціц (напр., бэта-распад нейтрона і ядраў атамаў), узаемадзеянне нейтрына з рэчывам, рассеянні лептонаў на лептонах ці адронах і інш. С.ў. тлумачацца працэсы ўтварэння энергіі на Сонцы і зорках, у час выбухаў звышновых зорак С.ў. нараджае магутныя патокі нейтрына.

Літ.:

Окунь Л.Б. Слабое взаимодействие элементарных частиц. М., 1963;

Яго ж. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОДАМІНА́НТНАСЦЬ [ад лац. со (cum) з, разам + дамінантнасць],

удзел абодвух алеляў генаў у вызначэнні адзнакі ў гетэразіготнай асобіны; прыватны выпадак дамінантнасці. Прадукты, што сінтэзуюцца пад кантролем абодвух алеляў здольны незалежна ўплываць на выяўленне адзнакі або ўзаемадзейнічаць паміж сабой (напр., узаемадзеянне алеляў пры вызначэнні групы крыві ў чалавека і жывёл).

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

кірунак палітэканоміі, які надае матэм. метадам вырашальную ролю ў вывучэнні эканам. з’яў. Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. [М.Э.​Л.​Вальрас (Швейцарыя), В.​Парэта (Італія), У.​Джэванс, Ф.​І.​Эджуарт (Вялікабрытанія), І.​Фішэр (ЗША), Г.​Касель і К.​Віксель (Швецыя)]. Разглядае эканоміку як узаемадзеянне індывід. гаспадарак. Асн. задача М.ш. — вызначэнне колькасных паказчыкаў, якія характарызуюць паводзіны асобных вытворцаў і спажыўцоў. Тэарэтычныя пабудовы М.ш. арыентуюцца на маржыналізм.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎНЫЯ КАНТА́КТЫ,

узаемадзеянне моўных сістэм. Пачынаюцца ў сферы маўлення пры ўмове абавязковай наяўнасці носьбітаў-білінгваў, якія ў большай ці меншай ступені валодаюць адной і другой мовамі. Паступова факты маўлення, якія праяўляюцца як інтэрферэнцыя (г.зн. памылкі ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы), замацоўваюцца ў сістэме мовы як запазычанні. Такое запазычанне звычайна з’яўляецца спантанным і некантралюемым. Аднак ёсць і свядомае, кантралюемае запазычанне (напр., тэрмінаў). М.к. найб. лёгка адбываюцца паміж роднаснымі мовамі, аднак адзначаюцца яны і паміж мовамі рознасістэмнымі, напр., балг. і турэцкай, татарскай і удмурцкай. Прыкладам М.к. можа служыць узаемадзеянне ўсх.-слав. моў, пры якім рус. мова аказвае ўплыў на лексіку і граматычны лад бел. і ўкр. моў, у сваю чаргу гэтыя мовы ўплываюць на рус. мову.

Літ.:

Михайлов М.М. Двуязычие и взаимовлияние языков // Проблемы двуязычия и многоязычия. М., 1972;

Розенцвейг В.Ю. Основные вопросы теории языковых контактов // Новое в лингвистике. М., 1972. Вып. 6;

Вайнрайх У. Одноязычие и многоязычие: Пер. с англ. // Там жа;

Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ШКІН Іван Якаўлевіч (н. 12.2.1932, в. Шаламы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1970). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1954). З 1957 працаваў у Полацкім пед. ін-це, з 1959 у Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі, з 1999 у Нац. навук.-асветніцкім цэнтры імя Ф.​Скарыны. Даследуе дыялекталогію, лінгвагеаграфію, лексікаграфію, лексікалогію, гісторыю бел. літ. мовы, тэрміналогію, анамастыку, тапаніміку, айканімію, сацыялінгвістыку, этнаграфію, фалькларыстыку, краязнаўства. Аўтар прац «Беларускія геаграфічныя назвы: Тапаграфія. Гідралогія» (1971), «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм: Фанетыка» (1979), «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм: Марфалогія. Сінтаксіс» (1980), манаграфіі «Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет» (1995, у сааўт.). Адзін са складальнікаў «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—2, 1977—78; т. 5, 1982), «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), укладальнік карт і рэдактар «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98). Дзярж. прэмія Беларусі 2000.

Тв.:

Грибы. Мн., 1986 (з Г.​І.​Сяржанінай);

Грыбы ў традыцыйнай беларускай кухні. Мн., 1995.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)