ПІСІСТРА́Т (Peisistratos; каля 600—527 да н.э.),
афінскі тыран у 560—527 да н.э. (з перапынкамі). Вызначыўся перамогамі ў 565 да н.э. ў вайне з Мегарай. Праводзіў палітыку ў інтарэсах сялян і гандл.-рамесніцкага насельніцтва; раздаваў сял. беднаце канфіскаваную ў эўпатрыдаў зямлю, арганізаваў дзярж. крэдыт на льготных умовах, увёў дзярж. дапамогу інвалідам вайны. Пры П. ўмацаваліся гандл. сувязі Афін з Фракіяй і Прычарнамор’ем, агульнадзярж. значэнне набылі культы Дэметры і Дыяніса; у Афінах пабудаваны храмы Афіны Палады і Апалона Піфейскага на Акропалі, новы рынак, водаправод, якім карысталіся да 18 ст., працягвалася будаўніцтва гавані Пірэй; былі запісаны і адрэдагаваны паэмы Гамера. З імем П. звязана ўзнікненне першага ў Грэцыі тэатра.
т. 12, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)