ІНФУЗО́РЫІ (Infusoria, або Ciliophora),

тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.

Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл. Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.

Э.​Р.​Самусенка.

Інфузорыі; 1 — туфелька; 2 — іхтыяфтырыус; 3 — сувойка; 4 — кампанела (участак калоніі); 5 — трыхадзіна; 6 — балантыдый.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)