ТАРА́Н,

прыём, які выкарыстоўваўся ў паветр., танк. і марскім баях. Паветр. Т. — удар фюзеляжам, крылом або лопасцямі вінта самалёта ў паветр. баі па самалёце праціўніка. Першы паветр. Т. здзейсніў рас. лётчык П.М.Несцераў у 1-ю сусв. вайну. У першы дзень Вял. Айч. вайны лётчык-знішчальнік П.​С.​Рабцаў тараніў ням. самалёт у небе над Брэстам. Начны Т. упершыню здзейсніў лётчык-знішчальнік В.В.Талаліхін на подступах да Масквы (жн. 1941). Беларус Б.І.Коўзан стаў адзіным у свеце лётчыкам, які тараніў 4 самалёты праціўніка. У гады 2-й сусв. вайны лётчыкі наносілі таксама таранныя ўдары па варожых караблях, калонах з тэхнікай (напр., подзвіг экіпажа самалёта М.Ф.Гастэлы і інш.). Танкавы Т. — удар корпусам танка па борце або карме танка (бронемашыны) праціўніка. Прымяняўся ў выключных выпадках, калі не было магчымасці інш. спосабам знішчыць танк праціўніка. Марскі Т. (таранны ўдар) — удар спец. выступам насавой падводнай часткі карабля (таранам) у борт варожага карабля з мэтай яго затаплення. Выкарыстоўваўся ў вяслярным, ветразева-вяслярным, пазней (у 2-й пал. 19 ст.) у браняносным флоце; у 20 ст. — зрэдку надводнымі караблямі супраць падводных лодак і інш.

С.​В.​Папоў.

т. 15, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)