ПАРАМЕ́ЦЫІ (Paramecium),
туфелькі, род прасцейшых атр. роўнараснічных (або плёначнаротых) тыпу інфузорый. Каля 20 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у прэсных, радзей у саланаватых водах. Найб. вядомыя бурсарыя (P. bursaria), туфелька залацістая (P. aurelia), туфелька хвастатая (P. caudatum). Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Для бурсарыі характэрны ўнутрыклетачны сімбіёз з аднаклетачнымі зялёнымі водарасцямі — зоахларэламі.
Даўж. да 0,3 мм. Цела падоўжана-авальнае, мае 3-слаёвую абалонку (пелікула). Раснічкі (10—15 тыс.) размеркаваны раўнамерна. У эктаплазме размешчаны трыхацысты (для абароны і нападу), у эндаплазме — ядры (макра- і мікрануклеусы), скарачальныя і стрававальныя вакуолі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Бясполае размнажэнне (дзяленне) чаргуецца з палавым працэсам (кан’югацыя). Выкарыстоўваюць ў біяхім., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях; корм для рыб. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)