Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМЕ́ЦЫІ (Paramecium),
туфелькі, род прасцейшых атр. роўнараснічных (або плёначнаротых) тыпу інфузорый. Каля 20 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у прэсных, радзей у саланаватых водах. Найб. вядомыя бурсарыя (P. bursaria), туфелька залацістая (P. aurelia), туфелька хвастатая (P. caudatum). Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Для бурсарыі характэрны ўнутрыклетачны сімбіёз з аднаклетачнымі зялёнымі водарасцямі — зоахларэламі.
Даўж. да 0,3 мм. Цела падоўжана-авальнае, мае 3-слаёвую абалонку (пелікула). Раснічкі (10—15 тыс.) размеркаваны раўнамерна. У эктаплазме размешчаны трыхацысты (для абароны і нападу), у эндаплазме — ядры (макра- і мікрануклеусы), скарачальныя і стрававальныя вакуолі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Бясполае размнажэнне (дзяленне) чаргуецца з палавым працэсам (кан’югацыя). Выкарыстоўваюць ў біяхім., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях; корм для рыб. Іл.гл. да арт.Інфузорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФУЗО́РЫІ (Infusoria, або Ciliophora),
тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.
Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл.Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.