УЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ ў філасофіі,

катэгорыя, якая адлюстроўвае працэсы ўздзеяння розных аб’ектаў адзін на аднаго, іх узаемную абумоўленасць, а таксама параджэнне адным аб’ектам другога. Уяўляе сабой тып непасрэднай або апасродкаванай, знешняй або ўнутр. сувязі. Цесна звязана з паняццем структуры; выступае як фактар, які забяспечвае інтэграцыю частак у пэўны тып цэласнасці, абумоўлівае сувязь усіх структурных узроўняў быцця, адзінства свету. Асн. крыніца руху і развіцця аб’ектаў. Кожная форма руху мае ў сваёй аснове пэўны тып У. структурных элементаў. Складаныя формы У. ўласцівы грамадскаму развіццю. Прынцып У. ляжыць у аснове пазнання прыродных і сац. з’яў: пазнанне пэўных аб’ектаў патрабуе ўсведамлення іх У.; само пазнанне з’яўляецца вынікам У. паміж суб’ектам і аб’ектам.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)