БУ́ЛЬЧЫК (Сяргей Сцяпанавіч) (23.11.1909, Мінск — 24.1.1996),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю БДТ-1 (1938). Працаваў у т-рах: Заслаўскім калгасна-саўгасным (з 1938), Пінскім (1939—41 і з 1947), Магілёўскім (1954—87) абласных драматычных. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго работы вызначаліся глыбокім псіхалагізмам, выразным вонкавым малюнкам, трапнымі дэталямі: Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Крыніцкі («Паўлінка» Я.Купалы), дзед Бадыль, Гудовіч, Туляга («Партызаны», «З народам», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Шкаляр («Несцерка» В.Вольскага), Духонін («Гады навальнічныя» К.Губарэвіча), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Кутузаў («Даўным-даўно» А.Гладкова), Баптыста («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні) і інш.

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІНАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 6.5.1920, г. Казань, Татарстан),

бел. акцёр. Засл. арт. Літвы (1955). Нар арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю пры Троіцкім драм. т-ры Чэлябінскай вобл. (1938). З 1936 працаваў у тэатрах Літвы, Малдовы і інш. У 1959—89 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Для творчасці Л. характэрны багацце псіхал. фарбаў, шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Працаваў у розных сцэн. жанрах. Сярод роляў: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Тарасаў («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Каравай і Пракусаў («Таблетку пад язык» і «Верачка» А.Макаёнка), Круціцкі («На ўсякага мудраца даволі прастаты» А.Астроўскага), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Роберт («Вучань д’ябла» Б.Шоу), дон Хераніма («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Марозаў («Вернасць» В.Бергольц), Капітон Ягоравіч («Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева), Навум Еўсцігнеевіч і Лысы («Характары» і «Энергічныя людзі» В.Шукшына), Сава Марозаў («Трэцяя варта» Г.Капралава і С.Туманава), Сталін («Дзеці Арбата» паводле А.Рыбакова) і інш.

Р.М.Бакіевіч.

А.К.Логінаў.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.В.Сабалеўскі.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)