АГАФО́КЛ

(каля 361—289 да н.э.),

тыран у Сіракузах (з 316) і Сіцыліі. Вызначыўся на вайск. службе. З дапамогай войска і свабодных беднякоў скінуў алігархію і быў абвешчаны палкаводцам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Адваяваў у Карфагена амаль усе грэч. гарады Сіцыліі, в-аў Керкіра (Корфу). Каля 305 прыняў тытул «цара сіцылійцаў». Памёр у час паходу ў Паўд. Італію.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЕРО́Н I

(грэч. Hierōn) Старэйшы (?, г. Катанія, Італія — 467 да н.э.),

правіцель г. Гела ў Сіцыліі ў 484—478, тыран у Сіракузах у 478—467 да н.э. Разграміў у 474 флот этрускаў каля г. Кум, падпарадкаваў гарады Пд Італіі Месана, Рэгій і інш. Пры ім Сіракузская дзяржава дасягнула росквіту. Спрыяў мастацтву, пры яго двары тварылі філосафы і паэты Эпіхарм, Сіманід, Бакхілід, Піндар і інш.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЕРО́Н II

(грэч. Hierōn) Малодшы (каля 306 — каля 215 да н.э.),

тыран у Сіракузах (Сіцылія) каля 268 — каля 215 да н.э., насіў тытул цара. У 265 вёў паспяховую барацьбу з мамертынцамі (італьян. наёмнікі). У пач. 1-й Пунічнай вайны (264—241) падтрымліваў карфагенян, пасля асады Рымам Месаны і Сіракузаў заключыў у 263 мірны дагавор з Рымам, чым забяспечыў незалежнасць Сіракузаў. У 2-й Пунічнай вайне (218—201) выступаў на баку Рыма. Заахвочваў развіццё земляробства, рамёстваў, будаўніцтва.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬЕ ІНКЛА́Н

(Valle-Inclán) Рамон Марыя дэль (28.10.1866, Вільянуэва-дэ-Ароса, прав. Пантэведра, Іспанія — 5.1.1936),

іспанскі пісьменнік. Прадстаўнік «Пакалення 1898 года» (гл. ў арт. Іспанія, раздзел Літаратура). Ранняя творчасць (цыкл аповесцей «Санаты», ч. 1—4, 1902—05) пад уплывам лац.-амер. мадэрнізму і франц. дэкадансу. Пазнейшыя творы адметныя ўвагай да фальклору і гісторыі роднай Галісіі: трылогія «Карлісцкая вайна» (1908—09), драм. цыкл. «Варварскія камедыі» (1907—22). У 1920-я г. працаваў над «эсперпента» — драм. жанрам, які папярэднічаў сюррэалізму і т-ру абсурду (блізкі да трагіфарса). У п’есах «Рогі дона Ахінеі» (1921), «Убранне нябожчыка» (1926) і інш. праз гратэск, абагульненасць вобразаў і парадзіраванне штампаў класічнай л-ры высмеяў афіц. ідэалогію і косны быт правінцыяльнай Іспаніі. Аналіз феномена ваен. дыктатуры лац.-амер. тыпу ў рамане-памфлеце «Тыран Бандэрас» (1926). Аўтар няскончанай гіст. трылогіі «Арэна Іберыйскага цырка» (т. 1—2, 1927—28, т. 3, выд. 1958). Зб-кі вершаў «Водар легенды» (1907), «Люлька гашышу» (1919) і інш. ў цэлым вытрыманы ў стылістыцы лац.-амер. мадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Сонаты. М.; Л., 1966;

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1986.

Літ.:

Тертерян И. Испытание историей: Очерки исп. лит. XX в. М., 1973.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)