Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКЕЛЮ́Р (франц. craquelure),
растрэскванне слаёў грунту, фарбы або лаку ў творах жывапісу. Бывае паверхневы ці глыбокі, жорсткі (з вострымі краямі), мяккі, або, плывучы. К. ўзнікаюць ад нераўнамернага высыхання (усадкі) сувязных рэчываў, мех. уздзеянняў (удар, страсенне) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЛУБЕ́Ц»,
«Голуб», бел. народны танец. Блізкі да рус. і ўкр. узораў з такой самай назвай. Муз. памер . Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, з характэрным рухам «галубец» (удар абцаса аб абцас з падскокам). У старадаўнім варыянце танца хлопец і дзяўчына імправізавалі ўзаемаадносіны галубоў: партнёрка плыла павай, партнёр увіваўся каля яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧА́Г ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ,
вобласць у нетрах Зямлі, дзе адбываецца хуткае перамяшчэнне (удар) масаў уздоўж тэктанічнага разрыву і вызваленне назапашанай энергіі. Памеры ачагоў землетрасення ад дзесяткаў метраў да сотняў кіламетраў (пры магнітудзе 8,5), глыб. да некалькіх сотняў кіламетраў. Вялікія ачагі землетрасення звязаны з зонамі актыўных глыбінных разломаў у тоўшчы зямной кары або верхняй мантыі. Гл. таксама Эпіцэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТУ́ЗІЯ (ад лац. contusio удар),
паталагічны стан, што ўзнікае пры ўздзеянні на паверхню ўсяго цела ці большай яго ч.мех. сілы (напр., завал пяском), або ўдарнай паветранай хвалі (выбух і інш.). Для К. характэрныя страта прытомнасці (ад некалькі хвілін да сутак), нязначныя знешнія пашкоджанні ці іх адсутнасць. Бываюць цяжкія пашкоджанні ўнутр. органаў (печані, нырак, страўніка і інш.), пераломы канечнасцей, рэбраў, чэрапна-мазгавыя траўмы. Пасля апрытомлівання — моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, парушэнні адчувальнасці, мовы, рухомасці, паралічы і інш.Найб. цяжкая К. галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНІЦЫІ́РУЮЧЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
першасныя выбуховыя рэчывы, якія лёгка ўзрываюцца пры нязначных цеплавых і мех. (удар, трэнне) уздзеяннях з вылучэннем энергіі, дастатковай для загарання ці дэтанацыі брызантных выбуховых рэчываў.
Адрозніваюць індывідуальныя І.в.р. (у тэхніцы выкарыстоўваюць пераважна тэтразен, грымучую ртуць, азід свінцу) і сумесевыя, якія акрамя І.в.р. маюць інш. кампаненты. Выкарыстоўваюць у ваен. тэхніцы і ўзрыўной справе ў выглядзе малых (долі грама) зарадаў, якія змяшчаюць у спец. канструкцыі — т.зв. капсулі-дэтанатары (для ўзбуджэння дэтанацыі) і капсулі-запальнікі (для запальвання порахаў і піратэхн. саставаў). Вытв-сць і абыходжанне з І.в.р. патрабуюць асаблівых мер засцярогі з-за магчымасці выбуху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕў тэхніцы,
працэс разбурэння кавалкаў цвёрдых матэрыялаў у больш дробныя. Робіцца з дапамогай драбілак, звычайна камбінуецца з сартаваннем на грохатах. Найб. пашыраны мех. спосабы Д.: расцісканне, расколванне, сціранне, удар, іх камбінацыі. Пры неабходнасці адзін і той жа спосаб можа выкарыстоўвацца некалькі разоў. Пры Д. атрымліваюць прадукты з памерам часціц больш за 5 мм (працэс атрымання больш дробных матэрыялаў наз.здрабненнем або памолам).
Спосабы драблення: 1 — расцісканне; 2 — расколванне; 3 — сціранне; 4, 5 — удары.Схемы драблення: а — аднаступеньчаты цыкл; б — многаступеньчаты цыкл; 1 — матэрыял; 2 — грохат; 3 — буйныя фракцыі пасля грохата; 4 — конусная драбілка; 5 — фракцыі пасля драблення; 6 — дробныя фракцыі, адсартаваныя грохатам; 7 — шчокавая драбілка.